Моды33

«Апошні раз фарбавалася 10 гадоў таму». Беларускі расказалі, чаму адмовіліся ад макіяжу і як на гэта рэагуюць мужчыны

Натуральная прыгажосць — мода, нежаданне займацца сабой ці свядомы выбар? «Наша Ніва» паразмаўляла з дзяўчатамі, якія не карыстаюцца дэкаратыўнай касметыкай, і даведалася, які ў іх быў досвед з макіяжам і ў чым галоўны сэнс makeup free для іх. 

«Мне падабаецца натуральнасць, але часам я баюся, што гэта выключна ўплыў маёй маці»

Аляксандры (імя зменена) 21 год. Яна рэдка фарбуецца, калі пашанціць — раз на месяц эксперыментуе з ценямі. 

Аляксандра звязвае гэта з уплывам маці. У яе касметычцы дзяўчына бачыла толькі блакітны аловак і туш. 

«Цяпер у мяне касметыкі не нашмат больш, чым у яе. Увогуле для мяне натуральная прыгажосць — гэта пра індывідуальнасць. Касметыка дазваляе «прыбраць» нейкія дробязі ў знешнасці, якія асабіста вам могуць не падабацца, але насамрэч такія дробязі падкрэсліваюць адметнасці, гэта гісторыя пра сапраўдных вас», — лічыць яна. 

Аляксандра прызнаецца, што яе праца і справы выходзяць на пярэдні план і на знешнасць часу не застаецца. Толькі на памыць валасы.

«Яшчэ я люблю спаць, таму прачынацца раніцай на некалькі гадзін раней, каб сядзець перад люстэркам і рабіць сіметрычныя стрэлкі — не, дзякуй,

— кажа дзяўчына. — Ці свядомы гэта выбар? Я не ведаю, калі шчыра. Мне падабаецца натуральнасць, але часам я баюся, што гэта выключна ўплыў маёй маці. Зрэшты я для сябе вызначылася, што хачу часам эксперыментаваць з ценямі на павеках, але не больш. Не хачу карыстацца танальнымі сродкамі. Скура — індыкатар здароўя, таму калі з ёй не ўсё добра, то навошта бегчы ад праблемы да танальніка, калі можна знайсці добрага касметолага і проста абраць добрыя сродкі для догляду?» 

Аляксандра расказвае, што часам з-за таго, што яна не карыстаецца касметыкай, на яе коса глядзелі. Асабліва ў падлеткавым узросце, калі яна была ў дзіцячых лагерах. 

«У школе таксама не разумелі. На мяне настаўніцы глядзелі як на вар’ятку, калі я расказала аднойчы, што на 8 Сакавіка папрасіла ў бацькі не касметыку і сукенку ў якасці падарунка, а кнігу», — дзеліцца яна. 

Спрабавала Аляксандра наносіць дэкаратыўную касметыку шмат разоў. Часам ёй падабалася, калі ў яе атрымлівалася падкрэсліць рысы твару, стварыць вобраз.

«Калі такія спробы адбываюцца, я часцей дакалупваюся да калег на працы і па сто разоў перапытваю, ці не выглядаю як дзяўчына лёгкіх паводзінаў», — дзеліцца яна. 

Некалькі разоў дзяўчыну фарбавалі візажысты — на выпускны ў школе, вяселле сваякоў, перад эфірам на тэлебачанні. Аляксандры было нязвыкла. 

«Не кожны дзень бачыш сябе іншай, хоць мяне асабліва ярка і не фарбавалі. Маці неяк нават спадабалася, хоць у асноўным яна кажа: «Ты і без касметыкі прыгожая, навошта табе?»

Мажліва, дзяўчаты, якія пастаянна карыстаюцца дэкаратыўнай касметыкай, маюць комплексы. Але цалкам гэта можа быць выхаванне, звычка. Была знаёма з дзяўчатамі, якіх маці мэтанакіравана з пэўнага ўзросту прывучала да дэкаратыўнай касметыкі. 

Мне часам падаецца, што і маё стаўленне да касметыкі праз комплекс. Нават калі я на фотасесіі шукаю лепшы ракурс, то саромеюся, маўляў, я ж у жыцці не такая прыгожая, дык што, гэта я падманваю тых, хто пасля пабачыць мяне на гэтым здымку?» — тлумачыць яна. 

Аляксандра кажа, што яе маці не спрабавала прывіць ёй любоў да касметыкі. Хутчэй, наадварот. 

«Неяк у раннім дзяцінстве я прыйшла ад сяброўкі ўся расфарбаваная дзіцячай касметыкай, і маці са злосцю ўсё з мяне змывала, па некалькі разоў перапытваючы, ці бачыў хто мяне з такім «жудасным абліччам».

Увогуле апошні раз я фарбавалася ў гэтым месяцы. У мяне бывае настрой проста паэксперыментаваць з ценямі», — расказвае яна.

Рэакцыю мужчын на тое, што яна не фарбуецца, Аляксандра пакуль што асабліва не заўважала. У яе атачэнні не шмат хлопцаў. 

«Але ёсць лепшы сябар. Неяк быў камічны выпадак, калі я даслала два фотаздымкі, дзе ў мяне была істотна розная даўжыня валасоў, і напісала, маўляў, як усё змянілася за адносна кароткі час, ён спачатку падумаў, што справа ў ценях. 

Яшчэ аднойчы я прыйшла з вынікамі «эксперыменту» на вачах ва ўнівер, і выкладчык спытаў, чаму я абрала для ценей чырвоны колер. Тады, дарэчы, за мяне ўступіліся дзяўчаты-аднагрупніцы», — расказвае дзяўчына. 

Тое, што Аляксандра не карыстаецца дэкаратыўнай касметыкай, не значыць, што ў яе ў ванным пакоі няма тысячы цюбікаў і шкляначак. 

«Цяпер я ў пошуках добрага малачка для цела, у мяне ёсць крэм для рук проста для водару, бо пакуль у мяне скура на руках не сохне і вострай патрэбы ў выкарыстанні няма. Былі скрабы — надакучыла. Адзін з галоўных крытэрыяў пры набыцці — водар», — тлумачыць Аляксандра. 

Догляд скуры ў дзяўчыны наступны: пенка, энзімная пудра для ўмывання, два тонікі, гідрафільнае масла, крэм. 

«Аснова з гэтага — па рэкамендацыі касметолага, але нешта набывала і сама, інтуітыўна, — кажа яна. — Часам па настроі яшчэ набываю маскі і шкадую, што пакуль не знайшла добрага крэму ад сонца, каб і па тэкстуры задаволіў, і па SPF.

Агулам за догляд твару (касметычныя сродкі) сыходзіць не больш за 200 рублёў. Палова, 100 рублёў, пайшлі на крэм і энзімную пудру для ўмывання. Хапае гэтага ўсяго больш, чым на месяц». 

Набыццё духоў для Аляксандры — тэма балючая. Даўно хоча іх купіць, але «ці то часу няма хадзіць шукаць свой пах, ці то грошай». 

«Паставіла сабе мэту да канца года набыць хоць адзін флакон. Праблема яшчэ і ў тым, што мне катэгарычна не падабаюцца салодкія, кветкавыя водары і астатнія «тыпова жаноцкія». Я люблю пах ладану, як у царкве, хвоі, як у лесе, пах скуры, але не хочацца пахнуць, як усходні рынак спецый ці як герой Лапенка, што ўжывае шкіпідар, ці як магазін абутку. На духі гатова аддаць не больш за 400 рублёў», — расказвае яна. 

Сродкамі для догладу валасоў дзяўчына таксама карыстаецца. 

«У мяне ёсць правераны кандыцыянер для валасоў, ён каштуе ўвесь час па рознаму, бо на яго рэгулярна робяць зніжкі — OGX с арганавым маслам Марокка. Яшчэ ёсць сываратка для валасоў — «Ollin professional perfect hair fresh mix». 

Сродкі, якімі карыстаецца Аляксандра. Фота: асабісты архіў

На шампунь не бачу сэнсe траціцца, бо гэта проста мыла, а вось у догляд пасля мыцця гатова ўкладваць грошы. Таму шампунь у мяне самы звычайны ад «Беліты». 

У марах набыць добрую расчоску, бо ад яе таксама залежыць здароўе валасоў, а яшчэ хацела б паспрабаваць нешта з серыі Zielinski rozen», — кажа яна. 

Распаўсюджаны стэрэатып, што калі дзяўчына не фарбуецца, то яна зусім сябе не даглядае. Аляксандра заўпэўнівае, што гэта не так: натуральная прыгажосць таксама патрабуе ўвагі і грошай на добрыя сродкі. 

«Мне хочацца адрасціць доўгія валасы, каб яны прыгожа пераліваліся на сонцы, каб ад іх быў добры водар і каб мне і любімаму чалавеку, дзецям ці тым, каму дазволю дакранацца да валасоў, было прыемна. І гэта не залежыць ад таго, ці будзе на маім твары дэкаратыўная касметыка», — падсумоўвае яна.

«Раней я перажывала, што атрымліваю менш увагі ад хлопцаў, чым дзяўчаты з макіяжам»

Святлане (імя зменена) 28 гадоў. Выглядаць інакш з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі ёй здаецца дзіўным. Дзяўчына лічыць, што сябе лепш ведаць натуральнай, якая ты ёсць насамрэч.

«Натуральная прыгажосць адназначна пра палюбіць сябе. Я яшчэ ў працэсе гэтага.

Часам цяжка вытрымліваць канкурэнцыю з ненафарбаваным тварам сярод красунь з інстаграма. Але я нагадваю сабе, што я такая, якая ёсць, і не хачу станавіцца кімсьці іншым.

Макіяж для мяне проста як замаскіраваць сябе, падстроіцца пад грамадскія ўяўленні аб прыгажосці.

Магу сказаць, што гэта мой свядомы выбар. Гэта не значыць, што нельга даглядаць сябе, скуру. А яшчэ без касметыкі зручней і прасцей: хочацца пацерці твар — без праблем, пабегаць пад дажджом — без праблем», — кажа яна. 

У падлеткавым узросце Святлана карысталася дэкаратыўнай касметыкай. 

«Гэта быў макіяж як знак прыналежнасці да субкультуры. Я была эма і готам. Таму ён для мяне быў звязаны хутчэй з выяўленнем унутранага свету, чым з прыгажосцю. Але потым я ад гэтага стамілася і вырашыла, што прыналежнасць да нейкіх поглядаў не можа быць звязана з макіяжам», — тлумачыць яна. 

Таксама дзяўчыну ніхто ніколі не фарбаваў. Перыядычна сястра Святланы хацела гэта зрабіць.

«Мне рабілася страшна, калі пэндзлік падносілі да маіх вачэй. Я была сведкай на вяселлі, на некалькіх выпускных і важных вечарынках — заўсёды ненафарбаваная. Апошні раз я фарбавалася дзесяць гадоў таму», — згадвае яна. 

Святлана кажа, што дзяўчат, якія ўвесь час фарбуюцца, яна не асуджае. Гэта можа быць формай мастацтва, самавыяўленнем ці непрыняццем сябе без макіяжу.

«Раней я перажывала, што атрымліваю менш увагі ад хлопцаў, чым дзяўчаты з макіяжам, — дзеліцца Святлана. — Таму што даўно заўважыла, што мужчыны аддаюць перавагу дзяўчатам з макіяжам, але хочуць верыць, што яны так натуральна выглядаюць. Потым расслабілася. Тут каму і што падабаецца, у іх у любым выпадку ёсць права на гэта, і не мне кагосьці судзіць». 

Аднойчы Святлана, калі яны вучылася на першым курсе, прыйшла ва ўніверсітэт нафарбаванай. Ёй зрабілі некалькі кампліментаў, але гэта толькі расчаравала дзяўчыну. 

«Гэтыя людзі не казалі мне кампліментаў, калі я не была нафарбаваная. Значыць, гэта камплімент не таму, як я выглядаю насамрэч, а таму, што я змагла штучна стварыць.

Я ўсвядоміла, што ўвесь час падтрымліваць такую мадэль мне сумна. І вырашыла, што лепш я атрымаю адзін камплімент на год, але сказаны ў бок маёй сапраўднай знешнасці, чым дзясяткі кожны дзень, але сказаныя штучнай выяве», — кажа яна. 

Сродкі для твару, якімі карыстаецца Святлана. Фота: асабісты архіў 

Увогуле дзяўчына стараецца даглядаць свой твар, скуру. Яна выкарыстоўвае гелі для мыцця, маскі, скрабы. 

«Гэта не нешта пастаяннае і крутое. Пад настрой купляю, што мне спадабаецца па апісанні і паху. Часам дызайну пакавання хопіць, каб я вырашыла паспрабаваць. Але гэта будуць танныя ноў-нэймы. Я калісьці разава паспрабавала крутых вытворцаў, не ўбачыла асаблівага эфекту. Не бачу сэнсу плаціць шмат.

Сродкамі для догляду цела асабліва не карыстаюся. Толькі звычайныя гелі для душа і скрабы. Прычым тут арыентуюся ў асноўным на пах. Падабаецца купляць мужчынскія гелі для душа». 

Духамі Святлана карыстаецца тады, калі ў яе ёсць настрой. Асаблівых брэндаў дзяўчына не набывае. 

«Часам карыстаюся эфірнымі алеямі. Кропля на далонь, расцерці і на валасы. Але гэта рэдка.

З валасамі крыху больш складана, таму што іх мне падабаецца фарбаваць. З імі працягваецца мая падлеткавая гісторыя з самавыяўленнем. Мой родны колер валасоў невыразны. Таму я часам фарбуюся ў яркія колеры. І стараюся рабіць маскі, каб валасы не цярпелі», — падсумоўвае яна. 

«Мой фотаздымак на пашпарт усё яшчэ нагадвае, што ў 15 гадоў я малявала стрэлкі няроўна»

Марыне (імя зменена) 23 гады. Адмова ад касметыкі для яе не была мэтанакіраваным рашэннем, так атрымалася выпадкова. 

«Я сапраўды не змагар за натуральнасць, я не лічу, што натуральнае — гэта абавязкова прыгажэйшае, эфектыўнейшае, лепшае. 

Я пачала спрабаваць і эксперыментаваць з касметыкай гадоў у 14, як і ўсе сяброўкі з майго акружэння. Але ўжо ў 16 перастала, таму што задавальненне мне гэта не прыносіла, жаданне кожны дзень фарбавацца таксама знікла. Адмысловых падлеткавых «брыдкасцяў» у выглядзе вугроў, якія ўсё імкнуліся хаваць пад пластамі таналкі, у мяне таксама не было, таму задума з касметыкай, стрэлкамі, памадамі, тушшу неяк забылася», — расказвае яна. 

Дзяўчына лічыць, што дэкаратыўная касметыка існуе не толькі для таго, каб схаваць недахопы і зрабіць сябе прыгажэйшай. 

«Я бачу касметыку і як спосаб выказаць сябе, свой унутраны свет і быць свайго роду мастаком. Нехта малюе на паперы, нехта неверагодна прыгожа можа перадаваць тое ж мастацтва праз цені і памаду. Праўда, вось вельмі захапляюся дзяўчынамі, якія не баяцца эксперыментаў ці грамадскай думкі, калі макіяж выходзіць за рамкі «нормы», — тлумачыць яна.

Для Марыны натуральная прыгажосць — гэта яе выбар. Ёй падабаецца не адчуваць залежнасці ад касметыкі. 

«Для мяне нармальна не хаваць, што ў мяне сінякі пад вачыма ці вугры, — кажа дзяўчына. — Адчуваю сябе камфортна, ніколі не было неабходнасці гэта змяніць для акружэння, нават калі хадзіла на спатканні.

Я актыўна сабе малявала стрэлкі ў 15 гадоў, часта зусім няроўна (мой пашпарт усё яшчэ мне пра гэта нагадвае), насіла шмат танальна крэму. Да 20 гадоў падфарбоўвала сабе бровы. У мяне неяк не атрымлівалася гэта рабіць прыгожа, хацела б умець гэта рабіць лепш. Але, відаць, было недастаткова жадання, каб гэтым сур'ёзна заняцца і палепшыць свае навыкі».

Сродкі для валасоў, якімі карыстаецца дзяўчына. Фота: асабісты архіў

Калі ў дзяўчыны быў выпускны ў школе, яна знайшла візажыста, які яе нафарбаваў. З таго часу, 2017 года, яна больш не карысталася дэкаратыўнай касметыкай. 

«Таму што «ну ўсе ж з макіяжам, няхай і я буду», зараз гэта гучыць дзіўна. Як прыстойная дзяўчынка пайшла на выпускны з макіяжам, хаця не фарбавалася ўжо два гады. 

Думаю, што дзяўчаты, якія не могуць вынесці смецце без касметыкі, маюць нейкія комплексы. Але я таксама буду бянтэжыцца, калі, напрыклад, вынесу смецце ў нейкім стромным адзенні, бо гэта таксама пра непрыняцце сябе і залежнасць ад меркавання іншых.

Думаю, у людзей гэта выяўляецца ў розных сітуацыях і момантах», — кажа яна. 

Маці Марыны некалькі разоў спрабавала «прывіць любоў да касметыкі». І аднойчы запісала яе на курсы па макіяжы. 

«У маёй мамы, мабыць, было моцнае жаданне зрабіць мяне «нармальнай» дзяўчынкай. Дома яна асаблівай стараннасці прывіць мне любоў да касметыкі не праяўляла, але часам па гэты дзень я атрымліваю пытанні: «А, можа, гэтую туш паспрабуеш?»

Часам хлопцы, з якімі я хадзіла на спатканні, пыталі: «А ты не фарбуешся, так?» Я адказвала «ага» і атрымлівала рэакцыю — «крута, незвычайна, прыкольна». Мой хлопец зараз у захапленні, кажа, што не хоча, каб я нават думаць пачынала пра касметыку», — дзеліцца яна.

Марына карыстаецца базавай доглядавай касметыкай — гель для мыцця твару, увільгатняючы крэм, сонцаахоўны спрэй. 

«Цяпер у мяне яны маркі CeraVe. Хараство базавага догляду ў тым, што для гэтага не патрэбны дарагія і дзікія па складзе сродкі. Крэм што за 1 еўра, што за 50 будзе спраўляцца са сваёй базавай функцыяй аднолькава — гэта значыць, чысціць, увільгатняць і абараняць ад сонца.

Сродкі, якімі карыстаецца дзяўчына. Фота: асабісты архіў

Апроч геля для душа карыстаюся яшчэ ўвільгатняючым крэмам, але звычайна ўзімку, калі скура сухая. Яшчэ пару разоў на год ёсць настрой на які-небудзь скраб, але на гэтым усё.

Духамі не карыстаюся ўвогуле. Не падабаецца», — тлумачыць яна. 

Таксама дзяўчына любіць даглядаць валасы. 

«Асабліва апошні год, калі пачала эксперыментаваць са сваёй натуральнай структурай валасоў. Яны ў мяне хваліста-кучаравыя. Раней яны мне не падабаліся, усё жыццё проста расчэсвала, спрабавала выпрастаць.

Цяпер я люблю спрабаваць розныя бальзамы, крэмы і маскі, нязмыўныя кандыцыянеры пасля мыцця для ўмацавання эфекту. Як і з базавым доглядам для твару, базавы догляд для валасоў не патрабуе вялікіх грошай і павінен толькі чысціць скуру галавы», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама: 

Як распазнаць таксічнага чалавека? Шэсць прыкмет, на якія варта звярнуць увагу

Адказ шортам прэм'еркі Фінляндыі — сабралі нефармальныя лукі беларускіх чыноўнікаў

Каментары3

  • Месье Мацьё
    22.07.2022
    Ай, каму якая справа, кожнаму сваё. Калі ёсьць каханьне, макіяж страчвае актуальнасьць і значнаьць.
  • ха holka s pádlem
    22.07.2022
    ды пляваць, што яны там и чым якой галоукай э рэагируюць...
    а у нас шо - хиба нейкия  м у ш ш ы н ы  ё ?
  • Максим Дизайнер
    20.09.2022
    Вельми дрэнна рэагуюць. Тут и так вокруг одна серость, пустые улицы, токасиризные отношения, ужасный общепит и нулевая тусовка. А еще и вот эти серые мыши со своей натуральностью, прозрачными лаками, стилем в 20 лет, как у теток, да еще во всем черном. Макияж - это прекрасный способ подчеркнуть и улучшить свою натуральную красоту, создать образ к разным событиям, постоянно меняться внешне, быть разной, а значит - интересной. А вся эта серость, сидение дома "у очага", облизывание собак и обнимание котов с чашкой кофе. Вон, посмотрите в статье, б хочется.

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ8

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

Крэмль назваў адстаўку Асада асабістым рашэннем таго2

У Мінску прадаюць кватэру Кандрата Крапівы2

Журналістку Вольгу Радзівонаву прыгаварылі да 4 гадоў калоніі

Лукашэнка прапанаваў рабіць аўтобусы са шклопластыку8

Майнінгавая фірма ў Мінску сышла ў банкруцтва з доўгам 2 мільёны рублёў

18-гадовая дзяўчына зняла відэа ў тыктоку, імаверна, пра свайго хлопца-міліцыянта — яе затрымалі за непавагу да органаў10

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ8

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →