Калі хочаце доўга цешыцца жывым дрэвам, скарыстайцеся нашымі парадамі.
Перад Новым годам і Калядамі варта згадаць хатнія спосабы падоўжыць жыццё ялінцы. Іх выкарыстоўвалі нашы бабулі, а цяпер іх можам узяць на ўзбраенне і мы, каб навагодняе дрэва не губляла іголле.
Па-першае, ставячы яліну ў падстаўку, падрэжце нажоўкай яе ствол, каб ялінка лепей убірала ваду.
У ваду пад ялінку дадавайце трохі цукру. Ëн будзе сілкаваць расліну.
Яшчэ адзін метад — пакладзіце ў падстаўку з вадой, у якім стаіць елка, некалькі медных манет. Дзякуючы гэтаму вада не будзе цвісці. Калі ялінка стаіць не ў вадзе, а ў вазоне з зямлёй, проста пакладзіце медныя манеты ў кубак з вадой і потым паліце дрэва гэтай вадой.
Важна і тое, пры якой тэмпературы мы захоўваем дрэва. Ялінка нашмат лепш захоўваецца на марозе, таму, калі вы купляеце яе загадзя, пакладзіце елку на балконе. Таксама не стаўце елку блізка да батарэі, бо ад гэтага ігліца будзе падаць хутчэй. Што да гірляндаў, то лепш выбіраць святлодыёдныя, бо яны не так моцна награваюцца.
Эксперты раяць набываць елку ў вазоне, а не спілаваную. Ссечаныя дрэвы губляюць ігліцу нашмат хутчэй, чым тыя, што растуць у зямлі. Ялінка ў вазоне мае і дадатковыя плюсы: яе можна трымаць на балконе круглы год.
Каментары