У Мінску будуць судзіць хлопца, які забіў 15 катоў. Ён купляў іх праз інтэрнэт
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб жорсткім абыходжанні з жывёламі, паведамляе прэс-служба ведамства. Паводле матэрыялаў справы, хлопец забіў 15 катоў розных парод і ўзростаў. Ён купляў жывёл праз інтэрнэт.
«Падчас допыту малады чалавек растлумачыць свой учынак не змог. З яго слоў, шматлікія ўдары рукамі і нагамі ён наносіў па розных частках целаў жывёл з-за дрэннага настрою. У адным з выпадкаў фігурант кінуў кацяня аб дрэва ў лесапарку сталіцы. Целы памерлых жывёл ён выкідваў праз балкон ці ў смеццевыя кантэйнеры. Варта адзначыць, што свае злачынныя дзеянні малады чалавек здымаў на камеру мабільнага тэлефона», — распавялі ў Следчым камітэце.
Паводле заключэння стацыянарнай судова-псіхіятрычнай экспертызы, фігурант у момант здзяйснення злачынстваў ўсведамляў фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі.
Па выніках расследавання 22-гадоваму хлопцу выстаўлена абвінавачванне па частках 1 і 2 арт. 339-1 (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яго гібель і калецтва, здзейсненае з хуліганскіх і іншых нізкіх намераў, здзейсненае паўторна).
Каментары