Грамадства22

«Збіраць усе магчымыя доказы. Літаральна ўсе». Як беларусы атрымліваюць міжнародную абарону ў Польшчы

Усё больш беларусаў вымушаныя звяртацца па міжнародную абарону ў Польшчы. З забаронай выдаваць пашпарты за мяжой попыт на гэту працэдуру можа павялічыцца. Беларусы, якія ўжо прайшлі гэты шлях, падзяліліся сваім вопытам з выданнем Most (усе імёны ў тэксце змененыя).

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wesley Tingey / Unsplash

«Сабраў 50 розных доказаў, але важных з іх было максімум 15»

Юрый падаваўся на міжнародную абарону ў канцы сакавіка ў Варшаве. У Польшчы беларус знаходзіўся па студэнцкай візе.

«З дакументаў у мяне быў толькі пашпарт. Яго забралі і сказалі чакаць. Праз некаторы час да мяне падышоў перакладчык, і мы разам пачалі запаўняць базавыя даныя (імя і прозвішча, дату і месца нараджэння, імёны і прозвішчы бацькоў і гэтак далей). Пасля запаўнення дакументаў мы з перакладчыкам пайшлі да памежнай службы (яны знаходзяцца ў гэтым жа будынку па вул. Табарова, 33, толькі ў іншым кабінеце).

Памежная служба ўнесла мае даныя ў базу і паралельна задавала розныя пытанні: ці быў я затрыманы, ці знаходзіўся ў нейкіх арганізацыях, ці магу пераехаць у іншую частку краіны. Забралі мой пашпарт і далі часовае пасведчанне іншаземца.

Таксама трэба прынесці доказы таго, што табе ў Беларусі нешта пагражае. Калі ёсць — усё, што дапаможа інспектару зразумець сітуацыю: гэта могуць быць і здымкі, і пратаколы затрымання, і артыкулы. Асабіста я ніколі не быў затрыманы, але я быў валанцёрам, данаціў, пісаў у твітары. Усё, што ў мяне было, я раздрукаваў, падпісаў, што той ці іншы доказ азначае, і ўсё гэта аддаў».

Рашэння Юрый чакаў два месяцы і 20 дзён. Яму надалі статус дадатковай абароны.

«Падчас чакання рашэння і на працягу двух месяцаў пасля атрымання станоўчага адказу штомесяц выплачваюць каля 800 злотых. Акрамя гэтага, на працягу 60 дзён можна падаць дакументы на індывідуальную інтэграцыйную праграму (indywidualny program integracji) і атрымліваць нейкія грошы. Я падаўся на гэтую праграму ў жніўні, і мне сказалі, што чакаць прыйдзецца недзе паўгода.

Юрый кажа, што міжнародная абарона дае шмат пераваг: не трэба думаць пра легалізацыю свайго знаходжання ў Польшчы, ёсць доступ да рынку працы, да навучання ў ВНУ, можна наведваць іншыя краіны (акрамя Беларусі) і адкрываць свой бізнэс у Польшчы».

Усім, хто плануе падаваць дакументы на міжнародную абарону, Юрый раіць зрабіць гэта як мага хутчэй, бо ў хуткім часе адбудуцца парламенцкія выбары і невядома, як працэдура атрымання будзе праходзіць пасля. Цяпер, па яго словах, атрымаць дадатковую абарону не так складана. Таксама ён раіць збіраць усё, што толькі можна. У Юрыя было 50 розных доказаў, але важных з іх было максімум 15.

«Яшчэ хачу адзначыць, што калі вы жадаеце падавацца на міжнародную абарону менавіта ў Польшчы, то трэба згадаць, як вы заехалі ў краіну ў апошні раз. Гэта даволі важна.

Калі вы, напрыклад, заехалі праз Літву, то вас могуць запрасіць афармляць міжнародную абарону там. У такім выпадку лепш выехаць у краіну, якая не ўваходзіць у зону ЕС, і з яе заехаць у Польшчу», — лічыць ён.

«Памежнікі не хацелі прымаць заявы»

Вольга падавалася на міжнародную абарону на мяжы Польшчы і Беларусі ў канцы лістапада 2020 года.

«На той момант працэдуру атрымання міжнароднай абароны праходзіла невялікая колькасць людзей, таму памежнікі адразу не хацелі прымаць маю заяву, маўляў, калі свеціць турма — значыць, ёсць за што. Да таго ж я не мела аніякай візы».

Вольга распавядае, што на мяжы яна прабыла 10 гадзін. Адразу пасля прыняцця дакументаў беларуску адвялі ў залу чакання, дзе супрацоўніца памежнага камітэта Польшчы перыядычна падыходзіла да Вольгі, задавала пытанні і кожны раз прыносіла новую порцыю кавы.

«Праз некалькі гадзін у мяне пачаўся допыт. Распытвалі, дзе я была, куды я хадзіла, ці знаходзілася ў нейкіх палітычных партыях ці арганізацыях, колькі разоў перасякала мяжу за апошнія пяць гадоў і гэтак далей. На руках у мяне не было ніякіх доказаў, акрамя позвы ў пракуратуру, з-за якой я тэрмінова выехала на мяжу. У выніку мяне адправілі на ізаляцыю ў гатэль. А потым — у лагер для ўцекачоў».

Праз месяц знаходжання ў лагеры Вользе даслалі анкету з 30 пытаннямі. Яе патрэбна было запоўніць за два тыдні і выслаць у цэнтр у Белую Падляшскую.

«За гэты перыяд я падрыхтавалася і пазбірала доказы рэпрэсій, фотаздымкі з пратэстаў, артыкулы. Раздрукавала іх і выслала разам з анкетай. Праз пяць месяцаў атрымала станоўчы адказ: мне надалі статус міжнароднай абароны».

Дзякуючы гэтаму статусу Вольга змагла атрымаць карту часовага побыту (часовы ДНЖ) на два гады, дазвол на працу і магчымасць бясплатна вучыцца ў дзяржаўных універсітэтах. Адзіныя выдаткі, якія дзяўчына мела падчас працэдуры — 9,5 злотых — гэта аплата на пошце за ліст з дакументамі.

«Цяпер працэдура атрымання міжнароднай абароны значна прасцейшая і хутчэйшая. Можна падацца як у сваім горадзе, так і ў Варшаве.

Беларусам, якія збіраюцца падаваць дакументы на міжнародную абарону, я раю збіраць усе магчымыя доказы. Літаральна ўсе. Калі справа тычыцца вашых родных, сяброў, знаёмых, калі вы ведаеце альбо нават падазраяце, што па прыездзе ў Беларусь вам пагражае расправа — пераканайце ў гэтым польскую дзяржаву».

«Ідэальна мець дакумент, які дае дазвол на працу»

Міхаіл падаваў дакументы на атрыманне міжнароднай абароны ў верасні 2021 года на падставе таго, што быў падазраваным па «народным» артыкуле 342, частцы першай. У яго была гуманітарная віза.

«З дакументаў я падаваў свой пашпарт і ўсе доказы пераследу, якія меў: пастанову аб прызнанні мяне падазраваным, квіткі на аплату харчавання падчас адміністрацыйнага арышту. За падачу дакументаў я не плаціў ніякіх грошаў. Уся працэдура была вывераная: складанне дакументаў, апытанне, медагляд…»

Рашэння Міхаіл чакаў шэсць месяцаў. Яму надалі статус дадатковай абароны.

«Перавагі атрымання такога статусу, канешне, ёсць: любыя пытанні, звязаныя з дакументамі, не патрабуюць вяртання ў Беларусь ці звароту ў амбасаду; дазвол на жыхарства ніяк не залежыць ад працы, можна весці прадпрымальніцкую дзейнасць (JDG).

Ідэальна, калі падчас разглядання справы ў вас будзе які-небудзь дакумент, які дае права на доступ да рынку працы».

Каментары2

  • Прагматык
    22.09.2023
    "Можна падаць дакументы на індывідуальную інтэграцыйную праграму і атрымліваць нейкія грошы. Я падаўся на гэтую праграму ў жніўні, і мне сказалі, што чакаць прыйдзецца недзе паўгода". Дык а грошы будуць плаціць гэтыя паўгода?
  • Праходзіў працэдуру
    22.09.2023
    Прагматык , пасля атрыманьня Дэцызіі можна ўжо працаваць, і ў дадатак па Індывідуальнай Праграме Інтэграцыйнай будзе дапамога на працягу году з моманту напісаньня заявы з усімі дадаткамі (з копіяй карты побыту). 

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна2

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

Сібірак 66 дзён дрэйфаваў у Ахоцкім моры на лодцы: схуднеў на 50 кілаграмаў, страціў брата і пляменніка, але выжыў4

КНДР падарвала дарогі, што вядуць у Паўднёвую Карэю5

Доктар расказаў, каму трэба зараз рабіць прышчэпку ад кавіду

Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →