«Ведалі б, не хавалі б тут». У Баранавічах адкрылі могілкі, на якіх праз асаблівасці грунту немагчыма паставіць помнік
У Intex-press звярнулася Рыта Кандратчык, якая распавяла, што не можа ўсталяваць помнік бацьку, пахаванаму на могілках у Лесіне. Праблема заключаецца ў тым, што арганізацыі, якія займаюцца ўстаноўкай надмагілляў, адмаўляюцца браць замову.
Пахаванні на новых гарадскіх могілках у Лесіне пачаліся ў снежні 2021 года. Сямʼя Кандратчык — адна з першых, хто пахаваў на гэтых могілках роднага чалавека. На гадавіну смерці бацькі Рыты, у маі 2023 года, яны планавалі паставіць помнік.
«Мы былі ў шоку! Мама плакала»
Па словах Рыты Кандратчык, у адну з баранавіцкіх арганізацый, якая займаецца ўсталяваннем помнікаў, яна з сямʼёй звярнулася ў лютым гэтага года. Хацелі абраць падвойны помнік (маці Рыты жадае, каб яе пахавалі побач з мужам) і дамовіцца аб яго ўсталёўцы.
— Але нам… адмовілі. Сказалі, што не могуць устанавіць помнік цяпер з-за таго, што на могілках насыпны грунт. А ў нас, маўляў, яшчэ і падвойнае пахаванне, і помнік праз год упадзе. Да таго ж, яны не ведаюць, як зрабіць так, каб на гэтым участку ў будучыні пахаваць і другога чалавека, — распавядае гараджанка. — Мы былі ў шоку! Мама плакала… Каб ведалі мы ўсё гэта раней, дык не хавалі б тату на гэтых могілках. Мама хоча ляжаць побач з татам, для яе гэта прынцыпова!
Рыта зазначае, што звярталася і ў іншыя арганізацыі па вырабе і ўстаноўцы помнікаў, але і там атрымлівала падобныя адказы.
— Мы думалі крыху пашырыць плошчу ўчастка для пахавання і прапанавалі такі варыянт, але ў арганізацыях, куды мы звярталіся, сказалі, што браць больш за адведзеныя два метры нельга. І калі мы выступім за іх, то давядзецца ўсё зносіць, — на эмоцыях расказвае гараджанка. — Хтосьці гатовы ўзяцца за ўстаноўку помніка, але адразу папярэджвае, што адказнасць несці не будзе. Хтосьці наўпрост заяўляе, што не будзе ставіць, бо «праз год помнік ляжа», а кошт усёй працы ад 10 тысяч беларускіх рублёў. Гэта буйная сума.
Па словах Рыты, практычна ўсюды ёй адказвалі, што ўчасткі на новых могілках маленькія, і калі хаваць другога чалавека, то абсыплецца грунт першай магілы.
— Мы проста не разумеем, чаму ўсё гэта не было ўлічана пры адкрыцці новых могілак. І мы проста не ведаем, што нам рабіць цяпер! — абураецца Рыта. — І мы ж не адны такія.
«З часам скарг будзе больш»
Intex-press таксама звязаўся з некалькімі баранавіцкімі фірмамі, якія займаюцца ўсталяваннем надмагілляў. Аказалася, што ўсе яны ў курсе праблемы на новых могілках у Лесіне.
— Магу сказаць, што сёння з іх усіх могілак у Баранавіцкім раёне могілкі ў Лесіне — самыя праблемныя. Гэта і з-за грунту, і з-за памеру магіл, — адзначылі ў адной з арганізацый.
Але большасць усё ж спасылаюцца на нежаданне ўсталёўваць там помнікі, бо на ўчастку друзлы грунт. І даваць нейкую гарантыю на сваю працу «неяк не па-чалавечы».
— На месцы могілак выкарчоўвалі дрэвы. Ясна, што грунт парушаны, і ўтрамбоўвацца ён будзе яшчэ доўга. І нават не два-тры гады. Другая праблема — памеры пахаванняў. Яны замалыя. Асабліва для падвойнага пахавання, — тлумачыць спецыяліст баранавіцкай кампаніі, якая спецыялізуецца на пахаваннях і ўстаноўцы надмагілляў. — Так што скаргі ёсць, і з цягам часу іх будзе яшчэ больш.
Па каментарый журналісты таксама звярнуліся ў Баранавіцкую гарадскую ЖКГ. Там спачатку паабяцалі ператэлефанаваць, а праз пару дзён параілі накіраваць пісьмовы запыт.
-
У Мінску да Новага года паставяць незвычайную сцэну-піраміду. У чым яе асаблівасць?
-
У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА
-
«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры
Каментары