Грамадства2626

Паліна Шуба вяртаецца ў абойму

У вузкае кола людзей, якія атачаюць Аляксандра Лукашэнку, вярнуўся знаёмы твар. Вядучая БТ Паліна Шуба на нейкі час знікала з публічнага поля, але падчас суботніка ў Хатыні з'явілася ў кампаніі Лукашэнкі. У канцы мінулага года яна пасля невялікага перапынку вярнулася і ў эфір. Згадваем шлях Паліны Шубы і расказваем новыя дэталі, якія сталі вядомыя дзякуючы «Кіберпартызанам».

Шуба — Мельпамена (злева)

Прыгажуня з райцэнтра

Паліне Шубе 34 гады. Родам яна са Старых Дарог са звычайнай сям'і: бацька ўзначальваў раённыя электрасеткі, маці працавала ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

З Лукашэнкам жанчына знаёмая з 2001-га. Здарылася гэта выпадкова — Лукашэнка прыязджаў у Старыя Дарогі, а Шубе, як мясцовай выдатніцы і прыгажуні, даверылі ўрачыста ўручыць яму букет кветак.

У 2003-м годзе мадэльная школа «Тамара», якой кіравала адна з першых беларускіх мадэляў Таццяна Ганчарова, ладзіла конкурс «Твар новага стагоддзя», шукаючы так новых мадэляў. Даслала сваё фота туды і 15-гадовая Паліна — яго адразу надрукавалі ў «Советскай Белоруссіі», а дзяўчынку ўзялі на афіцыйную працу ў «Тамару».

Фота: tamaramodels.com

Але і вучобу Паліна Шуба не кінула, скончыўшы школу з залатым медалём. Пасля ў 2006-м паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «эканаміст-маркетолаг у дрэваапрацоўчай галіне».

«Міс Беларусь — 2008» і скульптура Шубы

Ужо падчас вучобы Шуба пачала ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці. У 2007-м яна пайшла на адбор конкурсу «Супермадэль свету», але не трапіла далей. Атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

А ў 2008-м Шуба была ў ліку 12 фіналістак «Міс Беларусь». «Пасля фіналу ўсе ўдзельніцы накіраваліся на банкет у гасцініцу «Планета». Прэзідэнт таксама прысутнічаў», — расказвала маці Паліны журналістам. 

Шуба падчас дэфіле. Фота: gazetaby.com

А ўвесну 2009-га, пасля адкрыцця абноўленага Тэатра оперы і балета, стала вядома, што адна са скульптур на фасадзе злепленая з Паліны Шубы. 

«На пошук натуршчыц я адправіўся ў мадэльнае агенцтва, дзе што ні дзяўчына, то патэнцыйная муза. Подыум літаральна асеў ад наплыву прэтэндэнтак, але калі прадэфілявала Паліна, усе патухлі», — расказваў газеце «Рэспубліка» скульптар Генадзь Буралкін, які ствараў статуі грэцкай музы трагедыі Мельпамены (яе ляпілі з Шубы) і музы ўрачыстых гімнаў і сельскай гаспадаркі Палігімніі.

Паліна Шуба ў вобразе грэцкай музы трагедыі Мельпамены — злева 

Танцы з Лукашэнкам і пачатак кар'еры

У 2011 годзе на выпускным балі Шуба станцавала з Лукашэнкам — невядома дакладна, чаму выбар упаў на яе, але хадзілі чуткі, што праз іх сустрэчу пасля «Міс Беларусь — 2008».

З гэтага моманту яе кар'ера пайшла ўгару. «Я заўсёды марыла стаць журналісткай», — прызнавалася Шуба. Неўзабаве яе бяруць вядоўцай на БТ без профільнай адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка і Паліна Шуба на рэспубліканскім балі — 2011. Скрыншот відэа БелТА

А падчас візіту журналістаў Tut.by да маці Галіны Лукашэнка (афіцыйнай жонкі Лукашэнкі і маці ягоных старэйшых дзяцей) і цешчы Лукашэнкі Алены Жаўняровіч у 2014-м годзе, стала ясна, наколькі Шуба стала блізкай да самога Лукашэнкі. На фота з альбома жанчыны Шуба стаіць побач з ім у кампаніі ягонага старэйшага сына і прыбліжаных бізнэсоўцаў — Цяцерына і Шакуціна.

На здымку злева направа: бізнэсовец і былы кіраўнік Федэрацыі тэніса Беларусі Сяргей Цяцерын, Віктар Лукашэнка, спявачка Алена Ланская, Аляксандр Лукашэнка, Паліна Шуба, бізнэсовец і яшчэ адзін былы кіраўнік Федэрацыі тэніса Аляксандр Шакуцін, у пярэднім шэрагу — Алена Жаўняровіч і асабісты доктар Лукашэнкі Святлана Канашэнка. Крыніца: Tut.by

Частая спадарожніца Лукашэнкі

Згодна з базай перасячэнняў мяжы, звесткі з якой «Нашай Ніве» перадалі «Кіберпартызаны», упершыню Шуба суправаджала Лукашэнку ў Кіеў з 1 па 2 ліпеня 2012 года. Там праходзіў фінал Еўра-2012 і сярод зорных гасцей прысутнічалі шматлікія кіраўнікі дзяржаў. Таксама Лукашэнка сустракаўся там з Януковічам.

Шуба засталася за кадрам, але ў Кіеве была, вандроўка аформленая як «службовая».

Лукашэнка з Колем у цэнтры, злева ад іх — Саакашвілі, тагачасны прэзідэнт Грузіі, справа — прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян і прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Фота: УНІАН

Шуба таксама суправаджала Лукашэнку падчас паездкі ў Кітай з 15 па 17 ліпеня 2013-га і ў Астану з 28 па 29 мая 2014-га — акурат там была падпісаная дамова пра стварэнне ЕАЭС.

На чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіў у Мінску ў 2014 годзе, Шуба з'явілася ў кампаніі Лукашэнкі публічна — і пасля гэтага адбыўся выбух цікаўнасці да яе персоны. Пра яе пыталася нават Сабчак у вялікім перадвыбарчым інтэрв'ю, і Лукашэнка адказаў, што «ведае яе з дванаццаці гадоў», то-бок сам адлічыў час знаёмства ад сустрэчы ў Старых Дарогах.

У 2015-м ёй дадуць прэмію «Тэлевяршыня» як найлепшай вядоўцы інфармацыйных праграм 2014 года.

Аляксандр Лукашэнка і Паліна Шуба на матчы чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Скрыншот відэа БТ

Наступнае іх сумеснае з'яўленне на публіцы адбылося на фінале конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2016». На гэтым фота Шуба сядзіць справа ад Лукашэнкі.

«Міс Беларусь — 2016». Скрыншот відэа АНТ

Яна лётала ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ў кампаніі Лукашэнкі ажно тройчы: 24 кастрычніка 2014-га, 25 кастрычніка 2017-га і 31 кастрычніка 2019-га. Гэтыя візіты называлі «закамуфляваным адпачынкам Лукашэнкі», бо ён амаль ні з кім там не сустракаўся, але шмат ездзіў і хваліў мясцовыя славутасці і архітэктуру.

Лукашэнка ў ААЭ ў 2019 годзе. Фота: БелТА

Пра частку паездак Паліны Шубы інфармацыя ў базах няпоўная — няма пункту назначэння або нумара рэйса. Але адметна, да прыкладу, што яна вылецела з Мінска кудысьці напярэдадні «інаўгурацыі» Лукашэнкі, якая адбылася 23 верасня 2020 года, і вярнулася ў Мінск толькі 29-га, а таксама лётала кудысьці падчас візіту афіцыйнай дэлегацыі ў Катар у 2015-м.

Агулам жа Шуба з 2007 года выязджала за мяжу больш за 50 разоў.

Па звестках з медыя, Паліна Шуба нядоўгі час працавала ў службе пратакола МЗС Беларусі, але дакладных звестак пра гэта мы не знайшлі: у базе «Кіберпартызанаў» пра месцы працы па базе Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва такіх звестак няма. Таксама ў базе няма пацвярджэнняў таго, што Шуба ездзіла ў Венесуэлу разам з Лукашэнкам — пра гэта раней неаднаразова паведамлялі медыя.

Таямніца службовага пашпарта

«Кіберпартызаны» паведамілі «Нашай Ніве», што Паліна Шуба мае службовы пашпарт пад нумарам SP0014391 і перыядычна карысталася ім для выездаў за мяжу падчас падарожжаў з Лукашэнкам.

У чым адметнасць такога пашпарта і як яго магла атрымаць Шуба? Кіраўнік НАУ і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, які меў больш за дваццаць гадоў досведу на дзяржслужбе, кажа, што 

службовы пашпарт выдаюць асобным катэгорыям грамадзян, вызначае якія Лукашэнка.

«І перадусім дзяржслужачым. Напрыклад, міністр мае дыпламатычны пашпарт, як і іншыя чальцы ўрада, а намеснікі міністра або нейкія начальнікі аддзелаў могуць атрымаць службовы паспарт, калі едуць у службовую камандзіроўку.

Таксама яны выдаюцца супрацоўнікам амбасад, калі яны не маюць дыпламатычнага статусу, напрыклад, ахоўнікам, кіроўцам і бухгалтарам. Гэта дае ім магчымасць акрэдытавацца пры амбасадзе і атрымаць функцыянальны імунітэт, то-бок абарону ад адказнасці перад законам краіны, у якой яны знаходзяцца, але толькі падчас выканання сваіх службовых абавязкаў, — кажа Латушка.

Службовы пашпарт. Фота: belarusfacts.info

— Таксама службовы пашпарт дае магчымасць знаходжання ў некаторых краінах без візы. Да прыкладу, гэта Балівія або Бразілія, а сярод краін ЕС — Венгрыя.

Але службовы пашпарт, вядома, не дае такіх правоў за мяжой, як дыпламатычны пашпарт і статус дыпламатычнага агента».

Такім чынам, Паліна Шуба магла атрымаць такі пашпарт толькі на асабісты загад Лукашэнкі.

Шчаслівы 2019-ы

Улетку 2019 года, за пару месяцаў да сумеснага вылету ў ААЭ, Паліна Шуба зноўку закружылася ў вальсе з Лукашэнкам. Баль праходзіў у Палацы Рэспублікі і за год да гэтага спадарожніцай Лукашэнкі была Марыя Васілевіч.

А незадоўга да апошняй паездкі ў ААЭ Паліне Шубе праз фірму Сяргея Цяцерына дораць аўтамабіль маркі «Міні» коштам 26 тысяч еўра, як высветліў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр».

На гэтым аўто яна двойчы выехала ў Польшчу на пачатку 2020-га. Каментаваць тое, за якія заслугі ёй падарылі гэтае аўто, журналістам яна адмовілася.

Mini Cooper 2019 чырвонага колеру — такі ж праз Сяргея Цяцерына падаравалі Паліне Шубе. Фота: Wikimedia Commons

Неўзабаве пасля паездкі ў ААЭ і дарунку аўто Паліну Шубу павысілі на Беларускім тэлебачанні да намесніцы кіраўніка аддзела выпуску навін. Яна радзей стала з'яўляцца ў эфіры і больш занялася адміністрацыйнай працай і ў выніку вядзе толькі перадачу «Галоўны эфір» раз на месяц.

Муж, двойня і Хатынь

Замуж Паліна Шуба выйшла ў жніўні 2015-га. Яе абраннікам стаў выпускнік Акадэміі кіравання 44-гадовы Валерый Шапчыц. З адметнага — ён служыў у часці спецназа №3214. А таксама працаваў на адміністрацыйнай пасадзе ў хакейным клубе «Дынама Мінск».

Бацька Валерыя, таксама Валерый, у мінулым буйны бізнэсовец і былы дырэктар кампаніі «Бакеліт», якая займалася стварэннем супрацьпажарнага рыштунку. Ды і сам Валерый Валер'евіч нейкі час быў намеснікам дырэктара кампаніі.

Валерый Шапчыц падчас службы ў часці спецназа 3214. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Праўда, па звестках, якія далі нам «Кіберпартызаны», бацька і сын, выглядае, пасварыліся — прынамсі, адзін падаў на другога ў суд. Невядома, у чым быў канфлікт і чым ён скончыўся. Цяпер Валерый Валер'евіч Шапчыц узначальвае прыватную транспартную фірму, а ягоны бацька пасля банкруцтва «Бакеліта» працягвае дзейнасць як ІП.

У маі 2022 года Паліна Шуба нарадзіла двойню і сышла з эфіру. Ролік з ёй і дзецьмі з навагоднім віншаваннем сёлета паказвалі ў эфіры БТ.

Паліна Шуба з дзецьмі. Скрын відэа БТ

Вяртанне ў эфір адбылося ў канцы снежня 2022-га. А ўжо ў красавіку 2023-га яна разам з Лукашэнкам саджала дрэвы на суботніку ў Хатыні. Шуба не стаяла ў агульных шэрагах «працоўных», і выглядала, што дзяржСМІ мелі ўказанне не акцэнтаваць яе твар.

Паліна Шуба, Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі саджаюць дрэва на рэспубліканскім суботніку ў Хатыні 22 красавіка 2023 года. Фота: сайт Лукашэнкі

Так што Паліна Шуба, здаецца, з «абоймы» выходзіць не плануе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • mikola
    13.05.2023
    vos sto byvae kali -*iz grazi u knjazi*.......*kampanija* adnak-vjasiola......
  • Железный Дровосек
    13.05.2023
    Омерзительная грязь,которая сопровождает колхозника в его колхозном варианте гедонизма,примитивном и бесконечно тупом,войдёт во все учебники истории, и безусловно,навсегда ляжет пятном на всю его семью. Использовать служебное положение для удовлетворения своей похоти—просто тупое и примитивное днище. Он даже не догадывается —НАСКОЛЬКО бесплатно ничего не бывает: кинешь сзади—подымешь спереди.
    Одно слово —калхозник.
  • BLR
    13.05.2023
    Ведаць бы яшчэ што гэта футра такое і чаму пра яго трэба ўзгадваць, ды й так шмат пісаць?

Стрыжак пра Пратасевіча: Са мной такога адбыцца не магло8

Стрыжак пра Пратасевіча: Са мной такога адбыцца не магло

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам бусел купаўся ў возеры разам з людзьмі ВІДЭА5

Беларусь пацвердзіла расстрэльны прысуд Крыгеру: «Германіі прапанаваныя канкрэтныя рашэнні»7

Аляксей Талай прапанаваў даць Лукашэнку званне Героя Беларусі23

Забойца польскага салдата на мяжы ўстаноўлены. Ён усё яшчэ ў Беларусі2

Што вядома пра суддзю і пракурорку, якія вынеслі смяротны прысуд грамадзяніну Германіі2

Хлопец знік у лесе пад Сянном і знайшоўся толькі праз 25 гадоў. Яго сястра расказвае, як так атрымалася5

У Мінску распачаўся «форум патрыётаў», прысвечаны 30-годдзю кіравання Лукашэнкі15

У цэнтры Кіева знеслі сядзібу Зяленскіх4

У расійскім Краснадары людзі перакрылі вуліцу з-за адключэнняў святла1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стрыжак пра Пратасевіча: Са мной такога адбыцца не магло8

Стрыжак пра Пратасевіча: Са мной такога адбыцца не магло

Галоўнае
Усе навіны →