У Расіі супрацоўнік ФСБ зразумеў сябе і памяняў пол. Пачалося цкаванне, але знайшоўся своеасаблівы адказ
Гераіня гэтай гісторыі яшчэ зусім нядаўна была мужчынам, які служыў у Федэральнай службе бяспекі, дзе адказваў за «інфармацыйную бяспеку».
Апошнім месцам службы Аляксандра была армяна-турэцкая мяжа. Сам ён родам з Чыты. Выхаваннем займалася маці. Як адзначаў сам Чумакоў у адным з інтэрв'ю, яшчэ ў дзяцінстве ён праяўляў цікаўнасць да ўсяго таго, што падабаецца дзяўчаткам. Рос ён «манерным» хлопчыкам.
Маці хацела ў сыне бачыць сапраўднага мужчыну і аддала ў кадэцкі клас, але з-за канфліктаў з аднакласнікамі хлопец вымушаны быў яго пакінуць за некалькі месяцаў да экзаменаў.
Пасля школы была вучоба ў інстытуце пагранічнай службы ў Хабараўску. Там праблем ва ўзаемаадносінах не было.
У той час хлопец даведаўся пра гендарную дысфункцыю і зразумеў, што гэта адносіцца і да яго. Аднак спачатку ён працягваў жыць сваім звычайным жыццём. Пасля заканчэння вучобы ён пачаў службу ў Паўночнай Асеціі. Ажаніўся. Нарадзіўся сын. Аднак сямейнае жыццё не склалася. А ў кастрычніку 2020 года Чумакоў пачаў гарманальную тэрапію. У канцы таго ж года ён быў вымушаны звольніцца са службы. Пераехаў у Маскву і стаў працаваць візажыстам.
У мінулым годзе былы капітан Аляксандр Чумакоў здзейсніў трансгендарны пераход. У выніку ён стаў Кацярынай Маерс.
За тры месяцы было зроблена дзесяць аперацый, што з'яўляецца вельмі хуткім для такіх выпадкаў. Акрамя карэктавання полу, змены закранулі твар і голас. Спачатку цяпер ужо дзяўчына працавала ў стрыптыз-клубе, але праз некаторы час была звольненая як «нефармат». Тады Маерс стала зарабляць відэатрансляцыямі.
Далейшую гісторыю Кацярына Маерс расказала інтэрнэт-выданню «Вёрстка».
Маерс пад псеўданімам працавала на амерыканскі рэсурс, які арыентаваны на англамоўную аўдыторыю. Доступ да кантэнту адбываецца толькі праз падпіску. Пры гэтым сайт не дазваляе рабіць скрыншоты ці пампаваць відэа.
Аднак у лютым гэтага года папулярны расійскі рэсурс «Двач» апублікаваў скрыншоты эратычнага відэа з удзелам Кацярыны. Адразу пасля публікацыі дзяўчына стала атрымліваць у свае акаўнты ў сацсетках паведамленні ад ананімных карыстальнікаў з абразамі.
Спачатку Кацярына звязалася з адміністратарам сайта і папрасіла прыбраць здымкі, бо яны абражаюць яе гонар і годнасць, а таксама парушаюць закон аб аўтарскім праве. Але ёй у вельмі няветлівай форме адмовілі.
Тады Кацярына вырашыла звярнуцца ў міліцыю, пракуратуру і Раскамнагляд з абвінавачаннем «Двача» ў парушэнні закона аб забароне распаўсюджвання парнаграфіі і прапаганды ЛГБТ.
Атрымліваецца, што Кацярына, з'яўляючыся прадстаўніцай ЛГБТ (апошняя літара абрэвіятуры азначае «трансгендары») спрабуе выкарыстаць закон, накіраваны супраць такіх, як яна, людзей, з мэтай абароны сваіх правоў у канфлікце з сайтам.
Адзначым, што з 5 снежня 2022 года ў Расіі поўнасцю забаронена распаўсюджванне матэрыялаў, якія прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, педафілію і змену полу. За парушэнне прадугледжаныя буйныя штрафы.
Чытайце яшчэ:
Пуцін падпісаў закон аб поўнай забароне прапаганды ЛГБТ у Расіі
Качанава: Трэба прымаць закон супраць ЛГБТ, бо ў нас традыцыі, праваслаўе і Масква
-
У маскоўскім СІЗА знойдзены мёртвым турагент, затрыманы за арганізацыю падарожжаў для геяў
-
Расія выношвае планы захопу краін Балтыі, часткі Фінляндыі і Нарвегіі. НАТА змяняе планы процідзеяння ёй
-
«Першыя тры дні мы не чулі ад Расіі нічога, акрамя вар'яцкіх версій». Аліеў патрабуе ад Расіі выбачэнняў і прызнання віны
Каментары