Ілан Маск прыняў на працу 14-гадовага вундэркінда. Расказваем, як такое адбылося
Хлопчык па імені Кайрэн уваходзіць у спіс самых развітых людзей планеты і ўжо паспяхова скончыў універсітэт.
14-гадовы хлопчык Кайрэн Квазі быў афіцыйна прыняты на працу ў кампанію SpaceX Ілана Маска ў якасці стваральніка праграмнага забеспячэння для інтэрнэт-спадарожнікаў Starlink. Пра гэта хлопчык напісаў на сваёй старонцы ў Linkedln 9 мая.
Кайрэн жыве ў Каліфорніі і ў свае гады паспеў ужо не толькі скончыць універсітэт, але і паспяхова прайсці стажыроўку ў такіх буйных кампаніях, як Intel і Blackbird.AI. Акрамя гэтага, Кайрэн уваходзіць у спіс самых інтэлектуальна развітых людзей планеты з узроўнем IQ вышэйшым за 99,9%.
Хлопец вельмі ўзрадаваўся свайму прыёму на афіцыйную працу ў SpaceX, бо «гэта адна з нямногіх кампаній, якая не лічыць узрост адзіным паказчыкам узроўню сталасці і здольнасцяў».
«Я далучуся да самай крутой кампаніі на планеце ў якасці распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння ў інжынернай камандзе Starlink. SpaceX адна з нямногіх кампаній, якая не ўспрымае мой узрост як адзіны паказчык маёй сталасці і здольнасцяў. Я ўдзячны ўсім маім настаўнікам, бацькам і сябрам, якія ўклаліся ў маё развіццё», — напісаў Кайрэн Квазі на сваёй старонцы ў LinkedIn.
Характэрна, што з пазіцыі федэральнага заканадаўства ЗША такое працаўладкаванне 14-гадовага дзіцяці не супрацьзаконнае, бо інтэлектуальная і творчая занятасць, не звязаная з фізічнай працай сярэдняга і высокага ўзроўню складанасці, дазволеная для людзей непаўналетняга ўзросту ўжо з 14-15 гадоў.
Пры гэтым звычайна працоўныя гадзіны ў гэтым выпадку сур'ёзна абмежаваныя для недапушчэння перагрузкі або нанясення шкоды здароўю дзіцяці, асабліва калі тое ходзіць у навучальныя ўстановы.
Але ёсць і рэдкія выключэнні ў выпадку афіцыйнага заканчэння дзіцем навучання ў школе ці ва ўніверсітэце.
Каментары