Наста Кудасава. Што ў табе існага, бедны мой, звадны мой век? Верш
Наста Кудасава апублікавала ў фэйсбуку новы верш.
Што ў табе існага, бедны мой, звадны мой век?
Бег напярэймы па коўзкай хлусні галалёдзіц?
Дзесьці, забыты, знікае ў віры чалавек.
Гасне — чужы — чалавек, чалавек адыходзіць…
Ён залягае маўчаннем у зморшчынках дрэў,
боль яго бачны цяпер толькі попаўзням шэрым,
сад знелюдзелы яго ў сваё сэрца бярэ,
лапячы прорвы жывой абрыкосавай верай.
Сад яму з цёплага вецця арэлі пляце —
лётаць і дыхаць зямлі мірыядамі сепій…
Дзесьці, забыты ў людзей, занядбаны ў людзей,
ціха расце чалавек. Яму парасткам — лепей.
Каментары
прачытала. гэты верш спадабаўся)
Сад знялюдзелы
засохе,
Скончыцца знýдзелы
век
Аж застанецца, напэўна,
Зніклы ў віры
чалавек.
Будзе над прорвай
ён лётаць
Лапячы вецце
арэляў
Каб дамагчыся
нарэшце
Кімсці
пастаўленых цэляў.