«Ніхто не хоча сесці ў турму за пачак паперы». Дактарам забаранілі кантактаваць з фармпрадстаўнікамі, і сур'ёзна
Абмежаванне на кантакты з фармпрадстаўнікамі існавала і раней, але на паднашэнні ад іх глядзелі скрозь пальцы.
Дактары з розных паліклінік расказалі «Нашай Ніве», што кіраўніцтва ўстаноў забараніла лекарам камунікаваць з прадстаўнікамі фармдыстрыб'ютараў, якія доўгі час мелі кантакты як з шараговымі лекарамі, так і з кіраўніцтвам устаноў.
«Гэта была распаўсюджаная практыка, калі фармпрадстаўнікі расказвалі пра сваю прадукцыю», — распавядае доктар.
Дактарам былі выгадныя такія візіты, бо фармпрадстаўнікі прыносілі з сабой не толькі інфармацыю аб прадукце, але і канцылярскія тавары, паперу, танометры.
Загад Мінздароўя, які абавязвае ўзгадняць прысутнасць фармпрадстаўніка ва ўстанове аховы здороўя з кіраўніком установы, з'явіўся яшчэ некалькі год таму. Але гэтага загаду не прытрымліваліся строга.
У той жа час сілавыя структуры бачылі ў кантактах з фармпрадстаўнікамі спрыяльную глебу для карупцыі.
Загадчыкі паліклінік падпісваюць паперы, дзе яны папярэджваюцца пра наступствы карупцыі і абавязваюцца данесці да лекараў адпаведную інфармацыю. Сярод іншага, цяпер забараняецца кантактаваць з фармпрадстаўнікамі, бо гэта таксама могуць разглядацца як карупцыя.
«У першыя дні кастрычніка наш калектыў яшчэ хадзіў на запланаваную раней прэзентацыю, якую ў рэстаране ладзіла адна з фармакалагічных кампаній, а ўжо праз пару дзён загадчыца паведаміла, што больш ніякіх прэзентацый не будзе. Таксама забаранілі пускаць фармпрадстаўнікоў у кабінет», — кажа лекарка.
Па словах суразмоўцы, у адміністрацыі паліклінікі напалоханыя праверкамі.
«Кажуць, нібыта ў некаторых установах ужо ладзіць праверкі пракуратура, правяраюць, як выдаваліся бальнічныя лісты, дактароў распытваюць, чаму яны выпісвалі адны прэпараты, а не на іншыя, паўсюль шукаюць прыкметы карупцыі», — кажа доктарка.
«Людзі асцярожнічаюць, бо ніхто не хоча сесці ў турму за нататнік або пачак паперы», — кажа суразмоўца.
Па словах аднаго з медыкаў, цяпер правяраючыя органы займаюцца лекарамі, якія нібыта былі зацікаўленыя ў назначэнні пэўных пралангуючых прэпаратаў для ўвядзення ў суставы за так званыя адкаты. Увага да кантактаў з фармпрадстаўнікамі можа быць наступствам гэтай крымінальнай справы.
Каментары