Беларускі таксіст у Беластоку — пра нюансы працы, прэтэнзіі пасажыраў і заробкі
Дзяніс разам з жонкай і двума дзецьмі з восені 2020 года жыве ў Беластоку. За гэты час мужчыне даводзілася працаваць на розных працах: ад будоўлі да склада інтэрнэт-крамы. Апошнія некалькі месяцаў ён працуе ў таксі. Пра заробкі польскіх таксістаў, тонкасці працы і планы пачаць працаваць на сябе Дзяніс распавёў «Наша Ніве».
Хадзіў на пратэсты, быў затрыманы
З Беларусі Дзяніс з’ехаў праз боязь крымінальнага пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту. На пачатку лістапада будзе тры гады, як ён жыве ў Польшчы.
«Мяне затрымалі вечарам 10 жніўня на ганку гродзенскага драматычнага тэатра. Суддзя дала мне 5 сутак арышту, але цалкам адбыць тэрмін не атрымалася, бо 14 жніўня мяне і іншых затрыманых выпусцілі без якіх-небудзь тлумачэнняў, таму ў мяне засталіся яшчэ суткі і 6 гадзін арышту», — згадвае Дзяніс.
У Беларусі мужчына працягваў браць удзел у акцыях. Таксама ён зняў пабоі, якія атрымаў пры затрыманні, і напісаў скаргу ў СК. Раздабыў відэа свайго затрымання і наняў адваката.
А калі бліжэй да канца кастрычніка зразумеў, што на яго хочуць завесці крыміналку, то разам з сям’ёй уцёк у Польшчу.
500 еўра за арэнду аўто
Нягледзячы на тое, што ў яго ёсць вышэйшая адукацыя і досвед працы ў школе і банку, у Польшчы Дзянісу давялося працаваць фізічна.
Мужчына працаваў рознарабочым на будоўлі, рабочым на складзе інтэрнэт-крамы.
У ліпені бягучага года Дзянісу прапанавалі паспрабаваць сябе ў таксі. З таго часу ён працуе на арэнднай машыне, але ўжо набыў сваю і цяпер рыхтуе яе для працы.
За арэнду Toyota Prius ён плаціць 2200 злотых на месяц, гэта каля 500 еўра. Сярод іншых выдаткаў — паліва, а таксама працэнт Bolt і фірме-пракладцы, якая мусіць быць паміж кіроўцам і платформай.
У працоўны дзень ён накручвае па Беластоку і ваколіцах па 250-300 кіламетраў. У пятніцы і суботы выходзіць каля 400. Па словах Дзяніса, у пікавыя гадзіны пятніцы і суботы заказаў настолькі шмат, што можна працаваць не спыняючыся.
Колькі можна зарабляць у таксі?
Сабе мужчына таксама набыў Toyota Prius. За аўтамабіль выклаў 3100 еўра, яшчэ тысячу на рэнавацыю батарэі, замену тэхнічных вадкасцяў і іншыя расходнікі. Каб машына была цалкам гатовая да працы ў таксі, ён плануе інвеставаць у яе яшчэ каля тысячы еўра. Такім чынам гатовы да працы Prius выйдзе яму ў суму каля пяці тысяч еўра.
Дзяніс падлічыў, што калі ён будзе працаваць на ўласным аўто, то яго чысты месячны заробак будзе складаць каля 1250-1350 еўра.
Суразмоўца адзначае, што ў Беластоку цяпер жыве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Па ягоных назіраннях, у працоўныя дні да 30% пасажыраў — мігранты. А вось у выходныя таксі ў асноўным карыстаюцца толькі палякі.
«Адкуль чалавек, можна ўбачыць праз праграму. Калі ў профілі пасажыра запісана «Белосток», то гэта будуць людзі, у якіх тэлефон на рускай, а калі «Білосток», то гэта дакладна ўкраінцы. Таксама многіх бачна па імені», — тлумачыць Дзяніс.
«Часам даводзіцца праводзіць невялікі ўрок гісторыі»
Мужчына кажа, што, нягледзячы на тое, што ўжо тры гады жыве ў Польшчы і з’яўляецца палякам з нацыянальнасці, па-польску ён усё адно размаўляе з акцэнтам, таму пры размове пасажыры разумеюць, што ён не мясцовы. Гэта часам прыводзіць да непаразуменняў.
«Аднойчы за пятніцу-суботу з 10 вечара да гадзіны ночы амаль кожны кліент меў прэтэнзіі да майго акцэнту. На гэтай глебе аднойчы нават была невялікая перапалка», — прызнаецца Дзяніс.
«Часам даводзіцца праводзіць невялікі ўрок гісторыі, што ў розныя часы межы Польшчы былі рознымі, што ў Беларусі жыве каля 500 тысяч этнічных палякаў.
Але ёсць і такія, што ты гаворыш ім, што з нацыянальнасці таксама паляк, а яны ў адказ кажуць: не, які ты нафіг паляк. Яны сцвярджаюць, што ў Беларусі палякаў няма, там толькі беларусы і рускія.
Некаторым даводзіцца казаць, што калі б паляк прыехаў, напрыклад, з Амерыкі, то вы, напэўна, размаўлялі б з ім па-іншаму. І ўжо тады змяняецца тон размовы на больш зычлівы», — кажа Дзяніс.
Пры гэтым мужчына адзначае, што ў асноўным стаўленне да мігрантаў з боку палякаў станоўчае, бо ты працуеш і плаціш падаткі.
«Некаторыя цікавяцца, як нам Польшча, як нам тут жывецца. Негатыў звычайна калі і бывае, то выключна ад дарослых мужчын».
Аднойчы, кажа Дзяніс, пасажыр-паляк падумаў, што ён з Украіны, і таму пачаў выказваць прэтэнзіі і распавядаць яму гісторыі пра Валынскую разню.
«У некаторых палякаў да ўкраінцаў так і засталося не вельмі добрае стаўленне. Так, яны лічаць, што дапамагаць ім трэба ў тым ліку, каб вайны не было ў іх, але пэўныя гістарычныя і ўжо нават сучасныя прэтэнзіі да ўкраінцаў у часткі палякаў усё адно ёсць», — кажа Дзяніс.
У самога Дзяніса за чатыры месяцы працы не было канфліктаў з украінцамі праз тое, што ён з Беларусі.
«Галоўнае, што табе не трэба адпрошвацца ў начальніка»
У працы таксістам Дзянісу падабаецца вольны графік, адсутнасць начальніка і даволі годны ўзровень заробкаў.
«Да таго ж гэта прыемна псіхалагічна, ты сядаеш за стырно і галоўныя твае думкі — канцэнтрацыя на дарозе. Таксама прыемна, што калі табе раптам спатрэбіліся грошы, то ты можаш выйсці на лінію і за пару гадзін зарабіць свае 50-70 злотых (каля 10-15 еўра) наяўнымі.
І галоўнае, што табе не трэба адпрошвацца ў начальніка, калі табе неабходна вырашыць асабістыя справы, адвезці жонку, дзяцей ці схадзіць да доктара», — кажа Дзяніс.
Большасць кліентаў разлічваецца безнаяўна, таму асноўная частка грошай прыходзіць праз тыдзень. Таксама некаторыя пакідаюць чаявыя. Як гатоўкай, так і праз праграму.
«Чаявыя часцей пакідаюць мясцовыя, у асноўным у выходныя. Але і ў працоўныя дні бывае. Сумы розныя, бывае, і 10 злотых пакінуць. Часцей проста кажуць, што рэшты не трэба, калі там пару злотых застаецца», — распавядае суразмоўца.
Апроч працы ў таксі, Дзяніс працягвае наведваць акцыі беларусаў у Беластоку. А таксама вядзе некалькі праектаў у сацсетках.
Пра жыццё ў Польшчы з нуля, заробкі ў таксі і цікавыя выпадкі падчас працы Дзяніс актыўна распавядае ў сваім профілі ў інстаграме.
Чытайце таксама:
«Ісці весяліць 20-гадовую пару на вяселлі — ужо, напэўна, не». Былы папулярны радыёвядучы пайшоў у дальнабойнікі і не шкадуе
Каментары