«Убачыў запусценне. Людзей амаль няма, усё зачынена». Якой пабачыў Беларусь палітвязень пасля выхаду з калоніі
Былы палітвязень у размове з радыё «Свабода» падзяліўся ўражаннямі пра Магілёўскую калонію і пра тое, якой ён пабачыў Беларусь пасля выхаду на волю.
Сяргей (імя героя змененае дзеля бяспекі. — РС) адбыў амаль тры гады ў калоніі №15 пад Магілёвам. Беларус быў арыштаваны ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах, яго нават утрымлівалі ў КДБ, але потым асудзілі па наркатычным 328-м артыкуле. Быў залічаны да «схільных да экстрэмісцкіх дзеянняў», сядзеў у ШІЗА. Тэрмін пакарання адбыў цалкам. Па выхадзе на волю да ад’езду за мяжу паспеў пабываць у некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, Мінску і Маладзечне. Кажа, што замест радасці ад сустрэчы са знаёмымі мясцінамі перажыў балючае расчараванне.
«Ідуць людзі насустрач, і ніхто не ўсміхаецца»
Першыя дні на волі Сяргей згадвае з сумам. «Як выходзіў на волю, яшчэ была зіма. Людзей на вуліцах у такі перыяд звычайна няшмат, але ўбачанае непрыемна здзівіла. На вуліцах пешаходаў мала, у крамах — яшчэ менш. Хто ідзе насустрач — ніколі не ўсміхаецца», — кажа Сяргей.
Малады чалавек згадаў прыезд у Гомель і шпацыр па бульвары ў цэнтры, дзе раней бываў шмат разоў і лічыў, што гэты раён — адзін з самых цікавых і прыгожых у горадзе.
«Убачыў запусценне. Людзей амаль няма, усё зачынена — такога тут ніколі не было. І вечарам у горадзе няма куды пайсці. Ранейшыя пункты, дзе развіваўся малы бізнэс — усё не працуе. На афішах — нічога цікавага. Ніхто да іх не едзе, нібыта нікому гэты горад больш не цікавы».
Уражанні ад сталічнага Мінска мала чым адрозніваліся, прызнаецца Сяргей і згадвае першую паездку ў метро. «Нават у час пік былі вольныя месцы, а раней жа сесці было немагчыма! І гэтак увесь час, колькі ні быў у Мінску. І людзі такія самыя: засмучаныя, заклапочаныя, вачэй не падымаюць, не ўсміхаюцца. Часам у калоніі сустрэнеш весялейшыя твары, чым у мінскім метро».
Наконт Маладзечна — такое ж расчараванне, сказаў Сяргей. «Кавярні, дзе раней увечары не было вольнага месца, зачыненыя. Крамы зачыненыя. Куды падзеліся прадпрымальнікі?»
Жыццё на волі прынесла Сяргею забыты ўжо клопат аб працаўладкаванні. У калоніі яго штодня выводзілі на «промку» чысціць драты. Успаміны таксама дрэнныя, але кажа, што было пачуццё датычнасці да нейкай агульнай справы. «Брудная, шкодная для здароўя праца, затое ўвесь час заняты. Праўда, плацілі ўсяго каля рубля ў месяц — мне выходзіла 74 капейкі — але ж пра «камуналку і харчы» можна не думаць».
Як заўважыў Сяргей, у апошнія месяцы ў калоніі з'явілася новая праца, але наколькі яна легальная — у былога вязня ўзніклі сумневы.
«На «промку» нам сталі прывозіць камеры ад «Белазаў», але чамусьці мы гэтыя камеры мусілі ачысціць ад таварных знакаў, якія сведчылі, што яны зробленыя ў Беларусі. Казалі, што потым іх павязуць на продаж у Расію. Альбо такая «навінка»: сам бачыў катушкі беларускіх кабеляў, на якіх ставілі пазнаку «Зроблена ў Расіі». Чаму гэтак? Не ведаю. Але, улічваючы нашыя мізэрныя заробкі, магу ўявіць, які можа быць выгадны бізнэс», — заўважае Сяргей.
«Падзялілі людзей на тых, хто даспадобы і хто не даспадобы, і нас на працу ніхто не бярэ»
Паводле Сяргея, тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах, а тым больш быў за іх асуджаны, знайсці працу амаль немагчыма. Не тое што добрую — хоць якую.
«У нашай калоніі быў хлопец — аўтамеханік. Да 2020 года яго б на любы аўтасэрвіс з рукамі і нагамі, як кажуць, узялі б. А тут як выйшаў на волю — не змог уладкавацца. Працадаўцу прымушаюць рабіць запыт у адпаведныя органы, а адтуль паведамляюць, за што сядзеў, і ўсё — на працу не бяруць. Нават прыватны бізнэс баіцца такіх браць, не кажучы ўжо пра дзяржаўныя прадпрыемствы. Баяцца дадатковых праверак, падатковай, чаго заўгодна. Улады ўсяляк гэтыя настроі стымулююць. Падзялілі людзей на тых, хто даспадобы і хто не даспадобы, і палітычных нікуды не бяруць. Што тады рабіць? Толькі з'язджаць», — кажа Сяргей і згадвае, што калі сядзеў у КДБ, следчыя яму наўпрост казалі, каб з'язджаў за мяжу, бо «гэтак будзе лепш усім».
Вынік такой палітыкі для Сяргея відавочны — масавая эміграцыя маладых, энергічных, адукаваных. Суразмоўца расказаў пра ўласныя падлікі: з прыкладна 50 ягоных былых сяброў, знаёмых і калегаў па былой працы больш за 40 чалавек ужо з'ехалі з Беларусі.
«Можа, чалавек 5—7 толькі засталіся. І тыя ці надоўга затрымаюцца, не ведаю. У мяне ёсць сябра — працаваў гукарэжысёрам. Затрымлівалі за пратэсты. З таго часу два гады не мог знайсці працу па прафесіі. Пашанцавала нарэшце, уладкаваўся на завод. Хіба ён доўга там пратрымаецца? Не думаю», — мяркуе Сяргей.
Паводле Сяргея, атрымаць візу ў краіны Еўразвяза яшчэ магчыма, яму гэта ўдалося без асаблівых цяжкасцяў. Давялося пачакаць і адпаведна сябе паводзіць на волі.
«Калі падаеш на візу, там не пытаюцца, быў судзімы ці не. Былая судзімасць — не перашкода. Перашкод можна чакаць хіба што ад міліцыянтаў, ад участковых. Вось яны могуць зрабіць гэтак, што ты не дачакаешся той візы і зноў паедзеш «у месцы не такія аддаленыя». Трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна, абачліва. Як той казаў, «не нарывацца».
«Аляксандру Фядуту вельмі цяжка, але ён трымаецца»
Тое, што грамадзян Беларусі падзялілі паводле палітычных поглядаў і стаўлення да падзей 2020 года, Сяргей зазнаў на сабе і ў калоніі № 15, дзе адбываў пакаранне. Паводле былога вязня, стаўленне да «палітычных» у калоніі апошнія месяцы стала нават больш жорсткае. Усяго, паводле Сяргея, там каля 200 палітычных вязняў.
«Чуў лічбу, што тых, у каго «экстрэмісцкія жоўтыя біркі», недзе 230 чалавек. Значыць, чыста «палітычных» не меней за 200. Гэта амаль кожны дзясяты з асуджаных — вельмі вялікі працэнт! У нашым атрадзе палітычным зрабілася складаней. Сочаць, каб не збіраліся разам, калі нейкае дробнае парушэнне, могуць пакараць больш сур’ёзна», — расказаў Сяргей.
Суразмоўца расказвае і пра вядомых апазіцыянераў, якія апынуліся ў 15-й калоніі. Сярод іх ён вылучыў Аляксандра Фядуту, якога змясцілі ў будынку насупраць таго, дзе быў сам Сяргей. Пра Фядуту ў калоніі шмат гаварылі як пра палітыка, філолага і журналіста, вельмі яму спачувалі праз ягоны дрэнны фізічны стан. Сяргей часта бачыў, з якой цяжкасцю Аляксандр ідзе ў сталоўку, абапіраецца на кіёк.
«Яму там вельмі цяжка, гэта бачна. Хадзіць яму складана, мусіць абапірацца на кіёк. У сталоўку як ідзе, дык пазней за іншых даходзіць. І на працу ў «промку» мусіць выходзіць, а гэта ў ягоным стане вельмі складана. Але бачна і тое, што чалавек трымаецца».
Па чарзе абдымалі батарэю
Паводле Сяргея, у канцы свайго тэрміну ён зноў трапіў у ШІЗА. Кажа, што ў рапарце было напісана пра «жарганізмы ў размове з прадстаўніком адміністрацыі» і «недакладнае прадстаўленне».
«А насамрэч падчас чарговага прагляду БТ не вытрымалі нервы, падняўся і выказаўся моцна ў адрас Лукашэнкі. Неўзабаве прыляцела пакаранне. Апынуўся ў ШІЗА ў самы неспрыяльны час. Мінулая зіма збольшага не была халоднай, але калі прыйшла самая нізкая тэмпэратура — у студзені — вось тады я туды і загрымеў. Што сказаць? Як звычайна: удзень ходзіш туды-сюды, а ноччу па чарзе грэўся, абняўшы батарэю. Батарэі там асаблівыя — тоўстыя сталёвыя трубы, якія не трымаюць цяпла. Таму і даводзіцца ноччу не спаць, каб хоць крыху сагрэцца. Палітычных зімой любяць караць штрафным ізалятарам — гэта ў калоніі лічыцца нормай», — расказаў Сяргей.
Яшчэ адным дрэнным успамінам пра апошняе ШІЗА ў Сяргея было тое, з кім давялося пражыць у адной камеры гэтыя дні.
«Сярод асуджаных у калоніі ёсць людзі з вельмі хворай псіхікай, на мяжы вар’яцтва. Чаму іх там трымаюць з такім дыягназам, не ведаю. Магчыма, з пэўнай мэтай. Бо іх падсаджваюць у камеру да палітычных, каб заадно наглядалі, кантралявалі. Вось і мой сусед вызначаўся такімі паводзінамі. Але большасць часу ў яго былі няспынныя трызненні. Сядзець з такім у адным памяшканні — ужо невыносная пакута. Тым не менш давялося трываць», — згадаў былы вязень 15-й калоніі.
Патэнцыйныя «вагнераўцы»
Сяргей падзяліўся ўспамінам пра тое, як у калоніі ставяцца да агрэсіі Расіі супраць Украіны. Сказаў, што праз гэтую вайну паміж асуджанымі адбыўся яшчэ адзін падзел, але прыхільнікі Расіі аказаліся ў выразнай меншасці.
«Большасць адназначна супраць вайны. Праўда, яны не асабліва дэманструюць свае адносіны. Могуць падняцца і сысці з пакоя, дзе глядзяць навіны па тэлевізары, калі там заходзіць пра вайну. Шмат каму не падабаецца, што па ўсіх каналах пра вайну вядзецца толькі з пункту гледжання Расіі. Потым вязні абмяркоўваюць у курылцы ўкраінскія падзеі, выказваюцца напаўголаса. А вось прыхільнікі «рускага свету» паводзяць сябе больш агрэсіўна. Бываюць і гучныя заявы, нават спрэчкі», — расказаў Сяргей.
Былы вязень згадаў выпадак, які абмяркоўвалі ў ягоным атрадзе. Паводле звестак «мясцовага тэлеграма», восенню ў калоніі некалькі асуджаных напісалі заявы пра тое, каб іх узялі ў найміты і адправілі фронт, як тых «вагнераўцаў». Па словах суразмоўцы, гэта скончылася для іх тым, што ўсе апынуліся ў ШІЗА на перавыхаванні.
Каментары