Пакінуў каментары пра вайскоўцаў і Лукашэнку. Што вядома пра пераслед аршанца, якога Расія выдае беларускім уладам
Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд 9 лістапада задаволіў запыт беларускага боку на экстрадыцыю 43-гадовага жыхара Оршы Андрэя Рускіх. Яго затрымалі 28 мая ў Санкт-Пецярбургу — ужо пяць з паловай месяцы яго ўтрымліваюць у расійскім СІЗА, піша «Вясна».
Згодна з версіяй абвінавачвання, Андрэй Рускіх 6 студзеня 2022 года ў «месенджары публічна размясціў каментар, змест якога накіраваны на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці ў адносінах да групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў ваенізаваных міністэрстваў і ведамстваў, падрыў даверу і ўзнікненне варожасці да іх, прыніжэнне гонару і годнасці, узмацнення нецярпімасці, фарміравання негатыўнага стэрэатыпу, адмоўнага ладу, антыпатыі, агіды і нянавісці ў дачыненні да названай сацыяльнай групы асоб, падбухторванне да ўжывання гвалту да іх, а таксама захоўваў і распаўсюджваў названы тэкст аж да 7 красавіка 2022 года».
Гэты каментар кваліфікавалі па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Акрамя гэта, аршанцу ставіцца ў віну ч. 1 арт. 368 КК — абраза Лукашэнкі.
Што цікава, адразу Андрэя абвясцілі ў вышук. Гэта адбылося 7 красавіка гэтага года. А толькі праз месяц — 11 сакавіка — супраць Рускіх вынеслі пастановы аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага і аб прымяненні завочнага ўзяцця пад варту ў адносінах аршанца. 28 мая Рускіх затрымалі ў Санкт-Пецярбургу па просьбе беларускіх уладаў. Генеральная пракуратура Беларусі накіравала запыт да расійскіх калегаў аб выдачы Андрэя Рускіх для прыцягнення да адказнасці па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). 21 верасня намеснік Генеральнага пракурора Расійскай Федэрацыі прыняў рашэнне аб задавальненні запыта Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Тэрмін утрымання Рускіх працягнуты да 27 лістапада. Цяпер Андрэй утрымліваецца ў СІЗА-1 Санкт-Пецярбурга.
Як расійскі суд абгрунтаваў, што гэта не палітычны пераслед аршанца
30 верасня адвакатка Рускіх звярталася ў Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд са скаргай на рашэнне намесніка пракурора аб выдачы Андрэя і прасіла адмяніць яго. Яна адзначыла, што аршанец прасіў палітычны прытулак у Расіі, але яму адмовілі, на што ён падаў скаргу. Таксама ў скарзе адвакатка адзначыла рызыку катаванняў і жорсткага абыходжання ў выпадку прымусовага вяртання Рускіх на радзіму, як у сувязі з прад'яўленымі абвінавачваннямі, так і падзеямі 2020 года ў Беларусі.
Але расійскі суд запэўнівае, што дзеянне, якое інкрымінуецца Рускіх, не можа быць аднесена да палітычных злачынстваў. Адзначаецца, што заканадаўства Расійскай Федэрацыі не ўтрымлівае паняцця «палітычныя злачынствы».
«Ва ўсіх выпадках пры рашэнні пытання аб выдачы Расійская Федэрацыя не будзе разглядаць у якасці «палітычных злачынстваў» або «злачынстваў, звязаных з палітычнымі злачынствамі» разам са злачынствамі, названымі ў артыкуле 1 Дадатковага пратакола 1975 года да Еўрапейскай канвенцыі аб выдачы 1957 года, шэраг дзеянняў, прадугледжаных адпаведнымі міжнароднымі дамовамі».
Суд спаслаўся і на Канвенцыю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па супрацьдзеянні экстрэмізму, згодна з якой «дзеянні, якія ахопліваюцца Канвенцыяй, ні пры якіх абставінах не могуць быць апраўданыя, а асобы, вінаватыя ў здзяйсненні такіх дзеянняў, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці». Дзеянні, якія ставяцца ў віну Рускіх, па меркаванні расійскага суда, падпадаюць пад яе.
«Іншае сцвярджэнне ў публікацыях незалежных праваабарончых праектаў прававога значэння не мае».
Таксама суд адрэагаваў на довады адвакаткі, што пераслед Рускіх звязаны з падзеямі 2020 года ў Беларусі:
«Беручы пад увагу, што прававой мэтай запыту аб выдачы Рускіх з'яўляецца крымінальны пераслед за ўчыненне дзеянняў ў перыяд з 6 студзеня па 7 красавіка 2022 года, падстаў да высновы пра ўплыў палітычных працэсаў лета-восені 2020 года, на вышук апошняга няма. Пры такіх абставінах, довады скаргі адваката ў частцы дэталяў палітычных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь у названы перыяд не могуць быць прынятыя пад увагу, паколькі не сведчаць аб тоеснасці названых абставін на перыяд, у які інкрымінуюцца дзеянні, і на цяперашні час».
Таксама расійскі суд назваў надуманымі довады адвакаткі Андрэя Рускіх аб наяўнасці рызык катаванняў і жорсткага абыходжання ў выпадку прымусовай выдачы беларуса Беларусі. Акрамя гэтага, як адзначае Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд, Рэспубліка Беларусь гарантавала, што Рускіх «у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права будуць прадастаўлены ўсе магчымасці для абароны, у тым ліку дапамога адвакатаў, ён не будзе падвяргацца катаванням, жорсткім, бесчалавечным, прыніжаючым годнасць відам абыходжання і пакарання». А Генеральная пракуратура Беларусі гарантавала, што запыт аб выдачы Рускіх не мае мэты пераследу па палітычных матывах.
«Гэтак жа Рэспубліка Беларусь гарантуе, што Рускіх будзе пераследвацца толькі за злачыннае дзеянне, за здзяйсненне якога запытана выдача, пасля адбыцця пакарання ён зможа свабодна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
«Якіх-небудзь даных пра тое, што Рускіх пераследуецца ўладамі Беларусі за палітычныя перакананні, па прыкметах расы, нацыянальнасці і веравызнання, не маецца, аб чым прадастаўлены адпаведныя і дастатковыя гарантыі», —прыйшла да высновы суддзя Санкт-Пецярбургскага гарадскога суда В. Кавалёва.
Андрэй — псіхолаг-сэксолаг, псіхатэрапеўт, трэнер у сферы трывожна-фабічных і сэксуальных разладаў, якія маюць псіхалагічную аснову. Ён аўтар некалькіх кніг па практычнай псіхалогіі, таксама вядзе сайт і старонкі ў сацсетках, дзе публікуе парады па розных псіхалагічных праблемах.
Каментары