Tango T600: мікрааўто для двух чалавек.
Вонкава распрацоўка амерыканскіх аўтавытворцаў выглядае не вельмі. Tango T600 падобны да аўтамабіля, які разрэзалі напапалам. Самой ідэі ўжо болей за 40 гадоў.
Як заўважае аўтар ідэі, ён хацеў пачаць масавы выпуск двухмеснага аўтамабіля метровай шырыні, каб зрабіць рэвалюцыю ў паездках на працу ў Паўночнай Амерыцы. Падлічана, калі б толькі кожны 10-ы пасажыр у ЗША перасеў на такое аўто замест пікапа або ўседарожніка, многія мегазаторы ў гадзіну пік сталі б гісторыяй. Але ў той час ідэя не была рэалізаваная, бо не знайшлося спонсараў і інвестараў.
Першы аўтамабіль Tango T600 быў выпушчаны ў 2005 годзе, і яго атрымаў акцёр Джордж Клуні. Да 2008 года кампанія вырабіла ўсяго 10 аўтамабіляў, кожны з якіх быў прададзены ў сярэднім па 121 000 долараў. Рэкламная кампанія з удзелам Клуні выклікала значную цікавасць у сродках масавай інфармацыі. Аднак гэта не прывяло да ўкладання дамовы на прамысловую вытворчасць, у масавы продаж аўто так і не выйшла.
На працягу ўсёй гісторыі кампаніі Commuter Cars мела абмежаваныя фінансавыя рэсурсы. Кожны раз, калі яна атрымлівала прыбытак, інвеставала грошы ў даследаванні і вытворчыя магутнасці для сваіх будучых аўтамабіляў. Калі ў 2007 годзе ў кампаніі было дастаткова фінансавання, яна наняла восем працаўнікоў і магла вырабляць адзін аўтамабіль штомесяц.
Вытворца заяўляе, што T600 адпавядае патрабаванням бяспекі гоначных аўтамабіляў NASCAR і з'яўляецца самым бяспечным аўтамабілем у свеце. T600 манеўруе ў шчыльным патоку, як матацыкл, і можа выкарыстоўваць любы разрыў, каб рухацца наперад.
Ён нават можа праціснуцца паміж машынамі на дзвюх звычайных палосах. Здольны змясціць двух пасажыраў у тандэмным размяшчэнні сядзенняў, ён займае ўсяго чвэрць стандартнага парковачнага месца і можа паркавацца бокам.
Commuter Cars заяўляе, што цяжкая акумулятарная батарэя Tango і нізкі дарожны прасвет — 280 мм забяспечваюць устойлівасць і стабільную кіраванасць. Каля дзвюх трацін масы прататыпа ў 1400 кг прыпадае на батарэі, здвоеныя рухавікі і кантролер, усталяваныя ўнізе рамы. Commuter Cars заяўляе, што серыйныя мадэлі важылі б менш, ад 1000 да 1130 кг. Рух забяспечваецца двума электрарухавікамі.
Commuter Cars адзначае, што ад звычайнай разеткі большую частку зараду можна атрымаць за гадзіну або поўную зарадку менш як за 3 гадзіны. З дапамогай вонкавай зараднай прылады на 200 ампер Tango можна зарадзіць да 80% прыкладна за 10 хвілін.
Заяўленая магутнасць аўтамабіля складае 600 к. с. Дальнасць ходу на свінцова-кіслых батарэях — да 128 км, на літый-іонных — 240 км. Да хуткасці ў 60 міляў (97 км) аўто разганяецца за 3,2 секунды. Максімальная хуткасць — 240 км за гадзіну.
На жаль, аўтамабіль не выйшаў у масавую вытворчасць. Таму цяпер яго кошт складае каля 300 тысяч долараў, і цікавасць да яго праяўляюць толькі калекцыянеры.
Чытайце яшчэ:
Беларускія красоверы ад «БелДжы» з'явіліся ў аўтасалонах. Па якой цане?
Каментары