Грамадства2323

Другое прышэсце Канаплёва: Лукашэнка вярнуў у фавор былога найлепшага сябра, які яго ледзь не скінуў

Як расказалі «Нашай Ніве» дзве не звязаныя між сабой крыніцы, пры двары Лукашэнкі зноў з'явілася дэманічная фігура Уладзіміра Канаплёва — шклоўскага ўчастковага, сябра маладосці Лукашэнкі, які ў адзін момант узнёсся настолькі, што задумаў скінуць свайго патрона, за што і паплаціўся. На фоне новага ўзвышэння Канаплёву пачало здавацца, што яму многія павінны за старыя справы. 

Уладзімір Канаплёў, фота: Прэсбол

Як стала вядома «Нашай Ніве», былы «найлепшы сябар Аляксандра Лукашэнкі», былы старшыня Палаты прадстаўнікоў і былы ўчастковы са Шклова Уладзімір Канаплёў нечакана выйшаў з нябыту пасля шматгадовай апалы і зноў стаў набліжаным да Лукашэнкі. 

Вядома мінімум пра адну «афіцыйную» сустрэчу Канаплёва з Лукашэнкам асабіста, пра якую ў дзяржаўных СМІ паведамленняў не было.

Але знаёмыя з сітуацыяй у «палацы» тлумачаць, што Канаплёў, хоць яшчэ і не з'яўляецца на ТБ, ужо стаў частым госцем на мерапрыемствах у вузкім коле. 

«Цяпер яму шукаюць месца ў сістэме, хочуць неяк яго ўбудаваць», — дадаюць абазнаныя. 

Прычыны палітычнай рэінкарнацыі старшыні федэрацыі гандбола, пра «слаўныя часы» якога цяпер няма ніводнай згадкі ў БелТА, дакладна невядомыя. 

Назіральнікі звязваюць гэта са своеасаблівым маральна-псіхалагічным станам Лукашэнкі, які жыве ў атмасферы вечнага недаверу, у якой няма адкуль узяцца новым сябрам — прыходзіцца ўспамінаць пра старых. 

«Тым больш, што з часоў сваёй здрады і адстаўкі пры канцы 2007-га ён ужо ні словам ні паўсловам не пасягаў на лукашэнкава, прамаўчаў у 2020-м, не перамятнуўся, застаўся ўжо з вернасцю пабітага сабакі. 15 гадоў сядзеў ціха і маўчаў. Думаю, гэта заўважана і ацэнена», — дадае іншы суразмоўца. 

Да «Нашай Нівы» даходзяць сігналы, што Уладзімір Канаплёў пачаў аднаўляць старыя «патрон-кліенцкія сувязі» ў беларускім бізнэсе — у якасці патрона. 

Уладзімір Канаплёў быў вельмі блізкі да Аляксандра Лукашэнкі падчас аперацыі па фізічнай ліквідацыі палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999—2000 гадах. 

Мала ад каго можна пачуць пазітыўную характарыстыку гэтага 68-гадовага мужчыны з цяжкім позіркам, але гэта сімптаматычная фігура ў гісторыі беларускай дыктатуры. 

Гэты ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх у Шклове сябраваў са сваім аднагодкам, дырэктарам саўгаса Аляксандрам Лукашэнкам. Калі той прабіўся ў дэпутаты ў 1990 годзе, Канаплёў стаў памочнікам. 

У 1994 годзе менавіта Канаплёў стаў маторам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, былы ўчастковы стаў, фактычна, другім чалавекам у краіне. Ëн быў непатапляльным рашалам, які мог адным званком закрыць любое пытанне ў краіне: выдачу зямлі, спыненне праверкі, прызначэнне кадра ці звальненне.

Усё гэта ён рабіў «імем прэзідэнта». Ніхто не ведаў, што ў рэальнасці яму сказаў Лукашэнка, але ўсе ведалі, што Канаплёў з Лукашэнкам гаворыць на «ты». 

«Канаплёў быў вышэйшы за генпракурора і прэм'ера, яны былі так — прызначэнцы, а Канаплёў — дарагім сэрцу Лукашэнкі», — кажуць тыя, хто сутыкаўся з уплывам гэтага чалавека. 

Блізкасць да сонца закруціла галаву ўчастковаму. 

«У Магілёўскай вобласці Канаплёву ўсе кланяліся, любы чыноўнік. Ён там быў богам тады. Сувязі па краіне былі вялізныя, грошы да яго цяклі.

У нейкі момант Канаплёву падалося, што ён ужо настолькі моцны, што можа Лукашэнку замясціць і кіраваць лепш. Ëн стаў ездзіць па краіне і фарміраваць сваю групоўку. І тады ў магілёўскіх лазнях пачалі падымаць тосты «за новага прэзідэнта». А сам Канаплёў паехаў на «агледзіны» ў Маскву. 

Канаплёў з Грызловым, старое фота. Вікіпедыя

Калі пра гэта даклалі Лукашэнку, той быў у шаленстве. Але чапаць Канаплёва было нельга, бо ён «быў у Маскве». Таму пачалі выразаць усё, што было навокал. 

Усіх, хто яму прысягнуў, перасаджалі. Фактычна, у гэты момант перастаў існаваць «магілёўскі клан» як кузня кадраў для лукашэнкаўскай улады — Лукашэнка намаганнямі Канаплёва перастаў давяраць сваім землякам. Магілёўскія потым не ўзляталі ніколі. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», менавіта з той гісторыяй быў звязаны ад'езд з Беларусі заснавальнікаў «Еўраопта» Уладзіміра Васілько і Сяргея Літвіна, бо яны падтрымлівалі блізкія адносіны з Канаплёвым.

«Некаторыя нават меркавалі, што яны зіц-старшыні фунты, а бізнэс створаны Канаплёвым. Але ён як бізнэсмен слабы, у яго б нічога не атрымалася, таму я ў такую тэорыю не веру. Літвіна і Васілько неяк запісалі ў блізкія кантакты Канаплёва, але іх папярэдзілі і яны з'ехалі — вось і ўсё», — тлумачыць «Нашай Ніве» ветэран сілавых структур, які назіраў падзеі на ўласныя вочы. 

У 2007-м Уладзімір Канаплёў сышоў у адстаўку «па стане здароўя» з пасады кіраўніка Палаты прадстаўнікоў.

Страціўшы і афіцыйныя, і неафіцыйныя рычагі ўлады, Канаплёў застаўся, аднак, старшынёй федэрацыі гандбола. 

А ў 2013-м Канаплёў нават трапіў у СІЗА па справе намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава. На судзе ён абышоўся штрафам, але атрымаў таўро судзімага. 

Калі вы ведаеце больш на гэтую ці іншыя тэмы, звяжыцеся з аўтарам праз тэлеграм @artsiom_harbatsevich ці мэйл [email protected]

Каментары23

  • Anatol Starkou
    24.11.2022
    Цікава. Цікава не тое, што надрукавала НН, а тое, што яна не надрукавала. Відаць у сённяшняй рэдакцыі маладыя рэдактары. Яны й не маглі ведаць наступнае. Каротка.
    .
    Памятаеце быў у нашае нядаўняй гісторыі момант, звязаны з імпічментам Лукашэнкі і Трыма Рускімі Багатырамі, якія нечакана прыехалі ў ноч з Масквы, пасля якой Канстытуцыйны суд збіраўся разглядаць справу Рыгоравіча, і калі б пачаў, то пакуль не разабраўся б, АГЛ быў бы адстранёны Судом ад пасады. Часова, а па выніку разгляду справы мо й назаўжды.
    .
    І вось падпісалі ў тую ноч нашы (Ціхіня, Шарэцкі і Лукашэнка) ў прысутнасці Селезнева, Черномырдина и Строе важкую паперу. Яе сутнасць: КС не пачынае разгляд справы аб імпічменту, ВС зацверджвае гэтую паперу, а прэзідэнт падтанцовывае ВС і нешта адзывае з сваі пастаноў. 
    ,
    І вось у суботу раніцай пасля тае ночы сабраўся ВС, каб выканаць сваю частку тае дамовы, падпісанай ноччу.
    Дэпутаты збіраюцца галасаваць. Пачынаюць галасаваць. І ў гэты момант, прэзідэнт Лукашэнка, які прысутнічаў у зале ВС, па рацыі (радыётэлефон) звоніць кіраўніку прэзідэнцкай фракцыі у ВС КАНАПЛЁВУ, які таксама ў зале разам з лукашэнкаўскай фракцыяй, і кажа Канаплёву: НЕ ГАЛАСАВАЦЬ! Фракцыя не галасуе і ВС не хапае галасоў, каб выканаць начную дамову, і такім чынам на падставе не выканання ВС начной дамовы Рыгоравіч разганяе ВС, затым КС, і застаецца па сённяшні дзень ва ўладзе ў якасці прэзідэнта. Ўсё гэта я бачыў на свае вочы па TV. Хіба што не чуў, голас Лукашэнкі ў момант перадачы каманды Канаплёву па рацыі. Але бачыў рэакцыю Канаплёва і фракцыі Лукашэнкі.
    .
    Дык вось, я сто разоў думаў пра гэтую самую важкую падзею ў нашай найновай палітыцы, і прыйшоў да высyовы, што гэткі план ТАДЫ МЫ НЕ МАГЛІ РАСПРАЦАВАЦЬ. Тямы не хапала. План прывезлі з Масквы три русских богатыря. Гэты план распрацаваў Крэмль. 
  • Железный Дровосек
    24.11.2022
    Ещё один кал-хозник с рускам савецким языкам. Всю эту нечисть.......
  • Anatol Starkou
    24.11.2022
    Дадам, што калі да дэпутатаў ВС даляцела, што іх кінулі, на трэбуну выйшаў дэпутат Клімаў і пачаў крыць спадара Шарэцкага, маўляў, чаго пайшоў у тую ноч на той савет, і заадно крыў Лукашэнку, які прысутнічаў у Зале ВС. Пасля гэтай прамовы ў Андрэя пачаліся мягка кажучы вялізныя праблемы. Канец бізнесу, зона і страта здароўя. 
    Што з ім зараз ня ведаю.

Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не15

Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не

Усе навіны →
Усе навіны

«Пераліванне крыві» змяняе рынак працы ў Беларусі. Нізкакваліфікаваных работнікаў дэфіцыт, высокакваліфікаваныя вяртаюцца12

Вось за што бізнэсоўцу Сяргею Юнчыцу прысудзілі пяць гадоў калоніі і 20 тысяч рублёў штрафу10

З'явілася ВІДЭА, як Полк Каліноўскага ваюе ў Харкаўскай вобласці19

Эканаміст Львоўскі: Насельніцтва ў Беларусі ўжо хутчэй за ўсё меншае за 9 мільёнаў17

Краіны БРІКС адмаўляюцца разам з Пуціным змагацца супраць Захаду і даляра4

У Польшчы затрымалі дыверсантаў, якія рассылалі па Еўропе пасылкі з выбухоўкай7

Пазняк заклікаў байкатаваць выбары 26 студзеня109

«Бу! Спужаўся?» Мем са стромным катом запаланіў інтэрнэт15

Кныровіч патлумачыў, чаму лепш галасаваць на выбарах за Гайдукевіча, чым за Лукашэнку29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не15

Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не

Галоўнае
Усе навіны →