Грамадства44

«Часам нас лічаць афіцыйнай тэхпадтрымкай Telegram». Стваральнік «Партызанскага тэлеграма» — аб праграме і бяспецы карыстальнікаў

Інтэрнэт-выданне «Люстэрка» на ўмовах ананімнасці паразмаўляла са стваральнікам «Партызанскага тэлеграма», які хаваецца пад нікам vivabelarus.

кібербяспека тэлеграм кибербезопасность Telegram cyber security

Як вялася распрацоўка «Партызанскага тэлеграма»

«Партызанскі тэлеграм», ці «П-тэлеграм» — гэта адаптаваны пад беларускія рэаліі Telegram.

Распрацоўшчык адзначае, што ў ім шмат налад бяспекі. Напрыклад, у карыстальніка ёсць магчымасць стварыць адразу два паролі для ўваходу. Адзін з іх дазваляе чытаць «экстрэмісцкія» каналы ці весці перапіску з актывістамі, а ўвод другога дазваляе гэтыя небяспечныя рэчы схаваць ці выдаліць.

Айцішнік згадвае, што ідэя стварыць «Партызанскі тэлеграм» да яго прыйшла, калі ён распрацоўваў праграму «П-СМС», якая дазваляе шыфраваць СМС-паведамленні. Гэта было вельмі актуальна падчас нядзельных маршаў 2020 года.

Паралельна ў верасні 2020 года з'явілася альтэрнатыва Telegram — праграма Postufgram. У ёй можна настроіць некалькі пароляў. Увод аднаго прыводзіць да адных дзеянняў, другога — да іншых.

Акрамя таго, паводле слоў распрацоўшчыка, выпадак з затрыманнем яго сябра падчас маршаў і яго аповед аб праверцы тэлефона навёў на думку аб стварэнні магчымасці адпраўкі СМС-паведамлення ў момант праверкі тэлефона сілавіком.

Субяседнік згадвае, што першая мінімальная версія «Партызанскага тэлеграма» з'явілася ў лістападзе 2020-га. Яна давала магчымасць адпраўкі СМС пры ўводзе пэўнага пароля.

Пра свае распрацоўкі — «П-тэлеграм» і «П-СМС», якія тады не мелі ніякай назвы, — хлопец напісаў у бот «Нехты» і «Кіберпартызанаў». Апошнія адгукнуліся і прапанавалі ў «П-тэлеграме» дадаць опцыю выдалення чатаў па код-паролі.

Гэтая ідэя, адзначае айцішнік, накіравала яго распрацоўку ў іншае рэчышча. У выніку новая праграма з'явілася ў студзені 2021 года.

Праца ў «Кіберпартызанах» і складанасці ў распрацоўцы

Хлопец згадвае, што паступова, без ніякіх праверак увайшоў у каманду «Кіберпартызанаў», дзе працягваў займацца двума сваімі прадуктамі. Вясной у яго з'явіўся памочнік, а летам 2021-га сталі набіраць тэсціроўшчыкаў. Работа працягваецца і сёння.

Акрамя ўдасканалення «П-тэлеграма» пад Android, вядзецца праца над версіяй пад iOS. Субяседнік адзначае, што кіруе групай, якая распрацоўвае праграму для ПК. Тут яны адкрытыя для ахвотных далучыцца да працы.

«П-тэлеграм» і сілавікі

Хлопец пагаджаецца з тым, што пра «П-тэлеграм» ведаюць як простыя людзі, так і супрацоўнікі сілавых структур.

«Пасля рэлізу праграмы на буйных тэлеграм-каналах было зразумела: пра яго даведаліся не толькі звычайныя людзі, але і частка сілавікоў. Напрыклад, кадэбэшнікі. А год таму, калі папрасілі падпісчыкаў падзяліцца водгукамі аб выкарыстанні «П-тэлеграма», высветлілася, што і шараговыя супрацоўнікі, тыя ж участковыя, пра яго чулі», —

распавядае айцішнік і адзначае, што калі звычайны ўчастковы можа і не адрозніць гэтую праграму ад звычайнага Telegram, то дасведчаны следчы хутка ўсё зразумее.

Па словах распрацоўшчыка, «чырвонай анучай», якая сігналізуе аб тым, што праграма «партызанская», з'яўляецца наяўнасць код-пароля. У звычайнай праграме ён таксама ёсць, але ім мала хто карыстаецца. Для таго, каб знізіць напружанне з боку сілавікоў, распрацоўшчыкі дадалі беспарольны рэжым.

Распаўсюджанасць «П-тэлеграма»

Хлопец гаворыць, што статыстыкі, якая дазволіла б даведацца аб распаўсюджанасці праграмы, амаль няма. Яе можна спампаваць як непасрэдна з тэлеграм-канала «Кіберпартызанаў», так і з партала github.com. У апошнім выпадку бачная колькасць спамповак розных версій. Найбольш папулярная — версія восені 2022-га. Яе спампавала больш за тры тысячы чалавек. Айцішнік думае, што з канала «Кіберпартызанаў» спамповак было нашмат болей.

Субяседнік сцвярджае, што праграма дастаткова папулярная ў расіян і крыху ва ўкраінцаў.

Ён згадвае пра выпадкі, калі «П-тэлеграм» дапамог людзям.

Так, адзін з карыстальнікаў з акупаванай тэрыторыі распавядаў, што быў у палоне і з дапамогай праграмы змог пераканаць расіян, што не кантактуе з Узброенымі сіламі Украіны.

Больш за ўсе распрацоўшчыку запомнілася гісторыя з беларусам, які спампаваў праграму, увёў адзін код-пароль і ніводнага лжывага і карыстаўся «П-тэлеграмам» як стандартным Telegram.

«Калі мужчыну затрымалі, сілавікі спрабавалі падабраць код-пароль, а потым зразумелі (праўда, незразумела як), што Telegram «партызанскі», плюнулі і не сталі капацца ў тэлефоне. У выніку чалавека пасля сутак адпусцілі дадому», — распавядае хлопец.

Але ёсць аповеды аб тым, што людзей білі, калі даведваліся, што ў іх «П-тэлеграм». Але, па словах айцішніка, няма інфармацыі, на падставе чаго сілавікі гэта зразумелі. Такія выпадкі яго напружваюць.

«Вельмі баюся нашкодзіць людзям. Але ўвогуле сітуацыі, што наша праграма камусьці неяк нашкодзіла, з'яўляюцца рэдка. Прычым часцей за ўсё гэта звязана не з сілавікамі, а з тым, што чалавек нешта не так настроіў і страціў, напрыклад, свае перапіскі», — распавядае хлопец.

Аб працы

У інтэрв'ю айцішнік сцвярджае, што пакуль не збіраецца пакідаць каманду «Кіберпартызанаў» і пакідае без каментароў пытанне аб тым, ці мае працу ў іншым месцы.

Ён не ўдзельнічае ва ўзломах, бо гэта для яго псіхалагічна складаней, чым нешта ствараць.

«Цяпер у мяне ёсць разуменне, што ў выпадку чаго за нейкія мае дзеянні мне пагражае менш адказнасці. Напрыклад, я ўпэўнены, што калі ў Беларусі зменіцца ўлада, да мяне не будзе пытанняў, бо я нічога супрацьпраўнага не рабіў (з пункту гледжання нармальнага заканадаўства). А хлопцы-хакеры хвалююцца, што іх нават паводле нармальных законаў могуць прызнаць злачынцамі», —

тлумачыць айцішнік і заўважае, што часам яму здаецца, што тыя, хто ўзломвае, па-сапраўднаму змагаюцца з рэжымам.

Пра камунікацыю з карыстальнікамі

Субяседнік «Люстэрка» — адзіны з «Кіберпартызанаў», які не хавае свайго акаўнта ў Telegram. Гэта ён тлумачыць неабходнасцю камунікаваць з карыстальнікамі «П-тэлеграма». Гэты акаўнт не з'яўляецца прыватным, а служыць для адказу на пытанні, якія тычацца праграмы і кібербяспекі.

Хлопец гаворыць, што ў «Кіберпартызанаў» ёсць бот тэхпадтрымкі, куды пішуць людзі з пытаннямі аб «Партызанскім тэлеграме». Па яго словах, дастаткова часта туды пішуць людзі, якія ўвогуле не ведаюць аб існаванні «П-тэлеграма». З нейкіх незразумелых прычын яны думаюць, што іх каманда — афіцыйная падтрымка Telegram.

Айцішнік мяркуе, што яму не пісалі сілавікі. А калі пісалі, то не прызналіся, кім яны ёсць.

Ён таксама сцвярджае, што каманда «Кіберпартызанаў» нават не спрабавала звязвацца з Паўлам Дуравым.

Планы

Айцішнік распавёў пра тое, што цяпер працуе над некалькімі новымі праектамі. Першы звязаны з жаданнем зрабіць «партызанскі» Element як больш бяспечную альтэрнатыву Telegram.

Другі праект звязаны са стварэннем робата — менеджара пароляў. «Ідэя ў тым, што было б крута, калі б чалавек не ведаў сваіх пароляў, яны захоўваліся б у воблаку, зашыфраваныя майстар-паролем. У такім выпадку пры затрыманні сілавікі ніяк не маглі б выбіць такую інфармацыю, бо чалавек сам яе не памятае. Для атрымання пароля трэба напісаць робату, падаць яму майстар-пароль, і толькі пасля гэтага можна атрымаць свой пароль ад Telegram. А калі замест сапраўднага майстар-пароля адправіць робату фэйкавы пароль, то база даных з паролямі выдаліцца. Іх даведацца ўжо ніяк не атрымаецца», —

распавядае падрабязнасці хлопец.

Субяседнік адзначае, што яму складана сказаць, чым ён зоймецца, калі ўсё скончыцца і можна будзе вярнуцца ў Беларусь. Магчыма, працягне займацца «П-тэлеграмам», бо дыктатарскіх рэжымаў у свеце хапае. Магчыма, далучыцца да іншых камандаў, якія распрацоўваюць падобныя праграмы для бяспекі звычайных людзей. А можа, кіне «ўвесь гэты актывізм» і будзе хадзіць на звычайную працу і жыць у сваё задавальненне.

Чытайце яшчэ:

Месенджары, камеры, жучкі. Як спецслужбы могуць праслухоўваць беларусаў і чаго асцерагацца?

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь 

Важна ведаць. Якім чынам рэпрэсіўныя органы дастаюць ужо выдаленую інфармацыю з Telegram і што можна з гэтым зрабіць?

Каментары4

  • Парады большае бяспекі
    24.08.2023
    Дзякуй за працу, шаноўны распрацоўшчык! Чакаем на Element ды P-Telegram для ПК. Але просьба зрабіць яго portable вэрсію, а не ўбудаваную ў Windows.

    А ўсім карыстальнікам раю мець розныя прылады для большай бяспекі. На асноўным смартфоне мець Telegram на якім няма нічога, што зацікавіць карнікаў, а на другім, добра схаваным ад вобшуку, і P-Telegram, і падпіскі на YouTube ды ўсё, што сэрцу міла. Вядома, другую прыладу з сабой не насіць і не вазіць праз мяжу, а карыстацца толькі ў бяспечным мейсцы.
  • Беларуский партизан
    24.08.2023
    Спасибо тебе, неизвестный герой! Твой продукт не раз выручал меня в опасных ситуациях. Ложный код-пароль творит чудеса.
  • Ананімнасьць у сетках
    24.08.2023
    Янка, цалкам згодны. Самы надзейны спосаб - зайшоў у сацсетку праз VPN у рэжыме інкогніта браўзэра, парабіў што трэба, ды вычысьціў ягоныя гісторыю ды кэш. Ніякіх сьлядоў на прыладзе не засталося й злавіць цябе ня могуць, бо няма да чаго прычапіцца.

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі22

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным2

Трамп прызначыў «цара» па пытаннях штучнага інтэлекту і крыптавалют4

Адбылося лёсаванне новага футбольнага турніру — Клубнага чэмпіянату свету1

У Беларусі працягнулі зямельную амністыю

Лаўроў: Расія спадзяецца, што сігнал ЗША па «Арэшніку» быў успрыняты сур'ёзна3

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны6

21-гадовую дзяўчыну з Баранавічаў судзяць па чатырох палітычных артыкулах9

Памёр расійскі акадэмік, які браў удзел у першым Чарнобыльскім шляху

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі22

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →