Жыхара Докшыцкага раёна асудзілі на 4,5 года калоніі і далі вялікі штраф
Сяргею Грыбовічу з вёскі Сітцы Докшыцкага раёна прысудзілі 4,5 года калоніі за каментарыі і каля 7000 рублёў штрафу.
Суд над 54-гадовым мужчынам пачаўся яшчэ ў лістападзе ў Віцебскім абласным судзе. Сяргея Грыбовіча затрымалі на пачатку сакавіка 2021 года і першапачаткова выставілі абвінавачанне па двух артыкулах: арт. 130 Крымінальнага Кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 361-3 Крымінальнага Кодэкса (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). Затым у судзе агучылі ўжо 5 артыкулаў:
— арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады),
— арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь),
— арт. 130 (распальванне варожасці),
— арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі),
— арт. 361-3 (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы.
Таксама неўзабаве пасля затрымання на адным з праўладных каналаў выйшла «пакаяннае відэа», дзе Сяргей Грыбовіч казаў, што выказаў жаданне ваяваць ва Украіне. Для гэтага ён запоўніў анкету ў Telegram, адгукнуўшыся на заклік былога рэстаратара і актывіста Вадзіма Пракоп’ева, які 5 сакавіка абвясціў набор трохсот беларусаў у батальён добраахвотнікаў, каб бараніць Украіну ад расійскай агрэсіі.
Суд над палітвязнем праходзіў у закрытым рэжыме.
Каментары