Качагар забіў жонку і хацеў спаліць цела, але калега выклікаў міліцыю. Пакуль тыя ехалі, качагар павесіўся
Як стала вядома «Нашай Ніве», у душных дэкарацыях вясковай кацельні ў Докшыцкім раёне разгарнулася трагедыя, вынікамі якой сталі два трупы, тры сіраты і пакалечаная псіхіка адзінага сведкі.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад знаёмых з гісторыяй, драма разгарнулася ў кацельні мястэчка Крулеўшчына ў Докшыцкім раёне.
Качагарка належыць мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы «Докшыцы-камунальнік».
Узровень заробкаў работнікаў у правінцыйнай арганізацыі невысокі, таму працаваць нярэдка ідуць кадры з адпаведнымі жыццёвымі каштоўнасцямі.
Вось што кажуць знаёмыя з абставінамі трагедыі.
«Адзін з работнікаў кацельні, 43-гадовы Ю. (імя і прозвішча мы не называем з этычных прычын), прыйшоў на работу ў начную змену ўжо нападпітку, паспеўшы да таго атрымаць пратакол ад участковага за п'янку ў публічным месцы. Але на працу яго ўсё адно дапусцілі — начальству даводзіцца заплюшчваць вочы, бо сітуацыя такая, што працаваць там у такіх умовах і за такія заробкі, уласна, больш няма каму», — кажа наш суразмовец.
«Падчас начной змены да Ю. на работу прыйшла яго 39-гадовая жонка А. Імаверна, каб працягнуць пачатае дома. Выпівалі яны толькі ўдваіх ці разам з калегам Ю. па кацельні — гэтага не ведаю. Сварыліся.
Але сэнс у тым, што калега заснуў, і пакуль ён спаў, Ю. ў час сваркі задушыў жонку, а цела, п'яны, вырашыў спаліць у печцы кацельні. У нейкі момант, калі ён спрабаваў гэта зрабіць, прачнуўся калега, залямантаваў і выскачыў з памяшкання, каб выклікаць міліцыю.
Калі міліцыя прыехала, Ю. ўжо быў нежывы — павесіўся, пакінуўшы запіску з просьбай пахаваць яго разам з жонкай», — паведамілі нам абставіны знаёмыя з сітуацыяй.
Пахавалі іх у розных вёсках, на радзіме кожнага з іх.
У пары засталося трое дзяцей — малодшая ў трэцім класе, дваім старэйшым 16 і 17 гадоў.
* * *
Удакладненне. У пачатковай версіі артыкула быў няправільна названы ўзрост людзей.
Каментары