«Небаракі» Ёргаса Ланцімаса атрымалі «Залатога льва» на Венецыянскім кінафестывалі
«Гэта кіно з'едліва смешнае, бязглуздае і эксцэнтрычнае, у ім столькі ўсяго, што любыя спробы прааналізаваць гэта будуць выглядаць жаласна», — піша Раян Латанцыа для IndieWire. На 80-м Венецыянскім кінафестывалі адбылася прэм'ера «Небаракаў» («Poor Things») рэжысёра Ёргаса Ланцімаса («Лобстар», «Фаварытка»). Фільм атрымаў 10-хвілінныя авацыі пасля паказу, і яго ўжо называюць «жывой класікай».
Крытыкі высока ацанілі візуальнае афармленне фільма, ігру і абсурдысцкі гумар.
Стужка заснаваная на аднайменным рамане пісьменніка Аласдэра Грэя — патрыярха шатландскага постмадэрнізму. Перад смерцю аўтар дазволіў грэцкаму рэжысёру Ланцімасу, чыю творчасць высока цаніў, адаптаваць сваю кнігу для кіно.
Камічны твор Грэя 1992 года высмейвае супярэчлівую заклапочанасць віктарыянскай Брытаніі прыстойнасцю і гратэскнымі паводзінамі. У адаптацыі, вернай вар'яцкаму гумару і адчуванню цялеснага жаху, перададзенаму ў рамане, Лантымас і сцэнарыст Тоні Мак-Намара (чыя юрлівая дасціпнасць была неад'емнай часткай поспеху іх папярэдняга супрацоўніцтва ў фільме «Фаварытка») захавалі таксама глыбокія філасофскія пытанні, якія ёсць у творы. Што робіць чалавека чалавекам? Хто можа даць жыццё і адабраць яго? Ці з'яўляюцца паводзіны дарослых усяго толькі вывучаным падаўленнем уласных жаданняў? І як, урэшце, выпечку робяць такой хрумсткай?
Па сутнасці, гэта гісторыя Франкенштэйна, у якой монстр — гэта далікатная прыгожая Бэла (Эма Стоўн). Яе стваральнік — Годвін (Уільям Дэфо), пустэльнік са шнарамі на твары і геній хірургіі, якога яна трапна і пяшчотна называе богам. Ён ажыўляе жанчыну-самазабойцу тым, што перасаджвае ёй мозг яе ненароджанага немаўляці. Толькі тры чалавекі наогул ведаюць пра існаванне Бэлы: Годвін, яго хатняя прыслужніца місіс Прым і Макс Мак-Кэндлес — дапытлівы малады студэнт-медык, якога Годвін бярэ на працу памочнікам.
Макса адразу ж зачароўвае Бэла — дарослая жанчына, якая размаўляе, рухаецца і разважае як дзіця: стукае па піяніна ў гасцінай, шпурляе яму ў твар свой сняданак і пры гэтым увесь час балбоча нешта неразборлівае. Ён мяркуе, што ў яе рэдкае псіхічнае захворванне, але Годвін пераконвае, што яна проста расце. Вядома ж, так яно і ёсць: яе слоўны запас павялічваецца на 15 слоў у дзень, а мысленне становіцца ўсё больш ясным. Аднойчы яна выяўляе, што знаходзіцца ў яе паміж ног і як прыемна да гэтага дакранацца. Калі ёй кажуць, што яна не можа абмяркоўваць такія рэчы публічна, Бэла здзіўляецца: як хтосьці можа прыкінуцца, што такога лёгкадаступнага задавальнення не існуе?
Для лагоднага адурманенага Макса нешчаслівым паваротам будзе тое, што Бэла сустракае Дункана Уэдэрберна — хвацкага, геданічнага адваката, які кажа жанчыне, што «ветлівае грамадства разбурае душу», а потым абяцае выкрасці яе, забраць у падарожжа і даць ёй увесь сэкс, які яна хоча. Ад такой прапановы немагчыма адмовіцца.
Напышлівае абаянне Уэдэрберна можа надакучыць за некалькі дзён, але віды і гукі Лісабона — першага прыпынку ў іх туры — не дакучаюць.
«Гулліва-эластычнае адчуванне часу ў фільме — прыкметнае адрозненне ад рамана з яго неўратычна запісанымі датамі і дэталямі — узмацняецца неверагоднай працай мастакоў-пастаноўшчыкаў, чые візуальныя арыенціры вагаюцца ад дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да ар-дэко, ад віктарыянскага стымпанку да раскошы Belle Epoque», — піша Variety. Такія гарады, як Лісабон, Парыж і Александрыя, становяцца магутнымі пародыямі на саміх сябе — менавіта такімі іх можа бачыць дзіця, калі гартае кніжку з рознакаляровымі малюнкамі. Вытанчаныя касцюмы таксама не прывязаныя да рэальнасці: цяжкія, высокія падплечнікі і велізарныя каўняры, як быццам з узбітых вяршкоў — усё агрэсіўна кантрасных адценняў.
Як адзначае Hollywood Reporter, фільм Ёргаса Ланцімаса — гэта «па-вар’яцку захапляльная казка, якая стварае не адзін, а адразу некалькі самабытных светаў, кожны з якіх выглядае як твор мастацтва і населены запамінальнымі персанажамі, сыгранымі першакласнымі акцёрамі». Крытыкі называюць гэтую чорную камедыю найлепшай працай рэжысёра, а таксама прадказваюць узнагароды Эме Стоўн, якая выканала галоўную ролю.
У замежны пракат фільм выйдзе 8 снежня.
Чытайце таксама:
Заўтра на кінафестывалі ў Венецыі пакажуць «Зялёную мяжу» — фільм пра мігранцкі крызіс
Каментары