Украінец-камандзір Эдуарда Лобава просіць прызнаць яго Героем Украіны
Адпаведная петыцыя створана на сайце прэзідэнта Украіны. Аўтар петыцыі — камандзір Лобава Іван Завяршынскі. Ëн апісаў геройскі апошні бой беларуса.
Ва Украіне заклікаюць даць званне Героя Украіны беларусу Эдуарду Лобаву, які загінуў у баі. Аўтар петыцыі — ягоны камандзір Іван Завяршынскі, якога Эдуард цаной уласнага жыцця ўратаваў.
«Ён мог жыць у Літве, атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы, стаць лідарам беларускай моладзі. Але ён цвёрда вырашыў, што паедзе добраахвотнікам ва Украіну», — кажа аўтар петыцыі і дзеліцца абставінамі біяграфіі і апошняга бою.
«У сваім апошнім баі Эдуард Лобаў сваімі дзеяннямі выратаваў маё жыццё. Расіяне высадзілі дэсант недалёка ад нашых пазіцый. Эдуард выйшаў з акопа і спакойна адзінкавымі стрэламі з аўтамата расстраляў усіх ворагаў. Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі эвакуяваць мяне з поля бою.
Смяротнае раненне Эдуард Лобаў атрымаў ад трапляння асколка танкавага снарада, калі страляў па варожым танку з Javelin. Гэта быў блізкі бой і экстранна эвакуяваць Эдуарда з поля бою не было магчымасці».
Іван Завяршынскі зазначае, што за час службы Эдуард Лобаў паказаў сябе як сумленны воін. «Заўсёды імкнуўся павысіць свае навыкі, праходзіў дадатковыя курсы. Яшчэ добраахвотнікам на Данбасе ён атрымаў тры ўзнагароды. Эдуард удзельнічаў у абароне Кіева, Чарнігава, Бахмута, Вуглядара. Атрымаў за гэта 4 мая 2022 года ўзнагароду «За ўзорнасць у ваеннай службе» III-й ступені. Раней Эдуард Лобаў быў узнагароджаны медалём ветэрана вайны і Казацкім Крыжам III-й ступені.
Каментары