Грамадства

Выскачыў на хаду з вагона і зламаў нагу, спрабуючы пазбегнуць затрымання. Гісторыя супрацоўніка «Нафтана», якога судзяць за «здраду дзяржаве»

Калісьці былы юрысконсульт «Нафтана» Аляксандр Капшуль дапамагаў прадпрыемству выйграваць спрэчкі з іншымі кампаніямі, цяпер жа ён абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве — за дапамогу завадчанам. Паўтара месяца таму ён абвясціў галадоўку ў ізалятары. Расказваем гісторыю актывіста, якога пасля ўцёкаў «вяртаў» КДБ.

Аляксандр Капшуль у Гомельскім абласным судзе. Фота: «Гомельская праўда»

Таемна з Расіі вывезлі ў Мінск 

44-гадовы Аляксандр Капшуль абвясціў галадоўку 31 снежня. Ён патрабуе ад адміністрацыі вязніцы выканання ўсіх нормаў і правілаў утрымання зняволеных.

«Галадоўка праходзіць пад наглядам дактароў, — кажа паплечнік актывіста Павел. — Каб падтрымліваць жыццядзейнасць арганізма Аляксандр прымае глюкозу і згушчонку. Ад іншай ежы адмаўляецца. Заяўляе, што будзе дабівацца свайго».

У турму Аляксандр Капшуль трапіў за ўдзел у пратэстах і за прафсаюзную дзейнасць. Яго і яшчэ дзевяцярых актывістаў абвінавачваюць «у здрадзе дзяржаве», «стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні», а таксама ў шэрагу іншых «злачынстваў». Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Усе фігуранты прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Крымінальную справу ад 9 лістапада 2022 года на закрытым працэсе разглядае Гомельскі абласны суд.

Аляксандра Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на расійска-ўкраінскай мяжы. Пасля яго перадалі КДБ Беларусі, які вывез яго ў Мінск.

З Расіі Аляксандр Капшуль спадзяваўся прарвацца ў Польшчу. Разлічваў, што расійская паліцыя і спецслужбы не стануць яго затрымліваць.

«Ён саманадзейна ўзяў білет на самалёт да Варшавы і збіраўся з маскоўскага аэрапорта вылецець у Польшчу, — расказвае Павел. — Едучы цягніком у Расіі, падчас праверкі дакументаў ён зразумеў, што яго будуць затрымліваць на найбліжэйшай станцыі. Здолеў у тамбуры адчыніць дзверы і выскачыў на хаду з вагона. Зламаў нагу, вывіхнуў руку, але добрыя людзі аказалі яму дапамогу і завезлі да расійска-ўкраінскай мяжы».

Суд над фігурантамі справы «Рабочага руху». Фота: «Гомельскія ведамасці»

Аляксандра затрымалі на памежным пераходзе пры праверцы дакументаў.

«Ён ні ў якіх базах не фігураваў. Мы высвятлялі гэта па сваіх каналах, але яго там чакалі, — даводзіць Павел. — Пераходзіць афіцыйна мяжу было неразумна, але іншага выйсця не было, пагатоў са зламанай нагой, пашкоджанай рукой. Яго трымалі на мяжы, пакуль не прыехалі супрацоўнікі КДБ. Ніякіх судовых пастаноў аб экстрадыцыі не было. Проста незаконна вывезлі з Расіі ў Беларусь».

Па словах Паўла, пра затрыманне Аляксандра стала вядома з крыніц, якія падтрымлівалі сувязь з ім падчас яго знаходжання ў Расіі.

За тры дні да затрымання супрацоўнікі КДБ падчас вобшуку на лецішчы ў Капшуля знайшлі старыя патроны. Як заяўляецца ў тэлеграм-канале «Рабочы рух», іх падкінулі спецслужбоўцы. Сярод артыкулаў абвінавачвання ў Капшуля значацца і «незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі».

20 гадоў адпрацаваў на наваполацкім «Нафтане»

На «Нафтане» Аляксандр Капшуль адпрацаваў 20 гадоў. У лютым 2021 года быў звольнены фармальна за прагулы.

Ён выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ. Ва ўніверсітэце вучыўся па мэтавым накіраванні завода «Палімір», структурнага падраздзялення «Нафтана».

Працаўнікі «Нафтана» на мітынгу 17 жніўня 2020 года. Фота: «Веснік Нафтана»

На «Паліміры» шмат гадоў працаваў бацька Капшуля, спачатку эканамістам, а затым начальнікам аховы. Са сваёй жонкай Аляксандр пазнаёміўся таксама на прадпрыемстве.

У іх двое сыноў-падлеткаў. Павел характарызуе сябра як сур’ёзнага, мэтанакіраванага, але з выдатным пачуццем гумару чалавека.

«Ён цудоўны суразмоўца. Умее расслабляцца. Ведаю, што бавіў час, наведваючы лазню. З дзецьмі гойсаў на роварах. Казаў, што робіць усё для будучыні сваіх дзяцей. Каб яны маглі жыць у нармальнай краіне, калі выходзяць на вуліцу, каб іх не арыштавалі, не збілі, не пасадзілі», — падкрэслівае Павел.

Сам Аляксандр казаў, што аддаваў перавагу быць з сям'ёй, калі меў вольны час. Штопятніцу разам яны праглядалі новы фільм. 

Аляксандр шмат высілкаў уклаў у будаўніцтва лецішча, дзе з сям'ёю адпачываў у выхадныя. Любіў вэндзіць рыбу і мяса. Хадзіў з дзецьмі на возера, у басейн. Важдаўся з тэхнікай: машынай і кампʼютарам.

Бараніў інтарэсы дзяржаўнага бізнэсу ў спрэчках з працоўнымі

Да падзей 2020 года Аляксандр Капшуль бараніў інтарэсы прадпрыемства ў судовых справах са звольненымі працаўнікамі.

«У асноўным іскі падаюць людзі, звольненыя «па артыкуле». Але ніводнай такой справы прадпрыемства не прайграла», — казаў ён.

Аляксандр Капшуль, 2017 год. Фота: gazeta.naftan.by

Аляксандр Капшуль бараніў інтарэсы «Нафтана» ў спрэчках з іншымі прадпрыемствамі.

«Аднойчы мы амаль восем месяцаў судзіліся з будаўнічай арганізацыяй. Пасля падпісання акта здачы-прыёмкі выкананых работ выявіліся, можна сказаць, схаваныя дэфекты, — расказваў ён у 2017 годзе. — У выніку выйгралі, атрымаўшы права не плаціць за гэту работу. Гэта было гадоў дзесяць таму, сума ўгоды складала каля 75 млн рублёў».

Калега Аляксандра па праваабарончай дзейнасці Святлана адзначае, што «ён пасля 2020 года перастроіўся і стаў абараняць правы працоўных».

«Аляксандр не мог прыняць парушэнняў правоў работнікаў, якія дапускаліся дзяржавай і дзяржаўнымі прадпрыемствамі, — кажа яна. — Ён бараніў працоўных, як юрыст, у рамках прававога поля — нацыянальнага і міжнароднага. Гэтыя законныя дзеянні ў тым ліку сталі падставай для пераследу яго дзяржавай. Аляксандр не змяніўся ў турме, яго не зламалі, і ён працягвае змагацца за свае правы, падае скаргі». 

Падзеі 2020 года называў «прававым бясчынствам»

Да пратэстаў 2020 года Павел і Аляксандр не былі знаёмыя, хоць і працавалі на «Нафтане». У Аляксандра быў кабінет у будынку заводскага ўпраўлення, а Павел быў заняты на самой вытворчасці.

Абодва выступалі на мітынгах. Пасля ўдзельнікі збіраліся абмяркоўваць далейшы ход пратэснага руху, і на такіх сходках мужчыны пасябравалі.

«У краіне чыніўся гвалт, людзей збівалі, і працоўныя выйшлі супраць несправядлівасці. Аляксандр быў абураны тым, што адбывалася. Выказваў сваю пазіцыю кіраўніцтву прадпрыемства, спрачаўся з чальцамі выбарчых камісій, з якім быў знаёмы па працы», — расказвае Павел.

Аляксандр Капшуль, 2020 год. Фота: instagram «Страна для жизни»

У 2020 годзе Аляксандр стаў сябрам Беларускага незалежнага прафсаюза. У ім бараніў працоўных ад ціску наймальніка і дзяржаўнага прафсаюза, які заяўляў, што па-за палітыкай, але садзейнічаў звальненню работнікаў.

«Ён прафесійны, дасведчаны юрыст, хаця яго спецыфіка не працоўнае заканадаўства, а міжнародныя адносіны. Сваю пазіцыю ў судах даводзіў аргументавана, з фактамі парушэння заканадаўства. Супрацьлеглы бок, пазіцыю прадстаўнікоў прадпрыемства, пракуророў, якія часам прысутнічалі на працэсах, разносіў ушчэнт», — адзначае Павел.

Заява Аляксандра Капшуля адміністрацыі «Нафтана» аб далучэнні да стачкі. Фота: instagram «Страна для жизни»

Аляксандр Капшуль у пачатку снежня 2020 года далучыўся да агульнанацыянальнай стачкі. Праз 2,5 месяца, у лютым 2021 года, яго звольнілі.

«Ён, як іншыя работнікі прадпрыемства, напісаў заяву і не выходзіў на працу, — даводзіць Пётр. — Як і ўсіх страйкоўцаў, фармальна яго звольнілі за прагулы».

Аляксандр Капшуль падзеі 2020 года называў «прававым бясчынствам».

Ён заяўляў, што законы змяняюцца не для абароны правоў народа як адзінай крыніцы ўлады, а для яго падаўлення. Даводзіў, што кіраўніцтва «Нафтана» цісне на работнікаў за іх грамадзянскую пазіцыю і прафсаюзную прыналежнасць. 

Што такое справа «Рабочага руху»

Справа «Рабочага руху» з'явілася з затрымання ў 2021 годзе двух дзясяткаў работнікаў прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Некаторых пазней адпусцілі. Справу расследаваў КДБ і назбіраў 38 тамоў матэрыялаў.

Паводле спецслужбаў, фігуранты збіралі і перадавалі «службовую інфармацыю абмежаванага характару» замежным дзяржавам. Аб'яднанне працоўных 21 верасня 2021 года прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй.

Прапагандысты заяўлялі, што прадстаўнікі «Рабочага руху» нібыта рыхтавалі забастоўкі і дыверсіі, займаліся прамысловым шпіянажам пад кантролем амерыканскіх і літоўскіх спецслужбаў.

Фігуранты справы «Рабочага руху»: Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, Аляксандр Гашнікаў, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Сяргей Шэлест, Валянцін Цераневіч, Уладзімір Жураўко. Фота: t.me/rabochyruh

Разам з Аляксандрам Капшулем судзяць:

— Ігара Мінца з «Нафтана»;

— Ганну Аблаб і Сергея Дзюбу з Беларускай чыгункі;

— Уладзіміра Жураўко, Сяргея Шэлеста, Андрэя Пагерылу з «Гродна Азота»;

— Аляксандра Гашнікава з Беларускага металургічнага завода;

— Валянціна Цераневіча з «Гродна Хімвалакна»;

— Сяргея Шамецьку з «Атланта».

Ініцыятыву «Рабочы рух» заснавалі лідары і актывісты забастовак 2020 года для абароны правоў і свабод грамадзян і для каардынацыі патэнцыйных забастовак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Фігурант справы «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль 41 дзень трымае галадоўку

У Гомелі пачаўся суд над працоўнымі з «Рабочага руху»

«Зразумеў, што затрымаюць і выкінуўся з цягніка». Дзесяцярых беларусаў будуць судзіць за «здраду дзяржаве» — падрабязнасці справы «Рабочага руху»

Каментары

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля9

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →