Вось якую карціну намаляваў робат на запыт «Беларусь беларусаў»
Праграміст Віктар Хамянок падзяліўся ў Фэйсбуку апошнімі дасягненнямі штучнага інтэлекту, які дазваляе генераваць па запытах вельмі прыгожыя карціны.
Віктар Хамянок піша:
«Шэсць гадоў таму я вырашыў заняцца робататэхнікай.
Шэсць гадоў таму я ведаў па робататэхніку прыкладна столькі, што і ўсе, гэта значыць, нічога. Для таго, каб пачаць, я выбраў адвольную задачу — зрабіць робата-мастака. З пункту гледжання бізнэсу, выбар спрэчны, але з пункту гледжання алгарытмікі, прапрацоўкі механікі задача была самы раз.
Першага робата звалі Леанарда. Маляваў ён, праўда, кепска. Я сам асабіста распрацаваў алгарытм пераводу адвольнай фатаграфіі ў набор рухаў алоўка/пэндзля (які, зрэшты, працаваў так сабе). Але яшчэ горш паводзіла сябе механічная частка робата, якая гнулася, трэслася і ўпарта не трапляла ў мальберт (гл. відэа).
Але самае галоўнае, што ў гэтым не было мастацтва. Простая матэматыка, якая ўсяго толькі ператварала фатаграфію ў рухі матораў.
Яшчэ шэсць гадоў пайшло на стварэнне робата, які, улічваючы памылкі першага эксперыменту, з пункту гледжання жалеза і софту быў ідэальны для амаль любой задачы.
Тое, што робіць Midjourney (праграма штучнага інтэлекту, якая прыдумляе карцінку па яе тэкставым апісанні), мяне вельмі ўражвае. Калі б у мяне быў такі алгарытм тады, я б дакладна дарабіў робата мастака, Леанарда.
Хаця… Мы зрабілі такі ў рэшце рэшт ідэальнага робата. Ёсць ідэальны алгарытм генерацыі карцін. Можа, мае сэнс сёння ім пасябраваць адзін з адным?»
Каментары