Квенцін Таранціна напісаў сцэнарый для свайго новага фільма, які, відаць, стане апошнім
Рэжысёр Квенцін Таранціна завяршыў працу над сцэнаром новага і, верагодна, апошняга свайго фільма, паведамляе Hollywood Reporter. Сцэнарый атрымаў назву «Кінакрытык» (The Movie Critic).
Паводле папярэдняй інфармацыі, карціна прысвечана Палін Кейл — амерыканскай журналістцы, адной з найбольш уплывовых спецыялістак у галіне кінакрытыкі. Дзеянне фільма будзе разгортвацца ў Лос-Анджэлесе 1970-х гадоў.
Чакаецца, што здымкі пачнуцца ўжо восенню гэтага года.
Раней галівудскі рэжысёр заяўляў пра жыццёвыя планы зняць не больш за 10 карцін і «сысці на пенсію да таго часу, пакуль яму споўніцца 60». Калі лічыць дзве часткі баевіка «Забіць Біла» за адну працу, то цяпер на рахунку 59-гадовага Таранціна акурат дзевяць карцін.Таму, калі ён выканае сваё абяцанне, гэты фільм мае стаць для яго апошнім.
Зрэшты, пра свой намер сысці з прафесіі Таранціна заяўляў і пасля выхаду свайго дзявятага фільма «Аднойчы ў Галівудзе» ў 2019 годзе.
Квенцін Таранціна, як рэжысёр, здабыў папулярнасць і вядомасць пасля выхаду ў 1994 годзе фільма «Крымінальнае чытво». Пра паспяховасць гэтага фільма сведчыць хоць бы тое, што пры бюджэце ў 8 млн даляраў карціна прынесла 100 млн даляраў прыбытку. Таксама яго праславілі фільмы «Забіць Біла», «Бясслаўныя вырадкі», «Джанга вызвалены».
Каментары