«Яе ахоўваюць трое, адзін — з аўтаматам». Што вядома пра Марыю Калеснікаву, якая трапіла ў рэанімацыю
Крыніцы Свабоды паведамляюць, што Марыя Калеснікава да гэтага часу ў рэанімацыі гомельскага шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі, у хірургічную палату яе пакуль не перавялі.
Увечары 29 лістапада з'явілася інфармацыя, што Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла аперацыю. Пра стан палітзняволенай нічога не вядома, адваката да яе пакуль не дапусцілі.
«Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзялення, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калеснікаву ахоўваюць трое. Двое — унутры палаты, і адзін з аўтаматам звонку, каля дзвярэй», — паведаміла крыніца Свабоды.
Суразмоўца зазначае, што ў шпіталі «ўсе на вушах», і ніхто не будзе даваць аніякіх каментароў. Для пацыентаў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, размешчаны ў самым цэнтры Гомеля ля гарадскога парку, ёсць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.
«Але яе пакуль туды не перавялі», — кажа крыніца Свабоды.
Калі вы ці вашы знаёмыя працуюць у бальніцы Гомеля і вы маеце больш інфармацыі пра Марыю Калеснікаву, пішыце нам у @nasa_niva_bot ці на [email protected]. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Каментары