Фігурант справы «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль 47 дзён трымае галадоўку — яго змясцілі ў карцар
Аляксандр абвясціў галадоўку 31 снежня і з таго часу трымае яе.
У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада праходзіць суд па справе «Рабочага руху», фігурантамі якой з'яўляюцца адразу 10 палітзняволеных, сярод якіх — Аляксандр Капшуль. Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Прысуд па справе будзе абвешчаны 17 лютага ў 12:00 у адкрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.
З 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка працягваецца 47 дзён, пры гэтым першыя некалькі дзён ён не піў нават вады.
Нагадаем, Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.
З 10 лютага Аляксандр знаходзіцца ў карцары СІЗА №3.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-3, 246003, Гомель, вул. Кніжная, 1А, Аляксандр Сяргеевіч Капшуль.
Каментары