Літаратура44

«Любы тэкст не ў вершаванай форме для мяне пакута». Паэтка Наста Кудасава расказала, як пачала пісаць, як піша і ці задаволеная сваімі творамі

Наста Кудасава адказала на падрабязныя пытанні часопіса «Дзеяслоў». Яна расказала пра творчасць, чытацкія ўпадабанні, «слоўныя» цяжкасці, задаволенасць творамі. І падзялілася меркаваннем пра сучаснасць і будучыню беларускай літаратуры.

Паэтка Наста Кудасава

— Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным «хросным бацькам»?

— Я заўжды любіла чытаць, гадоў з чатырох чытала апантана ўсё, што знаходзіла ў бібліятэках. Напэўна, гэта нейкая мая прыроджаная патрэба — успрымаць свет праз слова. Таму з ранняга дзяцінства я сама пачала пісаць, але нічога з тае пары не памятаю, дзіцячыя сшыткі з вершамі даўно спаліла, каб потым не саромецца іх, наўрад ці там было штосьці, вартае ўвагі. Назваць кагосьці «хросным бацькам» не наважуся. Усё ж пісаць я навучылася сама. Але сапраўды, у мяне на працягу ўсяго жыцця заўсёды знаходзіліся лю­дзі, якія мне дапамагалі і ўсяляк спрыялі, каб я працягвала пісаць. У гэтым я, безумоўна, шчаслівы творца.

— У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх «тэхнічных прыладаў» Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы «творчыя стымулятары»: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

— Нічога адметнага: вершы прыхо­дзяць у галаву, а я стараюся паспець іх запісаць, пакуль не выскачылі. Тэхнічна гэта можа быць аловак або ручка і любая паперчына, што трапілася пад руку. Потым стараюся ўсё з такіх паперак перанесці ў камп'ютар, каб яно не згубілася. Ніякіх стымулятараў не прызнаю катэгарычна, мяне яны толькі адцягваюць і падманваюць, лепей за ўсё дапамагае цішыня і некалькі гадзін вольнага часу сам-насам. Звычайна такія гадзіны здараюцца ў дарозе, калі едзеш, напрыклад, цягніком без сям’і, гэта ідэальны час засяродзіцца.

Я ўвогуле ранішні чалавек, на досвітку адчуваю сябе максімальна здарова і адэкватна, таму і пісаць люблю больш за ўсё ўранні. Начэй баюся і не давяраю іхнім відзежам, начамі ў мяне абвастраецца трывожнасць. Часам нешта і ўдзень пішацца, калі гэты дзень атрымалася вырваць у будзённай мітусні і схавацца ад усіх, але ранак гэта адназначна мой самы любімы час для творчасці. Што да крыніцаў натхнення, у мяне ўжо назбіралася ўнутры досыць шмат успамінаў, шмат нітачак болю ці любові, за якія варта толькі пацягнуць і тут жа патрэбны стан прыходзіць. Мне заўжды ёсць да чаго звярнуцца ў маёй памяці, каб адчуць натхненне, так што выдумляць і чакаць не даводзіцца. Наадварот, з гадамі мацнее адчуванне, што я раблюся суцэльным клубком з такіх нітачак натхнення, уразлівым, танкаскурым, аголеным, таму і пісаць цягне ўсё больш і больш.

— Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаяце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

— Звычайна шкілет верша прыхо­дзіць сам, незразумела адкуль. А я ўжо толькі дапрацоўваю дэталі, апранаю яго, аздабляю, выступаю рэдактарам для цуда. Спачатку гэта заўсёды рытм, пэўны вершаваны памер. Як толькі ўдаецца дакладна пачуць неабходны памер, літаральна ў 2-3 радках, тады звычайна астатні верш арганічна сам дапісваецца, сцелецца як радно. Калі нешта зусім не ідзе або ідзе пакутліва, то гэта амаль заўжды азначае няправільна абраны памер, недачуты. Тады варта пакруціць словы так, каб яны сталі ў патрэбнай паслядоўнасці, і верш цалкам увойдзе ў гэтую паслядоўнасць, як у патрэбны паз.

Наста Кудасава. Фота: акаўнт паэткі ў фэйсбуку

У слоўнікі я зазіраю пастаянна, вель­мі люблю іх чытаць, яшчэ са школь­ных гадоў я з’яўляюся фанатам усемагчымых слоўнікаў. Гэта таксама свайго роду крыніца натхнення. Часам нават не ведаю, што шукаю там, бывае, проста рандомна праглядаю старонкі slounik.org, каб раптам напаткаць акурат тое, чаго не хапала.

Да даведачнай літаратуры таксама нярэдка даводзіцца звяртацца, бо мне важна быць рэалістычнай, дакладнай.

Дапусцім, я напісала радкі: «рэкі, дзе лётаюць шпарка шчаслівыя карпы». Потым я іду ў інтэрнэт і вывучаю табліцу хуткасці рыб, а таксама арэал распаўсюджвання карпаў, бо мне важна ўпэўніцца, што пра карпаў можна напісаць «шпарка» і што яны сапраўды могуць жыць у рэках.

І так з усімі вершамі, стараюся спраўджваць інфармацыю, якая прыйшла мне ў галаву аднекуль, а не паддавацца адным эмоцыям. Таму напісанне нават невялікага васьмірадковага верша — гэта доўгі складаны працэс. Бо, апрача нябеснага паклікання, ёсць яшчэ праца чалавечага розуму, без яго нікуды. Потым трэба яшчэ кожнае слова шмат разоў прагаварыць уголас, пакруціць на языку, каб радок адшліфаваўся, не быў шурпатым, каб упэўніцца ў гладкасці і «дрыжыкавыклікальнасці» верша.

А бывае, наадварот, дапрацоўваеш верш так, каб ён быў не гладкім, а каструбаватым, коснаязыкім, цяжка вымаўляльным. Такі гукавы воблік мае сэнс, калі табе трэба перадаць стан дысгарманічны, няўтульны, ненармальны. Адмыслова падабраныя спалучэнні гукаў, алітэрацыі, асанансы вельмі важныя для паэзіі.

— Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных за­думаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

— Не перапісваю нанова ніколі, бо не магу ўжо вярнуцца ў той стан. Мне прасцей выкінуць верш цалкам, калі ён сумнеўнай якасці, чым перапісваць. Магу толькі адно-два словы замяніць, падрэдагаваць, калі ўгледжу відавочную памылку. Да думкі калегаў прыслухоўваюся, калі яны ўказваюць на недакладнасці або слабыя месцы. Звычайна адчуваю ўдзячнасць добрым людзям за якасную крытыку, але часцей застаюся пры сваім.

Спрыяюць мне, канечне ж, людзі, якія натхняюць, якімі хочацца захапляцца, ад якіх вырастаюць крылы. Вельмі шчасліваю пачуваюся, калі атрымліваю шчымлівыя водгукі ад удзячных чытачоў, гэта надае моцы. А перашкаджае руціна, неабходнасць быць сацыяльнай істотай. Я вельмі цяжка пераношу неабходнасць вылазіць са сваёй норкі вонкі і пражываць «нармальнае» штодзённае жыццё.

Увогуле, часцей я адчуваю, што гэта я ўсім перашкаджаю сваім існаваннем.

Паэт — нязручны чалавек, ён увесь час кудысьці знікае, як той алкаголік, што сыходзіць час ад часу ў запой і тады яму нішто немагчыма даверыць. Нараджэнне верша — гэта такі «запой», калі ты не выходзіш на працу, не адказваеш на званкі і паведамленні, бо адарвацца немагчыма, пакуль не дапішаш.

— Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

— З аднаго боку, я задаволеная ўсімі творамі, хаця б таму, што іх нараджэнне — заўжды цуд. Нават калі яны недасканалыя, я мушу быць удзячнай за тое, што я ў прынцыпе маю такі дар. І ў той жа час, канечне, я бачу шмат недасканаласцяў у напісаным.

Я, напрыклад, амаль не ўспрымаю сваіх ранніх вершаў, не разумею сябе ранейшую, нават раздражняюся часам. Але, напэўна, і гэтае раздражненне — неабходная ўмова для росту. Тым не менш, я не хацела б нічога змяніць у гэтым шляху, ён мой — такі як ёсць, нават калі на ім было шмат памылак. Мне вельмі падабаецца жыць, і чым старэйшаю раблюся, тым больш цікавым і асэнсаваным робіцца кожны мой дзень, хочацца ўхапіць кожную хвіліну з тых, што мне засталіся.

Безумоўна, мае вершы звязаныя з біяграфіяй, але падзеі ў жыцці — гэта толькі штуршок, намёк, таму я ні ў якім разе не ставіла б знаку роўнасці паміж тэкстамі і жыццём аўтара, нават калі ў вершы стаіць прысвячэнне. Гэта ўсё адно ў пэўным сэнсе гульня, абыгрыванне рэчаіснасці дзеля паэзіі.

Наста Кудасава. Фота: акаўнт паэткі ў Фэйсбук

— Ці ведзяце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: «Ні дня без радка»? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі «не пішацца», што вы робіце, дзе / у чым шукаеце натхненне?

— Я не ведаю, як гэта калі «не пішац­ца», калі «лянота». Не пішацца звычайна толькі таму, што даводзіцца працаваць шмат ці вырашаць побытавыя клопаты, і на творчасць не застаецца часу.

Пісаць жа немагчыма між іншым, паралельна са справамі. Паэзія патрабуе поўнай аддачы. На жаль, часцей бывае так, што яно «пішацца» нешта ў галаве, а я не магу сабе дазволіць спыніцца, засяродзіцца і запісаць, радкі знікаюць, збягаюць, забываюцца…

Наадварот, калі б можна было, я пісала б штодня. Я атрымліваю неперадавальную асалоду, калі магу нараджаць вершы, гэта мой сапраўдны допінг для жыцця.

Наста Кудасава. Фота: акаўнт паэткі ў Фэйсбук

Дзённікі ў традыцыйным сэнсе не вяду ўжо вельмі даўно. Але, магчыма, можна такімі лічыць допісы ў фэйсбуку. Часам узнікаюць думкі, што варта было б запісваць і больш дзеля захавання памяці, але ўсё ж такі мець справы з мовай мне нашмат прасцей у вершаванай форме, любыя празаічныя жанры даюцца мне надзвычай цяжка.

Каб напісаць літаральна абзац, мне можа спатрэбіцца гадзіна-дзве, а то і палова дня, і яшчэ некалькі дзён перад гэтым, каб яго абдумаць і вынасіць, таму гэта, відаць, не зусім маё. Любы тэкст не ў вершаванай форме для мяне пакута, многія гэтаму здзіўляюцца, калі даведваюцца.

— Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі — з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

— З беларускай паэзіі стараюся чытаць усё, што выходзіць новага, чытаю і маладых, і старэйшых калегаў. Мне блізкія вершы Антаніны Хатэнкі, Валянціны Аксак, Марыі Вайцяшонак, Андрэя Хадановіча, Юлі Цімафеевай і іншых. З сусветнай паэзіі па-ранейшаму асабліва шаную і перачытваю Марыну Цвятаеву. З нашай прозы хацелася б нарэшце перачытаць Караткевіча, Быкава, Брыля, але я цяпер зусім не маю часу на гэта і ад таго крыху сумую. З сучаснікаў мне даспадобы творчасць Макса Шчура і Андрэя Адамовіча, але я далёка не ўсё паспяваю чытаць з таго, што выходзіць новага ў беларускай прозе, таму не магу сабе дазволіць экспертна выказацца на гэтую тэму.

З замежнай літаратуры я перачытала б нанова «Школу для дураков» Сашы Сакалова і «Ночевала тучка золотая» Анатоля Прыстаўкіна, гэта адны з найважнейшых у маім жыцці кніг.

— Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

— Не хапае свабоды жыць і працаваць на сваёй зямлі на поўную сілу, не баючыся, не хаваючыся, не прыстасоўваючыся.

Мне не хапае палітычных і сацыяльных зменаў, каб наладзіць кніжнае, творчае жыццё ў краіне, каб болей друкавацца і сустракацца з чытачамі ў маленькіх гарадах і вёсках.

Наста Кудасава. Фота: акаўнт паэткі ў фэйсбуку

Няздзейсненых творчых планаў у мяне вельмі шмат, нават дзяліцца імі балюча, бо адчуваю, як паступова згасае патэнцыял. Таму і пра будучыню загадваць ужо баюся.

Астатняе ў беларускай літаратуры ўсё ёсць, яна надзвычай раскошная і разнастайная сёння, багатая на тэмы, формы і таленты. Бывае, часам у сучасных літаратурных творах я не бачу грунтоўнасці, глыбіні, патрабавальнасці да сябе, працавітасці, усё як быццам наспех скроенае, але гэта, відаць, праблема наогул сучаснага сусветнага мастацтва, яна не толькі ў беларускай літаратуры мае праявы.

Тым, хто пачынае, пажадаю верыць сабе, не здраджваць унутранаму голасу, не старацца спадабацца ўсім і не чакаць ад творчасці выгодаў, бо ў першую чаргу пісаць — гэта прапускаць праз сябе жах усёй чалавечай гісторыі, быць чуйным да болю іншых штодня, штохвіліны, а гэта нялёгка, і акупляецца яно толькі шчасцем мець гэты дар.

Каментары4

  • Юзік
    25.07.2023
    А вось для мяне наадварот - любы рыфмаваны тэкст - бардзо ценжкі для успрымання:( хто з нас ненармальны?)
  • антижир
    26.07.2023
    почему нет комментов от влюбленного в ее т.н. поезие Жира?

    сдемс
  • психиарт
    26.07.2023
    Юзік, ніхто. або ўсе )
    проста кожнаму сваё

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары11

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрнэт-махляры перайшлі на зімовы асартымент

«У Беларусі было зразумела, што ўсе за адно» — новы ТОК з Ідракам Мірзалізадэ3

У калодзежы ў Смаргонскім раёне патанула 96-гадовая жанчына

Мінскі тэатр імя Горкага закрыўся на рамонт. Якім ён будзе пасля абнаўлення3

Страх пустой прасторы. Што яднае готыку і савецкі бабушатнік?13

Інтэрвальнае галаданне можа дапамагчы схуднець але не палепшыць здароўе — навукоўцы

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Ілан Маск вярнуў статус найбагацейшага чалавека ў свеце, пабіўшы ўласны рэкорд4

Ультраправая прыхільніца тэорый змоваў стане рэгуляваць урад ЗША25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары11

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →