Грамадства66

«Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў». У «віцебскіх Курапатах» знішчылі крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў

Скрушную карціну заспелі наведвальнікі мемарыяла, узведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. Невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, знішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзеныя і выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі, паведамляе «Віцебская вясна».

Відавочна, што жалезныя апоры былі зрэзаныя, жалезная шыльда з надпісам «Мамарыял «Хайсы» знятая з балтоў, а рамка пагнутая. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», гэта сведчыць пра арганізаваную дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра гэтае месца масавых расстрэлаў.

Паводле спадара Дзяржаўцава, наўрад ці вандалізм у дачыненні да мемарыяла можна аднесці на рахунак нейкіх хуліганаў, якія выпадкова апынуліся ў гэтых мясцінах:

«Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляныя крыжы, але ж знішчаныя практычна ўсе. Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка.

Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метраў таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаватыя тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял…

Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце. Ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаныя крыжы, шыльды і ўказальнікі».

Пытанне, што цяпер рабіць, вельмі складанае для Яна Дзяржаўцава. Усталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найбольш верагодна, што самаробны мемарыял будуць знішчаць і надалей.

Застаецца спадзявацца на надыход лепшых часоў і на тое, што ініцыятыва «Хайсы — віцебскія Курапаты» паспела зрабіць дастаткова шмат для таго, каб памяць пра гэтае «расстрэльнае месца» ўжо не знікла.

У прыватнасці, Яну Дзяржаўцаву з аднадумцамі ўдалося сабраць сведчанні каля 40 мясцовых жыхароў пра расстрэлы каля Хайсоў, і яны ўвайшлі ў зборнік успамінаў, выдадзены пазалетась у Віцебску.

Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі, стала вядома яшчэ на пачатку 2000-х. Пра жахлівыя знаходкі распавёў жыхар вёскі Лужасна Іван Кудзінаў. У лістападзе 2014 года віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. 14 лістапада 2014 года тут першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы.

Да 2022 года самаробны мемарыял складаўся з больш як трох дзясяткаў драўляных крыжоў, тры жалезныя крыжы з інфармацыйнай шыльдай былі ўсталяваныя каля дарогі з боку вёскі Хайсы, яшчэ адзін жалезны крыж актывісты паставілі на ўскрайку лесу, каля сцежкі, што вядзе да ямін з парэшткамі ад чыгункі Віцебск — Гарадок.

Ямы з парэшткамі двойчы даследавалі адмыслоўцы 52-га пошукавага батальёна, які займаецца невядомымі пахаваннямі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны — іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не дапусцілі і з высновамі вайсковых археолагаў пазнаёмілі толькі часткова — выключна з фрагментам, дзе сцвярджалася, што былі знойдзеныя артэфакты часоў мінулай вайны.

Чалавечыя парэшткі былі выкапаныя і перапахаваныя на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна і ў агульнай магіле на ўскрайку грамадзянскіх могілак у пасёлку Мазалава.

Каментары6

  • mikola
    15.05.2023
    Var*jaty ! Pryidze i na VAS tczas !
  • No
    15.05.2023
    Лукашэнаўскія манкурты, хай у вас адсохнуць рукі.
    Мёртвым не баліць, крыжы адновяцца, а вы паскуды пойдзеце за краты!
  • Пан Усялян
    15.05.2023
    Прыйдзе час і на гэтых дбайных рашысскіх выканаўцаў. Толькі іх магіламі ніхто цікавіцца не будзе, акрамя бяздомных псоў, якія зрэдчас затрымаюцца каля іх магілаў каб на іх пассаць... Кесару - кесарава

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчыну, якая вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы, арыштавалі за дапамогу палітвязням4

Ва Украіне зафіксавалі моцнае забруджанне ракі, якая цячэ з Расіі1

Пасля страты самалёта F-16 Зяленскі звольніў камандуючага Паветранымі сіламі4

Са дна Сожа ў Гомелі паднялі вялікі рагаты чэрап. Кажуць, што гэта старажытны бізон2

У Кобрынскім раёне на рабочага абрынуліся бетонныя пліты

Польшча збіраецца пастрожыць умовы выдачы дазволаў на працу іншаземцаў1

Рускамірнага актывіста Арцёма Агафонава выпусцілі на волю

Навукоўцы з Акадэміі навук заклікалі беларусаў ісці проста да іх, калі недзе вывудзяць адну рыбіну6

У Варшаве прадаюць мікракватэру з агульнай плошчай 10 «квадратаў». Кошт уражвае7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?

Галоўнае
Усе навіны →