У гарадзенца дыягнаставалі клешчавы энцэфаліт.
«Мужчына неаднаразова адчуваў, што да яго прысмоктваюцца членістаногія, аднак не надаваў значэння гэтаму, выцягваў кляшчоў самастойна», — патлумачыла доктар-эпідэміёлаг Гродзенскага занальнага ЦГЭ Ганна Капусцінская.
Гэтым разам мужчына заразіўся на паляванні. Пасля вымання кляшча ён адчуў сябе дрэнна і звярнуўся да медыкаў. Сярод скаргаў былі галаўны боль, млоснасць і высокая тэмпература, якая даходзіла да 39 градусаў.
«Мы настойліва раім прышчапляцца тым, хто часта наведвае лес. Пацярпелыя ад укусаў павінны абавязкова звярнуцца ў паліклініку нават пасля самастойнага выдалення кляшча, дзе за імі будзе ўстаноўлена медыцынскае назіранне і прызначана прафілактычнае лячэнне», — дадала эпідэміёлаг.
Укус кляшча можа быць небяспечны, бо членістаногі ёсць пераносчыкам прынамсі дзесяці інфекцыйных захворванняў, у тым ліку клешчавога энцэфаліту і хваробы Лайма.
Каментары