Мафіёзныя схемы і прывязанасць да Расіі. Як Нагорны Карабах стаў шэрай зонай армянскай палітыкі і што будзе цяпер
З пытаннямі, чаму Азербайджан пайшоў на такі крок менавіта цяпер, як капітуляцыя НКР паўплывае на пазіцыі Расіі ў рэгіёне і ці можна было пазбегнуць праліцця крыві, мы звярнуліся да палітолага і шматгадовага аўтара азербайджанскага выдання Caliber.az, які пагадзіўся на гутарку на ўмовах ананімнасці.
«Аперацыя магла быць завершана і ў 2020 годзе»
Суразмоўца адзначае, што ў таго, што адбылося цяпер, было адразу некалькі кантэкстаў.
«Азербайджан перш за ўсё паступова ўзмацняў ціск на сепаратыстаў і звужаў поле для манеўру. У прынцыпе аперацыя, накіраваная на скасаванне структураў карабахскіх сепаратыстаў, магла быць завершана і пасля ваеннага разгрому армянскага боку ў 2020 годзе, але тады гэта магло прынесці страты для міжнароднага іміджу Азербайджана.
Былі рызыкі, што аперацыя будзе сарваная праз умяшанне, скажам, Расіі або яна прынясе страты, якія будуць несувымерныя пастаўленым мэтам», — лічыць палітолаг.
Баку паступова аслабляў Нагорны Карабах: летась фактычна была страчана магчымасць для вывазу з Карабаха ў Арменію карысных выкапняў, пачалі сціскацца шляхі для ратацыі і забеспячэння войску.
Таму сілы Нагорнага Карабаха за гэты час былі фактычна аслабленыя ды сталі няздатныя чыніць супраціў.
«У апазіцыі ўплыў маюць і выразна прарасійскія сілы»
Эксперт кажа, што аперацыя 19 верасня проста стала кропкай у справе, якая фактычна была прадвызначаная яшчэ восенню 2020 года.
Палітолаг адзначае, што цягам гэтых трох гадоў у Ерэвана была магчымасць дамовіцца з Баку і атрымаць ад гэтага нейкія дадатковыя выгады, але Нікол Пашынян не наважыўся на гэты крок.
«Безумоўна, важную ролю адыгралі вынікі выбараў на мінулых выходных у армянскай сталіцы. Па іх стала зразумела, што партыя Пашыняна хоць і не губляе ўлады, але ўжо хістаецца», — мяркуе аўтар азербайджанскага рэсурсу.
Цяпер ім трэба дамаўляцца з апазіцыяй, а апазіцыйныя партыі акурат робяць стаўкі на рэваншысцкія настроі, даказваюць, што Карабах можна нейкім чынам утрымаць, пажадана з дапамогай заходніх вайскоўцаў.
У апазіцыі ўплыў маюць і выразна прарасійскія сілы, сярод іх партыя «Краіна для жыцця», якую выбудоўвае мультымільярдэр Рубен Варданян.
Пры гэтым аналітык мяркуе, што Злучаныя Штаты не былі схільныя ўцягвацца ў гэтую справу, бо гэта магло прыцягнуць за сабой праблемы з Турцыяй. Дый агулам, на яго думку, ЗША не бачылі для сабе карысці ад таго, што Карабах застаўся бы пад кантролем армян.
«Падключэнне ЗША магло б толькі стварыць праблемы для калектыўнага Захаду, а не прынесці нейкую стратэгічную карысць», — адзначае эксперт.
На яго думку, пры цяперашняй рэгіянальнай раскладцы ў Арменіі няма нейкіх унікальных стратэгічных пераваг, цікавых Захаду.
Суразмоўца мяркуе, што і само армянскае насельніцтва ў большасці сваёй не гатовае да вялікіх ахвяраванняў дзеля Карабаха.
«Нагорны Карабах з пачатку 1990-х стаў шэрай зонай і ў самой армянскай палітыцы. З ім асацыяваліся многія мафіёзныя схемы і прывязанасць да Расіі. Гэтая сітуацыя рабіла немагчымым для Арменіі выбраць больш збалансаваны курс, каб урэшце неяк развівацца ў рамках рэгіёна».
«Расія тут асабліва нічога не губляе»
Што тычыцца пазіцый Расіі ў рэгіёне, то, на думку аналітыка, сітуацыя з Нагорным Карабахам амаль ніяк не паўплывае на яго.
«Уплыў Расіі на Арменію быў страчаны, ужо калі Пашынян прыйшоў да ўлады. Сітуацыя з Карабахам можа толькі прыспешыць рух Пашыняна ў бок Захаду, а не змяніць нешта карэнным чынам, бо гэты рух і так быў вельмі сур’ёзным», — кажа эксперт.
Вяртаючыся да падзей канца 1980-х гадоў, з чаго і пачаўся гэты канфлікт, эксперт звяртае ўвагу, што сепаратысцкія ідэі былі сфармаваныя не толькі грамадствам у самой Арменіі.
«Яны набылі радыкальнае адценне пад уплывам армянскай дыяспары, а самі планы экспансіі былі рэалізаваныя з актыўным удзелам актывістаў АСАЛА і іншых радыкальных узброеных фармаванняў армянскіх нацыяналістаў за яе межамі», — мяркуе палітолаг.
«Расія, магчыма, неўзабаве выведзе сваіх вайскоўцаў»
Палітолаг лічыць, што, захапіўшы ў пачатку 90-х разам з аўтаномным рэгіёнам землі Азербайджана, Арменія апынулася ў геапалітычным тупіку.
«Бо не было ніякіх рэсурсаў, каб гэта ўтрымліваць, развіваць і нават засяляць гэтыя землі. Захопленыя тэрыторыі Азербайджана, за выняткам былой НКАВ, заставаліся амаль бязлюднымі, а сама НКАВ таксама была ў хранічным заняпадзе, адкуль толькі з’язджалі», — адзначае эксперт.
Палітолаг мяркуе, што пасля капітуляцыі Расія, магчыма, неўзабаве выведзе сваіх вайскоўцаў з гэтай тэрыторыі і з Арменіі, але гэта не будзе для яе нейкім ударам, бо гэтая прысутнасць ім асабліва нічога не давала.
«Гэта была дзіўная выспа вайсковай прысутнасці РФ на Паўднёвым Каўказе без нармальных шляхоў забеспячэння і без выразных стратэгічных задач. Таму нават проста падтрымліваць на плыву значную вайсковую прысутнасць у рэгіёне для Расіі было няпроста. І самае галоўнае — незразумела, дзеля чаго гэта рабіць.
Там не праходзяць нейкія міжнародныя камунікацыі, няма нейкіх важных карысных выкапняў. Затое гэта перашкаджала развіваць адносіны з куды больш стратэгічна важнымі дзяржавамі — Азербайджанам і Турцыяй. Таму і для самой РФ прысутнасць у Арменіі не мела асаблівага сэнсу. Гэта быў кавалак СССР, які застаўся там з часоў першага прэзідэнта Арменіі Лявона Тэр-Петрасяна, які распавядаў, што сам армянскі ўрад прасіў пакінуць расійскія войскі ў рэгіёне».
Чаму больш чым за тры дзесяцігоддзі бакі не змаглі знайсці кампрамісу?
«Сам перамоўны працэс, у тым ліку ў рамках т. зв. Мінскай групы АБСЕ, быў млявым і малазмястоўным: карабахскія сепаратысты ад пачатку не лічылі сабе часткай Азербайджана, іх тэрыторыя стала выконваць пэўныя выгодныя армянскім элітам функцыі чорнай дзіркі, дзе рабіліся дзіўныя справы, знікалі грошы ці, наадварот, адкуль можна было ўзяць сілы, каб узяць і трымаць уладу ў Ерэване.
Плюс армянскі бок практычна да канца трымаўся за ўсе захопленыя тэрыторыі, а не толькі за колішні аўтаномны рэгіён НКАВ. Прасторы для перамоў там было няшмат», — кажа эксперт.
Тым не менш, эксперт упэўнены, што канфлікт паміж краінамі не скончыцца на Карабаху. Ён проста пяройдзе на тэму, якім чынам можна аднавіць транспартнае і камунікацыйнае адзінства рэгіёну, праз аднаўленне шляхоў зносінаў, якія некалі ішлі праз тэрыторыю Арменіі ў Азербайджан і з яго.
«Азербайджан складаецца з дзвюх асобных частак, бо на захадзе, «за Арменіяй», у яго ёсць Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка, камунікацыя з якой цяпер ідзе не карацейшым і зручнейшым шляхам праз Арменію, а праз Турцыю і Іран.
Азербайджан хацеў бы палепшыць камунікацыю паміж гэтымі часткамі сваёй тэрыторыі. І гэта магчыма надзейна зрабіць, толькі аднавіўшы адзінства рэгіёна і шляхі зносінаў паміж большай часткай Азербайджана і НАР».
Палітолаг лічыць, што праблема так званай «гістарычнай варожасці» паміж якімі-кольвек народамі — надуманая і эксплуатаваная палітыкамі дзеля пэўных мэтаў, што не маюць дачынення да інтарэсаў народаў і паспалітых людзей.
«Гэта датычыць і Арменіі з Азербайджанам. Большую частку часу народы абедзвюх краін жылі побач, а армянскае насельніцтва ў дамадэрны час паспяхова жыло ў складзе ці побач з цюркскімі, арабскімі, іранскімі дзяржавамі, а Паўднёвы Каўказ традыцыйна быў шматэтнічным рэгіёнам ад Каспійскага да Чорнага мора, са змяшаным насельніцтвам».
Чытайце таксама:
Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць
Беларуска расказала, што адбываецца ў Ерэване пасля капітуляцыі Нагорнага Карабаха
Каментары
Галоўная праблема вырашэння карабахскай праблемы ў тым, што з часоў прыхода да ўлады Пашыняна Арменія зноў стала дэмакратычнай краінай, ў тый час як пасля адстаўкі презыдэнта Эльчыбея ў пачатку 90х Азербайджан застаецца спадчыннай аўтакратыяй з моцным ксенафобным тварам, а азербайджанскія ўлады неаднаразова даказвалі сваю здольнасць да правакацый. Апошні прыклад - перакрыццё лачынскага калідора невядома адкуль ўзніклымі азербайджанскімі ... эколагамі, якія для NDA аўтарытарнай краіны дзейнічалі нязвычайна рашуча. У самім Азербайджане яшчэ ў 2013 годзе ў школах былі ўведзены урокі "патрыятызму", якія па сутнасці ўяўляюць з сабе мерапрыемствы па прапагандзе ксенафобіі і мілітарызму. Таму пуцін са сваімі "разговорами о главном" быў далёка ня першым, а асцярогі армянскага насельніцтва Карабаху на конт этнічных чыстак маюць рацыю.
Але ў меня няма аніякіх сімпатый да прарасейскага кіраўніцтва г.з. НКР, і вельмі доўга іх не было да спара Пашыняна, чыя прысутнасць ў жандарскім клубе пастсавецкіх дыктатараў пад назвай АДКБ выглядала вельмі абуральна. Ў Арменіі не было аніякіх правоў на Арцах акрамя г.з. пачуцця "гістарычнай справядлівасці", і праблему сыхода з Карабаху трэба было вырашаць як мага хутчэй, пакуль заставаліся шансы атрымаць ад Азербайджану кампенсацыі для ўладкавання карабхскіх рэлакантаў у Арменію. Цяпер, калі вяртанне Карабаху ў Азербайджан адбываецца ва ўмовах рашучай ваеннай перамогі Азербайджану - шансы атрымаць нешта ад Азербайджану на релакацыю ў даволі бедную Арменію выглядаюць вельмі нізкімі.