У Гомелі пачынаецца суд за здымак аэрадрома ў Зябраўцы і «здраду дзяржаве»
Гомельскі абласны суд 3 студзеня пачынае разгляд крымінальнай справы жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгена Глушкова, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».
Судовы працэс прызначаны весці суддзя Алег Харошка.
32-гадовы Яўген Глушкоў быў затрыманы яшчэ ў жніўні, з таго часу жыхара Гомельскага раёна трымаюць у СІЗА-3.
Ён апошні час жыў у вёсцы Зябраўка Гомельскага раёна. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны размяшчаюцца расійскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракет па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
Яўген скончыў Ветэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спецназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падраздзяленняў беларускага войска. Пасля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Украіне (ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага, Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 года. З'ехаў з-за кавідных абмежаванняў.
Па інфармацыі некаторых СМІ, пасля таго як у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрома, які ён рабіў з дрона. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны наўмысна дапамог замежнай дзяржаве ў правядзенні дзейнасці на тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў, загадзя накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару пра аб'екты ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым ліку пра беларускія ваенныя аб'екты. Пасля з выкарыстаннем месенджара Telegram перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.
Па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса Глушкову можа пагражаць да 15 гадоў зняволення.
Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Каментары