Кіно55

10 перспектыўных серыялаў гэтай восені

Забойствы, містыка, гістарычныя драмы і сатыра — найбліжэйшыя тры месяцы вам дакладна будзе што паглядзець з серыялаў. Сабралі спіс з дзесяці навінак гэтай восені. 

Мэл Гібсан у серыяле «Кантыненталь». Крыніца: кадр з афіцыйнага трэйлера

«Дарагое дзіця» (Liebes Kind), Netflix

Зусім хутка, 7 верасня, на стрымінгу выходзіць нямецкая шматсерыйка па кнізе-бестсэлеру Ромі Хаўсман. Гісторыя не з аптымістычных: гэта хутчэй аповед пра гвалт, расследаванне і страх ахвяры расказаць пра тое, што з ёй здарылася. Кадры трэйлера ўражваюць — будзе сапраўды вельмі змрочна.

Лена жыве ў поўнай ізаляцыі ў падвале дома незнаёмага мужчыны разам з двума дзецьмі Ханай і Джонатанам. Яны робяць усё, што скажа іх «гаспадар»: ядуць, наведваюць туалет і кладуцца спаць у строга вызначаны час, а калі ён заходзіць у пакой, выстройваюцца, каб паказаць свае рукі.

Аднойчы Лена і Хана збягаюць з палону, але трапляюць у аварыю. Лена ляжыць у бальніцы ў непрытомнасці, і толькі Хана можа адкрыць праўду пра тое, што з імі здарылася, але яна баіцца гэта зрабіць нават на волі.

«Падменец» (The Changeling), Apple TV+

Памятаеце моду на чырвоныя ніткі, што яшчэ некалькі гадоў таму дзеля забабонаў павязвалі на запясці? 8 верасня можна будзе пабачыць фантазію пра тое, куды гэтая прыкмета (і не толькі) можа завесці.

Апола Кагва жыве ў халодным тагасветным Нью-Ёрку і спрабуе звыкнуцца з новай роллю бацькі. Ягоная жонка Эма пачынае весці сябе эксцэнтрычна і ў рэшце рэшт знікае разам з маленькім сынам. З усёй гэтай гісторыяй неяк звязаная бабка-шаптуха з Бразіліі і чырвоная нітка на запясці Эмы, якую парваў яе муж. А ў працэсе пошукаў ён высветліць, што ягоная сям'я — зусім не такія, якімі ён іх сабе ўяўляў.

«Пустэча» (The Wilderness), Amazon Prime Video

15 верасня трымайце гісторыю пра падарожжа — адно з тых, якія могуць шмат змяніць. 

Здаецца, у брытанскай пары Ліў (цудоўная актрыса Джэна Коўлман з «Доктара Хто») і Уіла ўсё добра: іх шлюб стабільны, яны жывуць гламурным жыццём у Нью-Ёрку і ўсё яшчэ дастаткова маладыя, каб адчуваць, што наперадзе іх чакае шмат цікавага. Ідэальная карцінка разбураецца, калі дзяўчына даведваецца — Уіл ёй здрадзіў. 

У разбітым сэрцы зараджаецца гнеў. Уіл прапануе жонцы паездку па цудоўных нацыянальных парках Амерыкі, каб паспрабаваць пачаць усё нанова, аднак Ліў думае толькі пра помсту. 

«Кантыненталь» (The Continental), Peacock

22 верасня можна будзе пабачыць серыял-прыквел знакамітага «Джона Уіка» (таго самага, дзе герой Кіяну Рыўза — «дзіця Беларусі»). У гэты раз фільм абыдзецца без Кіяну, затое да акцёрскай каманды далучыўся Мэл Гібсан.

«Кантыненталь» — гэта сетка гатэляў, раскіданых па ўсім свеце, што служаць нейтральнай тэрыторыяй для прадстаўнікоў крымінальнага свету. Сярод іх частых наведнікаў — наёмныя забойцы.

У серыяле будзе ўсяго тры часткі. Гледзячы па трэйлеры, нас чакае багата трукаў, раскошы і пафасу — і, верагодна, шмат экшну.

«C*A*U*G*H*T», Stan

Гэты серыял, што выходзіць 28 верасня, трапіў у нашу падборку за смелую сатыру і часам некарэктны гумар. 

Гісторыя максімальна простая. Чатыры аўстралійскія салдаты едуць на місію ў спустошаную вайной краіну, дзе трапляюць у палон да змагароў за свабоду. Пасля беспаспяховай спробы растлумачыць, што яны не амерыканцы, ваякі мусяць зняцца ў відэа пра свой палон — і яно робіцца вірусным.

Гэтае відовішча стварае зорны акцёрскі склад на чале з Шонам Пэнам і С'юзан Сарандан. Не здзівімся, калі гэта будзе найлепшае кіно пра закладнікаў, што вы пабачыце ў жыцці.

«Урокі хіміі» (Lessons of Chemistry), Apple TV+

Калі вам спадабаўся той самы фільм «Барбі», 13 кастрычніка не праходзьце міма «Урокаў хіміі». Як і галоўны блакбастар гэтага года, серыял ад амерыканскай кампаніі — гумарыстычнае выказванне на тэмы жаночых праблем і фемінізму.

На двары пачатак 60-х, і таленавітая дзяўчына Элізабет Цот будуе кар'еру хіміка ў лабараторыі. Яна змагаецца са стэрэатыпамі пра тое, што месца жанчыны на кухні, але ў выніку туды і трапляе — бо з лабараторыі яе звальняюць, яна зацяжарвае і аказваецца без мужчынскай падтрымкі. Цот пачынае весці кулінарнае тэлешоу і бярэ на сябе задачу навучыць жанчын нашмат большаму, чым проста гатоўцы.

«Усё нябачнае нам святло» (All the Light We Cannot See), Netflix

2 лістапада Netflix выпускае гісторыю для фанатаў рамантыкі і фільмаў у стылістыцы «Дзённіка памяці». У дадатак да гэтага, нас чакае яшчэ і спроба аднавіць ваенныя рэаліі.

Пачатак 1940-х, акупаваная нацыстамі Францыя. Вайна пераплятае гісторыі сляпой дзяўчынкі-падлетка, якая ў спробе ўратавацца разам з бацькам едзе да мора, і нямецкага хлопчыка-сіраты. Атрымліваецца гісторыя і пра адносіны і пра тое, як людзі нават у складанейшыя часы спрабуюць быць добрымі адно да аднаго.

У ролі юнай францужанкі выступае насамрэч сляпая актрыса-дэбютантка, сярод зорак другога плану чакайце геніяльнага брытанца Х'ю Лоры. Будзе па-свойму маштабна.

«Піраткі» (The Buccaneers), Apple TV+

Крыніца: apple.com

8 лістапада гэты серыял адправіць нас у 1870-я, дзе некалькі маладых і заможных амерыканак спрабуюць знайсці ў Лондане нябеднага мужчыну. Для іх шлюб — толькі пачатак чароўных прыгодаў, што дазволяць ім скарыць цэлы свет.

Калі вы бачылі знакамітых «Брыджэртанаў», адзін з серыяльных хітоў апошніх гадоў, то «Піраткі» пададуцца вам нечым падобным. Гэта таксама гісторыя пра адносіны і інтрыгі сярод балаў, карсетаў і вышэйшага свету 19-га стагоддзя. Калі ў «Брыджэртанаў» атрымалася, чакаем і ад «Піратак» файнага выніку.

«Забойства на краі свету» (A Murder at the End of the World), FX / Hulu

Аматарам дэтэктываў гэтай восенню будзе на што паглядзець. 14 лістапада чакаем прэм'еру, знятую ў выдатных лакацыях — нездарма ж гэта пра злачынства на краі свету.

Дарбі Харт — дзяўчына, якая вельмі любіць расследваць злачынствы. Мільярдэр-пустэльнік запрашае яе разам з 11 іншымі гасцямі на адпачынак у аддаленым і вельмі прыгожым месцы. Калі аднаго з гасцей знаходзяць мёртвым, Дарбі мусіць разабрацца ў гісторыі і даказаць, што гэтае забойства звязанае з канкурэнцыяй інтарэсаў. На коне — іншыя жыцці, якія можа забраць злачынца.

Дарэчы, у ролі мільярдэра — зорны брытанец Клайв Оўэн, якога вы маглі бачыць у «Горадзе грахоў», «Ружовай пантэры» і «Дзіцяці чалавечым».

«Рэха» (Echo), Disney+ / Marvel

Крыніца: Disney+

29 лістапада нас чакае калабарацыя ад Disney+ і Marvel. Гэта працяг міні-серыяла 2021 года «Сакалінае вока», дзе пачалася гісторыя галоўнай гераіні «Рэха» Маі Лопез.

У гэты раз Мая мусіць сутыкнуцца са сваім мінулым, уз'яднацца са спадчынай уласных продкаў — карэнных амерыканцаў і ўсвядоміць для сябе значэнне сям'і і супольнасці, бо без усяго гэтага яна не здолее ісці наперад. На жаль, нічога больш дакладнага пра сюжэт мы не ведаем.

Сярод акцёраў фільма, акрамя выканаўцы галоўнай ролі Алаквы Кокс, ёсць і іншыя нашчадкі карэнных амерыканцаў. Сама Алаква — першая актрыса з інваліднасцю, якая грае галоўную ролю ў фільме Marvel: яна не чуе і жыве з пратэзам нагі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Улад
    03.09.2023
    Прывабныя фільмы! Будзем глядзець. 
    Але ж хочацца, каб у Беларусі восенню здарылася сваё кіно, жывое. І аптымістычнае у рэшце рэшт.
  • Адзіны Кандыдат ад Апазіцыі
    03.09.2023
    Выглядае як Мілінкевіч
  • девочка из детского дома
    04.09.2023
    Улад, якой восенню?
    мне абяцалі, што пазалеташняй
    цяпер абяцаюць, што зімой 

Лукашэнка стаў прадзедам6

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

Адзін са спарынг-партнёраў Лукашэнкі пазабаўляўся, даўшы інтэрв'ю нейрасетцы1

У Гомелі асудзілі ўкраінца і двух беларусаў за «агентурную дзейнасць» і «здраду дзяржаве». Летась пра іх паказвалі фільм

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам6

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →