З памежнага пункта пропуску «Прывалка» звезлі прыпаркаваныя ровары
У пункце пропуску «Прывалка» на беларуска-літоўскай мяжы сілавікі сабралі і звезлі прыпаркаваныя людзьмі ровары. Забіраць іх трэба будзе ў Гродне, паведамляе Hrodna.Life.
Каб забраць ровар, гаспадару трэба даказаць, што ён сапраўды ягоны. Для гэтага трэба падаць адпаведныя дакументы ці прынамсі паказаць фатаграфію з роварам.
Раней на гэтым самым пераходзе так ужо рабілі зімой. Тады супрацоўнікі ДАІ перадалі ў «бюро знаходак» УУС Гродзенскага райвыканкама каля трох дзясяткаў ровараў.
Раней пры перасячэнні мяжы на ровары можна было праязджаць па-за чаргой. Гэтым часта карысталіся тыя, хто ездзіў закупляцца, і кіроўцы фур, якія працуюць за мяжой ды хочуць хутчэй трапіць дадому. Яны пад’язджалі на машыне ці на фуры і каля самай мяжы мянялі транспарт: па абодва бакі звычайна было прымацавана шмат пакінутых ровараў.
Але з 14 мая ў гэтым памежным пункце ровары па-за чаргой ужо не пускаюць, яны стаяць у агульнай чарзе, чаргуючыся з машынамі па тры праз тры. Праз беларуска-польскую мяжу пераязджаць на роварах увогуле нельга.
Каментары