Ва Украіне з'явілася яшчэ адна зорка сацсетак. Гэта кошка Аза, якая жыве на паўразбуранай расейцамі падстанцыі
Азу яшчэ кацянём прынёс на падстанцыю адзін з работнікаў у 2014 годзе. Ён выратаваў яе ад сабак, якія загналі спалоханую жывёліну на дрэва.
Энергетыкі паказалі котку Азу, якая жыве на паўразбуранай расейцамі падстанцыі. Кошка жыве там ужо дзевяць гадоў, піша «Украінская праўда».
Аза прыжылася і абрала сваім месцам крэсла ў галоўным будынку падстанцыі, дзе знаходзіўся шчыт кіравання. Там кошка знаходзілася пераважна зімой, а летам палявала на падстанцыі на мышэй.
«Аза — псіхатэрапеўт, стварае камфортную абстаноўку. Яна наш талісман і зорка сацсетак, вельмі камунікатыўная, заўсёды сустракае раніцай. Перажыла з намі многае і стала ўжо часткай нашай каманды», — кажа рэлейнік падстанцыі Аляксандр.
Кошка разам з работнікамі падстанцыі перажыла ўдары расейцаў па энергааб'ектах.
У дзень першага ўдару Аза дзесьці знікла. Вярнулася праз некалькі дзён, калі будынак падстанцыі быў разбураны.
«Уначы бегала па разбураным будынку, дзе раней было яе любімае мяккае крэсла, гучна мяўкала, разгублена і з адчаем зазірала ў пабітыя вокны, спехам перабіраючы лапамі па раскіданай цэгле і рэштках сцен. Калі ўбачыла свет у ацалелым будынку, узрадавалася, пабегла да нас», — успамінае Аляксандр.
Усяго падстанцыя атрымала дзевяць такіх удараў, але Аза не пакідае свайго дому.
Цяпер у кошкі іншае мяккае крэсла ў іншым будынку, але на гэтай жа падстанцыі. Зараз яна штодня назірае, як адбываецца аднаўленне яе дому і, як і раней, палюе на мышэй.
Каментары
але асабліва на першым фота яна на коціка больш падобна, чым на котку. крыху суровая пыса ў яе. драпежніца)