Фігуры герояў «Белых Росаў» у Гродне паставяць у іншым месцы і дапоўняць кампазіцыю
5 красавіка ў Гродне пачалі ўсталёўваць на новым месцы скульптуры герояў фільма «Белыя Росы». Іх цяпер размесцяць у парку «Белыя росы», а кампазіцыю дапоўняць умоўнай хатай Фядоса — часткай пабудовы з дахам, паведамляе Hrodna Life.
Кампазіцыю, прысвечаную фільму «Белыя Росы», паставілі ў маі 2018 года ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка, на скрыжыванні вуліц Курчатава і Дзяржынскага. У 1983 годзе менавіта тут здымалі фільм, паводле сюжэта якога вёска адступала пад ціскам горада.
Драўляныя фігуры Фядоса, Цімафея вонкава падобныя да акцёраў, што выконвалі галоўныя ролі ў кіно, — Усевалада Санаева і Барыса Новікава. У драўлянай кампазіцыі зафіксавана сцэна, дзе героі «лячыліся» цешчынай настойкай, а сабака Валет «радаваўся жыццю».
У кастрычніку 2022 года скульптуры прыбралі на рэстаўрацыю. Тады ж стала вядома, што скульптуры перанясуць цераз дарогу — у новы парк.
Каментары