Сёлета некалькі вядомых ІТ-кампаній, экс-рэзідэнтаў ПВТ, прынялі рашэнне закрыць свой бізнэс і сысці з Беларусі. Гэта Flo, Wannaby, OneSoil, WorkFusion, Wargaming. Dev.by знайшоў яшчэ 20+ ІТ-кампаній, якія выйшлі з ПВТ і запусцілі працэдуру ліквідацыі юрыдычнай асобы. Ёсць як беларускія стартапы, так і кампаніі з замежным капіталам.
EIS Group («Іншуранс Салюшэнс»)
- У ПВТ — снежань 2008
- Рашэнне пра ліквідацыю — ліпень 2022
«Іншуранс Салюшэнс» — падраздзяленне амерыканскай EIS Group. Гэта адна з асноўных сусветных кампаній, што ствараюць прадукты для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў страхавых кампаній. Платформа EIS Suite выкарыстоўваецца страхавымі кампаніямі па ўсім свеце.
Штаб-кватэра EIS — у Сан-Францыска, офісы распрацоўкі ёсць у тым ліку ў Канадзе, Літве, Латвіі, Украіне, Беларусі. Глабальны штат налічвае 1200+ чалавек, у Мінску працавала каля 250 чалавек.
Летась у ліпені EIS прыцягнула больш за 100 мільёнаў долараў ад міжнароднага інвестфонду TPG. Кампанія заяўляла, што частка інвестыцый пойдзе на развіццё мінскага офіса — яго планавалі пашырыць на 30 %.
Сёлета EIS прыкладна на 30 % павялічыла штат літоўскага офіса.
Літоўскае падраздзяленне EIS трапіла ў топ-50 кампаній сектара «інфармацыя і сувязь» па выплачаных падатках — 1,7 мільёна еўра за тры кварталы.
Vochi
- У ПВТ — снежань 2019
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
Vochi — AI-рэдактар, які ўмее распазнаваць аб’екты на відэа/фота і накладаць эфекты. Стартап быў заснаваны ў 2019 годзе Ільёй Лесуном, Ганнай Буглаковай, Васілём Касніцкім, Сяргеем Малюціным. Гэта партфельны праект інвестыцыйнай кампаніі Bulba Ventures Юрыя Мельнічка і Андрэя Аўсіевіча.
За два гады ад моманту заснавання Vochi прыцягнуў каля 4 мільёнаў даляраў. Сярод інвестараў — Angelsdeck, A.Partners, TA Ventures, Kolos VC, Startup Wise Guys, Flyer One Ventures, а таксама топ-менеджары беларускага Verv і эстонскага Bolt.
Пры канцы мінулага года Vochi купіла амерыканская Pinterest. Суму ўгоды бакі не раскрылі. Эксперты, апытаныя dev.by, казалі пра сумы ад 15 да 100 млн долараў.
Сёлета ў чэрвені Pinterest абвясціла пра адкрыццё офіса ў Варшаве. Ядром варшаўскага офіса планавалі зрабіць каманду Vochi.
Appodeal
- У ПВТ — верасень 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — студзень 2022
Appodeal Inc — сэрвіс для аптымізацыі даходаў ад мабільнай рэкламы, арыентаваны на распрацоўшчыкаў мабільных праграм. Яго запусціў у 2014 годзе расійскі бізнэсовец Павел Голубеў спачатку як унутраны сэрвіс (дапамагаў манетызаваць праграмы) для кампаніі-выдаўца гульняў Alfa Production, затым як асобны праект.
У 2018 годзе кампанія адкрыла офіс распрацоўкі ў Мінску. Тут працавала 50+ чалавек. Увосень 2020 года Павел Голубеў заявіў пра планы адкрыць офіс па-за межамі Беларусі і рэлакаваць супрацоўнікаў з Мінска. На той момант гадавая выручка кампаніі перавышала 100 мільёнаў долараў. Цяпер на сайце кампаніі пазначаныя кантакты офісаў у трох лакацыях — у Осціне, Барселоне і Варшаве.
Credentially («Доктар Фокусд»)
- У ПВТ — снежань 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — чэрвень 2022
Credentially — гэта брытанска-беларускі стартап у сферы HR для аховы здароўя. Прадукт спрашчае пошук, найманне і анбордзінг медперсаналу. Праект заснавалі праграміст Арцём Стаўпоўскі і доктар хуткай дапамогі Кіт Лэйзам.
У снежні 2018-га юрыдычная асоба ў Беларусі «Доктар Фокусд» стала рэзідэнтам ПВТ. Праз год, у снежні 2019-га, Credentially атрымаў амаль 2 мільёны долараў пасяўных інвестыцый.
Rampiq
- У ПВТ — кастрычнік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — май 2022
Rampiq — міжнароднае digital-агенцтва з офісамі ў ЗША, на Кіпры, у Расіі. Кампанія працуе на канкурэнтных рынках і дапамагае кліентам з розных сфер (SAAS, IT outsourcing, Ecommerce, AI/ML, CRM consulting, etc) атрымліваць больш прыбытку ад укладанняў у інтэрнэт-маркетынг.
У Беларусі быў адкрыты цэнтр распрацоўкі — «Рамп АйК’ю». Кампанія займалася прасоўваннем у інтэрнэце (стратэгічнае планаванне, SEO, кантэнтны маркетынг, кантэксная рэклама, вэб-аналітыка).
«Белкрыптасток»
- У ПВТ — снежань 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — май 2022
«Белкрыптасток» была створаная ў 2017 годзе. Займалася распрацоўкай праграмных кампанентаў для гандлю актывамі, праграмных рашэнняў для крыптавалютнага працэсінгу (апрацоўкі плацяжоў у крыптавалютах), праграмных рашэнняў для гандлю крыпта— і фіятнымі валютамі. Таксама кампанія распрацоўвала платформу для крыптабіржаў.
Cognitive Apps
- У ПВТ — кастрычнік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
Беларускі стартап «Когнітыў Апс» распрацаваў праграму, якая можа дыягнаставаць псіхічнае расстройства і даць парады па лячэнні. У 2020 годзе стартап прыцягнуў 100 тысяч долараў пры ацэнцы ў 1 мільён долараў.
CloudCall Group
- У ПВТ — сакавік 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — студзень 2022
Кампанія «КлаўдКол БіУай» спецыялізавалася на стварэнні праграмнага забеспячэння ў галіне інавацыйнай воблачнай службы сувязі. Распрацоўвала і падтрымлівала праграмны прадукт класа CTI (Computer Telephony Integration), які дазваляе інтэграваць сістэмы тэлефаніі з CRM-сістэмамі. Глабальны штат — 200 чалавек, у Беларусі працавала каля 30 чалавек.
Kreosoft
- У ПВТ — снежань 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — кастрычнік 2022
«КрэаСофт» займалася распрацоўкай праграмнага забеспячэння для аўтаматызацыі і аптымізацыі ўсіх працэсаў будаўнічага праектавання. Таксама стварала воблачныя рашэнні з выкарыстаннем вэб-тэхналогій, 3D графікі, машыннага навучання, штучнага інтэлекту для кліентаў з Вялікабрытаніі і ЗША.
WebSpace («Лібертайм»)
- У ПВТ — кастрычнік 2019
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
«Лібертайм» распрацоўвала карыстальніцкае праграмнае забеспячэнне, вэб-, мабільныя і дэсктопныя праграмы. Офісы кампаніі размешчаныя ў Сан-Францыска, Нью-Ёрку, Лондане. Таксама на сайце кампаніі па-ранейшаму ёсць кантактная інфармацыя пра мінскі офіс.
Neural Vision
- У ПВТ — сакавік 2021
- Рашэнне пра ліквідацыю — кастрычнік 2022
«Нюрал Віжн» была заснаваная ў 2020 годзе. Спецыялізуецца на машынным навучанні ў галінах тэхнічнага зроку і аналізу даных. Цяпер развівае рашэнні, звязаныя з кантролем якасці выпушчанай прадукцыі. Мяркуючы з інфармацыі на сайце, кампанія зарэгістраваная ў Польшчы.
Smart Satu («СмартСатуЛаб»)
- У ПВТ — сакавік 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
«СмартСатуЛаб» была цэнтрам распрацоўкі казахскага стартапа, які стварыў платформу для b2b-продажаў. Платформа дазваляе рабіць пакупкі праз інтэрнэт, таксама дае магчымасць крамам, рэстаранам адпраўляць прамыя заказы пастаўшчыкам, дыстрыб’ютарам, вытворцам. У Беларусі працавала невялікая каманда — 10+ чалавек.
STAARTER («Стаартэр Лабс»)
- У ПВТ — красавік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — красавік 2022
«Стаартэр Лабс» была створаная ў 2019 годзе. Асноўны напрамак бізнэсу — распрацоўка заказнога праграмнага забеспячэння (вэб— і мабільныя праграмы), праектаванне карыстальніцкага ўзаемадзеяння (UX Design) і дызайн інтэрфейсаў (UI Design) для кліентаў са сфер: HoReCa, турызм, сфера камунікацый і маркетынг.
У прыватнасці, каманда стварала праграму на аснове геалакацыі, якая дазваляе знаёміцца і камунікаваць.
Fairmarkit («Фэйрмаркіт»)
- У ПВТ — ліпень 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — чэрвень 2022
«Фэйрмаркіт» была цэнтрам распрацоўкі амерыканскай карпарацыі Fairmarkitinc (галаўны офіс у Бостане). Распрацоўвала SAAS-платформу fairmarkit.com для аддзелаў закупак буйных карпарацый.
Frontbyte
- У ПВТ — верасень 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — ліпень 2022
«Франтбайт» — даччыная кампанія нарвежскай карпарацыі Frontbyte AS.
Мінскі офіс запрацаваў у 2017 годзе. Кампанія распрацоўвала праграмы для спорту і здаровага ладу жыцця. Флагманскі праект — BirdieEyes — стаў афіцыйнай праграмай нарвежскай федэрацыі гольфа. Гэта платформа, якая аб’ядноўвае гульцоў і гольф-клубы.
Exto Digital
- У ПВТ — красавік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
«Экста Дзіджытал» распрацоўвала софт для электроннай камерцыі на базе платформы Shopify з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.
Exto.io («ЭКСТА ЕКОМЕРС»)
- У ПВТ — верасень 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — ліпень 2022
«ЭКСТА ЕКОМЕРС» — беларуская кампанія, заснаваная ў 2017 годзе. Распрацоўвала праграмы для папулярных B2C і B2B платформаў электроннай камерцыі (Shopify, Oro Commerce, Magento), у тым ліку тых, якія базуюцца на тэхналогіях Machine Learning і Blockchain.
AppXite («ЭпКсайт»)
- У ПВТ — сакавік 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
«ЭпКсайт» — офіс латвійскай кампаніі AppXite, якая займаецца распрацоўкай воблачных сэрвісаў. AppXite належыць Atea — буйному пастаўшчыку рашэнняў для ІТ-інфраструктуры ў скандынаўскім і балтыйскім рэгіёнах. Atea прысутнічае ў 80+ гарадах Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Гадавы абарот — каля 4 мільярдаў еўра.
Social Discovery Ventures («ЭсДзіВі Софт»)
- У ПВТ — чэрвень 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — верасень 2022
«ЭсДзіВі Софт» — мінскі офіс міжнароднага інтэрнэт-холдынга з расійскімі каранямі, заснаванага ў 1991 годзе. Кампанія займалася распрацоўкай праграмнага забеспячэння ў галіне камунікацый і зносін людзей у інтэрнэце.
Хто яшчэ
TutorOnline
- У ПВТ — кастрычнік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
Філіял расійскай анлайн-школы.
«Рокет Софтвер»
- У ПВТ — красавік 2020
- Рашэнне пра ліквідацыю — ліпень 2022
Кампанія займалася распрацоўкай праграмнага забеспячэння на заказ.
«Еўрус Тэх»
- У ПВТ — верасень 2018
- Рашэнне пра ліквідацыю — чэрвень 2022
«Еўрус Тэх» — праект з Крэмніевай даліны. Кампанія распрацоўвала праграмнае забеспячэнне для сферы крэдытавання.
«Модэрн Софт Эр энд Дзі»
- У ПВТ — кастрычнік 2019
- Рашэнне пра ліквідацыю — жнівень 2022
Каментары