Грамадства33

Мінскі тэатр імя Горкага закрыўся на рамонт. Якім ён будзе пасля абнаўлення

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага нядаўна закрыўся на рамонт. Працэс абнаўлення працягнецца не менш за паўтара года, піша «Мінск-Навіны». 

Экскурс у мінулае

Ці ведаеце вы, што раней у будынку цяперашняга тэатра на вул. Валадарскага, 5, размяшчалася харальная сінагога? Яна была пабудавана ў 1902—1906 гадах у маўрытанскім стылі па праекце невядомага архітэктара.

У 1923-м замест сінагогі тут размясціўся клуб, потым кінатэатр, потым Нацыянальны яўрэйскі тэатр БССР. Каб прыстасаваць аб'ект пад новую функцыю, была зроблена чатырохпавярховая прыбудова, дзе размясціліся адміністрацыйныя і вытворчыя службы, а таксама сцэна.

Пазней будынак перайшоў у карыстанне «Белдзяржкіно», і ў ім адкрыўся кінатэатр «Культура» — адзін з самых буйных у той час у Беларусі. Вядома, што менавіта на гэтай пляцоўцы ў свой час выступалі Уладзімір Маякоўскі, Леанід Уцёсаў, Сяргей Лемешаў і іншыя.

Рускі тэатр прапісаўся на вуліцы Валадарскага пасля вайны.

Патрабуецца абнаўленне

— Вялікі паўнавартасны рамонт у будынку не праводзіўся з 1960-х, — расказвае першы намеснік дырэктара тэатра Наталля Грамыка. — Хоць частковае абнаўленне было, напрыклад, у 2006 годзе змянілася глядзельная зала. У 2019-м намячаўся капітальны рамонт з заменай інжынерных сетак, але сродкі выдзелілі часткова. Таму толькі абнавілі светлавое абсталяванне, паваротнае кола і насціл сцэны. Гэты працэс завяршыўся ў 2021 годзе.

Менавіта тады пры адкрыцці новага сезона звярнулі ўвагу на стан падмурка будынка і вырашылі правесці стараннае абследаванне пабудовы. Высветлілася: некаторыя канструкцыі знаходзяцца ў аварыйным стане і патрабуюць узмацнення. Таксама трэба вырашаць праблему капілярных вод, якія паднімаюцца па падмурку і сценам і руйнуюць будынак. Таму капрамонт нельга было адкладаць. Распрацавалі праект, у ліпені 2024-га прыступілі да яго рэалізацыі.

Што зробяць

Працы мае быць шмат: умацаванне канструкцый, абнаўленне гідраізаляцыі, у тым ліку шляхам выкарыстання адмысловых тэхналогій, замена ўсіх інжынерных сетак, мантаж новага даху.

Наступны этап — унутранае аздабленне памяшканняў, рамонтна-аднаўленчыя працы ў глядацкай зале, фае. А таксама замена практычна ўсёй механікі сцэны, гукавога абсталявання і іншае.

Самай прыкметнай зменай стане новы выгляд галоўнага фасада.

— Улічваючы, што будынак — гісторыка-культурная каштоўнасць, разам з навуковым кіраўніком аб'екта мы вырашылі паказаць тое, што захавалася з часоў сінагогі, — дзеліцца падрабязнасцямі Наталля Мікалаеўна.

— На галоўным фасадзе будуць адкрыты і адноўлены ўчасткі цаглянага мура ў маўрытанскім стылі, схаваныя сёння пад пластом тынкоўкі. Адновяць гістарычную форму аконных праёмаў і малюнак аконных вокладак, размешчаных па абодва бакі ад уваходу. З'явіцца ляпніна на франтоне (такое нерэалізаванае рашэнне было ў праекце 1949 гады), мае сэнс папоўніць і згубленыя архітэктурныя дэталі, ляпны дэкор. Перад будынкам з двух бакоў усталююць зборныя канструкцыі, стылізаваныя пад гістарычныя слупы агароджы. Гэтыя калоны стануць выконваць функцыю афішных слупоў.

Існуючыя вароты па абодвух баках ад галоўнага фасада тэатра заменяць на каваныя з аўтэнтычным малюнкам. А вось балконы, казыркі на гістарычнай частцы будынка, якія не выкарыстоўваюцца, старыя супрацьпажарныя лесвіцы будуць дэмантаваны.

Нямала працы ў рэстаўратараў і ўсярэдзіне будынка. У глядацкай зале трэба будзе прыбраць зашыўку з гіпсакардону, каб адкрыць участак столі з аўтэнтычным роспісам. Адновяць ляпніну партала сцэны і бакавых ложаў, на першапачатковае месца перанясуць бар'еры ўрадавых ложаў.

Каб палепшыць акустыку залы, выканаюць абліцоўванне часткі сцен гукаадбівальнымі панэлямі. Для гэтага знімуць, а пасля адновяць венецыянскую тынкоўку.

А вось новыя крэслы для гледачоў аналагічнага віду знайсці проста немагчыма. Шукалі ў розных пастаўшчыкоў і вытворцаў, але ўсё не тое. Таму, каб захаваць аблічча залы, вырашылі аддаць мэблю на рэстаўрацыю: драўляны каркас прывядуць у парадак, абіўку абновяць. Дарэчы, у працэсе рамонту колькасць месцаў у глядацкай зале паменшыцца на 80. Гэта дадасць зручнасці наведвальнікам.

Для гледачоў таксама адкрыюць раней недаступную частку фае (на другім паверсе справа), што дазволіць арганізаваць дадатковую прастору, гэта значыць будзе скразны праход па паверсе. А яшчэ замест дывановага пакрыцця ў фае зробяць паркетную падлогу.

Пакуль жа ў будынку ідзе дэмантаж: разабраны ганак, перакрыцці, падлогі, зняты радыятары, электрыка, уся механіка сцэны. У бліжэйшы час пачнуцца іншыя працы.

Дзе глядзець спектаклі

Упершыню ўсяму калектыву тэатра прыйшлося пакінуць родныя сцены, каб перадаць будынак у распараджэнне будаўнікоў. Цяпер адміністрацыя, інжынерныя службы, бухгалтэрыя, каса працуюць па суседнім адрасе: вуліца Валадарскага, 10. Асноўныя вытворчыя цэхі і склады пераехалі на вуліцу Будзёнага, дзе тэатру выдзелілі памяшканне былой школы.

А дзе ж глядзець спектаклі?

Асноўнай пляцоўкай на гэты перыяд стала сцэна Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, але, на жаль, пастаноўкі там не могуць ісці штодзень, удакладніла Наталля Грамыка. Таксама выкарыстоўваюць падмосткі Дома афіцэраў, дзе ў бліжэйшы час пакажуць спектакль «Ідыёт». А адзін з самых папулярных — «Граф Монтэ-Крыста» — прайшоў у Палацы Рэспублікі.

— У гэтай пастаноўцы, дзе шмат аб'ёмных дэкарацый, акрамя ўсёй акцёрскай трупы задзейнічана яшчэ амаль 30 чалавек персаналу. Патрэбна вялікая сцэна і прастора каля яе, каб усім размясціцца і зладжана працаваць. Прыдатнай пляцоўкай аказаўся толькі Палац Рэспублікі, — тлумачыць Грамыка.

Адзіны спектакль, які пакуль немагчыма паказаць, — «Браты Карамазавы». Тут асаблівыя дэкарацыі, якія не змяшчаюцца ні на адной сцэне, акрамя роднай.

Каментары3

  • Acab
    24.11.2024
    Ражно бюджэтнае латушкінскае (мне няма розьніцы паміж недатэатрамі і бюракратамі, камі яны шкрабуцца ў кішэні падаткаплацельніка).
    Колькі жыву, а гэта семдзесят тры гады, адвечны рэмонт.
  • Ганьба
    24.11.2024
    Спадзяюся, на адкрыцці гэтага светача рускай культуры выступіць Святлана Алексіевіч.
  • Ганьба
    24.11.2024
    З Менскай Харальнай сынагогі зрабілі башлыкі паганыя дом-зрелищ= дуракаваляние

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →