«Наша Ніва» папрасіла беларусак рознага ўзросту і прафесій расказаць, якія звычкі ў мужчын іх раздражняюць і чаму.
«Калі не можа знайсці штосьці ў лядоўні»
Агулам Святлана не падзяляе тыя ці іншыя звычкі на мужчынскія і жаночыя. Для яе яны агульначалавечыя.
Таму дзяўчына называе тыя звычкі, якія былі ў мужчын, з якімі яна мела стасункі.
«Нейкая абыякавасць і адсутнасць ініцыятывы ў тым, што тычыцца стасункаў. Ведаеце, такая расслабленасць, тыпу я круты сам па сабе, па факце нараджэння. Старацца, каб быць лепшым, — гэта ты там сама. Вядома, самапрыняцце — крутая штука, але калі ёсць відавочныя хібы — спрэчна.
І вось гэтая вось расслабленасць можа тычыцца і рамантычных крокаў нейкіх, і на глабальных рэчаў — паходу да псіхолагаў, каб «управіць» мазгі. Ці, напрыклад, фізічнага самаўдасканальвання.
На жаль, у маім атачэнні вельмі шмат дзяўчат, якія ўкалваюць прафесійна, супердаглядаюць сябе, ганяюць да псіхолагаў, у залы, на ёгі, каб быць найлепшай версіяй сябе. І ў стасунках яны яшчэ таксама павінны цягнуць шмат чаго на сабе — ад прыдумвання планаў на агульны вечар, гадавіны, уік-энды да нейкага побытавага планавання харчавання, калі людзі пачынаюць жыць разам.
Бо калі не — ты нейкая не такая, ад цябе патрабуецца быць ідэальнай, каб выжыць у гэтым мужчынскім свеце. Канечне, я не кажу, што ўсе мужчыны ставяцца да жанчын як да тавару, які павінны быць дасканалым і ўвогуле павінен, але такое сустракаецца», — расказвае Святлана.
Наступнае, што называе дзяўчына, — калі мужчына не можа знайсці штосьці ў лядоўні.
«Вось яно збоку стаіць на паліцы пад самым носам, але ніяк! Гэта весяліць, але нядоўга, — кажа яна. —
Я за фінансавую незалежнасць кожнай асобы, але калі мужчына сквапны — гэта жэсць. Калі яму западло набыць букет пару разоў на год і калі ён кантралюе ў прынцыпе, на што і колькі выдаткоўвае жанчына.
Як і ў мужчынах, так і ў жанчынах раздражняе любоў да пляткарства, калі абмяркоўваюць чужую знешнасць, нейкія стасункі за спінай.
Раздражняе непрыкрыты сэксізм, калі мужчына ўпэўнены, што ён найлепшы ў рамонце-машынах-футболе, толькі таму што ён мужчына. Сальныя жарцікі датычна знешнасці і ўмоўнай міні-спадніцы».
Таксама раздражняе дзяўчыну, калі ў мужчыны адсутнічае эмпатыя.
«Ты яму шчыра: «Блін, я, умоўна кажучы, перажываю, што вось пасварылася з маці ці набрала пару лішніх кг». А ён: ой, ды забі, твае праблемы — фігня. Ну, калі чалавек дзеліцца з табой нечым, што яго хвалюе, значыць, гэта не зусім фігня», — разважае яна.
Наступнае — інфантыльнасць і мужчынскі алкагалізм.
«Чувак, калі ў 30 год ты дагэтуль жывеш з маці, якая цябе абсцірвае, корміць і, напрыклад, адразу знікаеш, калі на гарызонце маячаць мінімальныя праблемы — усё з табой не вельмі, — лічыць дзяўчына. —
Мужчынскі алкагалізм на нашых прасторах неяк найбольш назіраецца. Мужчыны нібыта запіваюць дэпрэсію, праблемы, няўдачы — але гэта якраз да пункту пра інфантыльнасць і нежаданне працаваць над сабой, пайсці да таго ж псіхолага, неяк разабрацца, паднапружыцца, каб стаць на шлях здароўя самому. Асаблівае «фу», калі гэтыя людзі завялі дзяцей. Хочаш піць — пі ў задавальненне ўсё жыццё адзін, не трэба псаваць яго жонцы і нашчадкам».
«Раздражняе сэкс без кантрацэпцыі»
Аксану раздражняе, што яе муж спецыфічна адносіцца да сваёй бялізны і шкарпэтак: носіць, пакуль не парвецца.
«Далей, гэта не рэгулярная гігіена. Калісьці я адслежвала паход у душ кожны дзень. Бо аказалася, што не прывілі звычку мыцца кожны дзень. Зараз усё добра, але тады магло быць такое, што только 1, 2 ці 3 разы на тыдзень. Тое самае з мыццём твару, бо ў майго мужчыны праблемная скура. Трэба штосьці з гэтым рабіць. Ну вось некалькі год патрэбілася, каб увесці гэтую звычку» , —кажа яна.
Яшчэ адна звычка, якая раздражняе Аксану, — сэкс без кантрацэпцыі.
«Такое адчуванне, што калі мужчыны не выношваюць дзяцей, то можна і так, як хочацца. Але гэта поўная безадказнасць не толькі за сябе, але і за тое, што такая абыякавасць можа вельмі дрэнна скончыцца. Калі не тыя «ашчушчэнія», то проста патрэбна купіць тыя прэзерватывы, якія захаваюць і здароўе, і не будуць перашкаджаць атрымліваць задавальненне ад сэксу», — разважае яна.
«Пасля галення барады па ўсёй ракавіне, за кранам, нават на абадку люстэрка застаецца дробнае валоссе»
Калі Наталля сустракалася з хлопцамі, у некаторых з іх яе раздражняла звычка дзяліць чэкі.
«Мы на спатканні, а хлопец просіць «раздзяліць» — адразу неяк сумна. А калі аднойчы хлопец запрасіў на першае спатканне ў кіно, пасля выдаў: «А ты грошы гатоўкай вернеш ці па картцы?» На маю думку, стасункі з такімі людзьмі лепей не будаваць. Я з лёгкасцю магу заплаціць за майго хлопца ці за сваю сяброўку проста на знак клопату, таму чакаю таго ж ад свайго будучага маладога чалавека», — тлумачыць яна.
Раздражняе Наталлю пасіўнасць. Напрыклад, «Куды пойдзем?» — «Не ведаю», «Што будзем есці?» — «Ты абірай».
«Вядома, часам сапраўды цяжка прыдумаць яркія планы, але каб ніколі нічога цікавага… Ну не, я хачу, каб стасункі былі з прыгодамі, а не на канапе перад кампом.
З побыту мяне амаль нічога не раздражняе, бо калі чалавек свой, то нейкія недахопы ці то вырашаюцца, бо двум бакам хочацца камфорту ў стасунках, ці то прымаюцца, калі для гэтага не прыходзіцца ахвяраваць нечым, напрыклад нервамі.
Хаця некалькі дробязяў назаву.
Першае, што прыходзіць у галаву, — падняты стульчак. І калі спачатку было смешна, бо выяўляецца, што гэты мем пра мужчын — праўда, то праз пару гадоў пачынае раздражняць. І другое пра ванны пакой: пасля галення барады па ўсёй ракавіне, за кранам, нават на абадку люстэрка застаецца дробнае валоссе. Папраўдзе, гэта нават больш не раздражняе, проста цяпер, калі чышчу зубы ці ўмываюся, прыбіраю валоссе сама», — расказвае яна.
«Адказнасць за падтрыманне размовы ўскладвалася на мяне»
Марыю раздражняе, калі хлопец не можа падтрымліваць паўнавартасную камунікацыю.
«Яшчэ падчас школы мела стасункі з хлопцам, які тэлефанаваў і казаў «Вітаю» — і далей маўчаў. Зразумела так, што адказнасць за падтрыманне размовы ўскладвалася на мяне. На мае пытанні кшталту, як маешся ці што рабіў сёння, ён адказваў сцісла: «нармальна», «так», «нічога». Таму я спяшалася як мага хутчэй скончыць размову, а пасля задавалася пытаннем: дык а навошта ты ўвогуле тэлефанаваў? Такая ж агіда сфармавалася і ад паведамлення «прывет» у сацсетках.
Таксама заўважыла і з досведу стасункаў, і па сваім браце, што ў майго мужчынскага атачэння зусім іншае стаўленне да вырашэння розных сітуацый. Напрыклад, пытаю, ці дамовіўся пра арэнду кватэры. Адказ: я патэлефанаваў, не знялі слухаўку. Далей высвятляецца, што званіў аднойчы і тры дні таму — і нібы ўсё, безвыходная сітуацыя!» — расказвае яна.
Раз’юшвае Марыю, калі мужчыны растапырваюць ногі, седзячы ў грамадскім транспарце.
«Нібыта іх ніжнія канцавіны — цыркуль, і было аб’яўлена заданне начарціць максімальны дыяметр. Ок, усім падабаецца свабода, але ж калі калені ўпіваюцца ў суседняга пасажыра, такое сабе. Ды і відовішча гэта часта даволі брыдкае», — кажа яна.
«Жывеш з адчуваннем, што ты мама, а не дзяўчына»
Кацярыну больш за ўсё раздражняе звычка перакладваць адказнасць.
«І ў гэтых момантах адказваць пытаннем на пытанне. Прычым выяўляцца гэта можа як у дробязях, так і ў буйных сітуацыях. І калі ў другім выпадку ты можаш у думках апраўдаць чалавека, што можа быць страшна рабіць важны крок па ўласным рашэнні, то ў выпадку дробязяў я часам проста выходзіла з сябе.
Окей, калі вы вырашаеце, дзе паесці разам, але калі выбар любога рашэння, месца, рэчы перакладваюць на цябе, раздражняе. Жывеш з адчуваннем, што ты мама, а не дзяўчына: сама вырашыла, паклала ў кошык, купіла, прыгатавала.
У нейкі момант ты разумееш, што ўмоўна простае пытанне «Мілы, куды ты хочаш сёння пайсці?» бессэнсоўнае. Адказ у 100% выпадкаў будзе: «А ты?» Дык вось і пойдзем за ручку».
Да многіх звычак Кацярына ставіцца проста як да мілых асаблівасцяў.
«Калі, умоўна, кажуць «Дзе кубак? Я не магу знайсці кубак!» А ён стаіць сабе там, дзе заўжды.
Ці, напрыклад, калі пытаюцца перад выхадам: «Ты гатовая?» Калі б была гатовая, дык ужо б выйшла.
У прадуктовай краме хлопцы звычайна любяць усё хуценька назбіраць і пайсці. А для мяне паход у краму — пэўная медытацыя, трэба ўсё разглядзець, падумаць, павыбіраць.
Увогуле, мужчыны, здаецца, нашмат прасцей ставяцца да працэсу прыняцця маленькіх рашэнняў — напрыклад, я гатовая выдаткаваць гадзіну на тое, каб абраць фільм, што пасуе майму настрою. А мой хлопец праз 10 хвілін падобных разважанняў ужо пачынае крыху нервавацца. Але, дарэчы, што тычыцца рашэнняў глабальных — іх я, здаецца, прымаю хутчэй і з больш лёгкім сэрцам.
Варта дадаць, што часам усё пералічанае вышэй я заўважала і за жанчынамі, таму ўсё ж не думаю, што варта падзяляць звычкі на мужчынскія і жаночыя. Ва ўсіх у нас мноства тараканаў, наяўнасць якіх залежыць выключна ад індывідуальных асаблівасцяў», — расказвае яна.
Чытайце таксама:
«Непрыкрытае захапленне музыкай». У ЗША падчас канцэрта Чайкоўскага жанчына атрымала гучны аргазм
Каментары