Расійскія кампаніі, якія працуюць на беларускім рынку, усё часцей сталі аказвацца пад пільнай увагай мясцовых падатковых органаў. На трэнд звярнулі ўвагу дзелавыя выданні Расіі, піша Office Life.

Пасля правядзення падатковай праверкі расійскія кампаніі прызнаюць пастаяннымі прадстаўніцтвамі замежнай кампаніі ў Беларусі. На бізнэсы з такім статусам не распаўсюджваецца пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання ад 1995 года, пішуць расійскія «Ведомости». У гэтым выпадку кампаніі выстаўляюць для выплаты падатак на прыбытак і пеню, нягледзячы на тое, што гэты падатак ужо выплачаны ў Расіі.
Выданне адзначае, што такая практыка існавала і раней, аднак апошнім часам стала маштабавацца. У зоне рызыкі ўсе расійскія прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Як адзначае «Коммерсантъ», плацяжы і пені выстаўляюць для выплаты за 8-10 гадоў. Праверкі сталі насіць масавы характар з восені 2024 года, хоць ніякіх зменаў у заканадаўстве не было.
Таксама вядома, што ёсць выпадкі крымінальных спраў у дачыненні да расійскіх кампаній. Так, заснавальніку і гендырэктару смаленскай кампаніі «ПромСнаб» даналічылі падаткі і пеню ў рамках такой справы пачынаючы з 2011 года на суму больш за $800 тыс. Сам топ-менеджар арыштаваны, пішуць «Ведомости».
Каментары