Эксперт: Украінскія беспілотнікі хутка могуць стаць бескарыснымі, а вось расіяне нарошчваюць сваю перавагу
У першыя дні вайны ва Украіне беспілотнікі паказалі сябе як нечаканую перавагу над расійскімі войскамі. Але цуд-зброя Украіны становіцца ўсе менш эфектыўнай. Ваенны эксперт тлумачыць, чаму так адбываецца.
Беспілотная авіяцыя Украіны, ад невялікіх спажывецкіх дронаў, якія звычайна выкарыстоўваюцца для назірання, да знакамітых турэцкіх беспілотнікаў Bayraktar TB2, заслужыла назву «знішчальнікаў пуцінскіх танкаў».
Аднак Расія засвоіла ўрокі з таго прыніжэння, якое ёй нанеслі беспілотнікі ў першыя месяцы ўварвання. У гутарцы з Insider эксперты ацанілі, што яны сталі менш эфектыўнымі. Расія ўдасканаліла сваю абарону і можа збіваць і глушыць усё больш і больш украінскіх беспілотнікаў.
Расійская абарона арганізаваная лепш
— Радыёэлектронная і супрацьпаветраная абарона Расіі цяпер арганізаваная і абсталяваная лепш, чым у першыя месяцы вайны, — кажа Самуэль Бендэт, аналітык і эксперт па беспілотных і рабатызаваных ваенных сістэмаў з Цэнтра ваенна-марскога аналізу.
Расійскія сілы выкарыстоўваюць радары ранняга папярэджання для ідэнтыфікацыі беспілотнікаў і сістэмы радыёэлектроннай барацьбы для глушэння і парушэнні іх сувязі.
Каб збіваць беспілотнікі, яны таксама выкарыстоўваюць розныя віды зброі, такія як кулямёты і сістэмы супрацьпаветранай абароны, напрыклад, ракетны комплекс «Тор».
Нядаўнія кадры Міністэрства абароны Расіі паказваюць сістэму радыёэлектроннай аховы «Красуха-С4» у дзеянні. На кадрах відаць збіты ўкраінскі беспілотнік. Расія палепшыла структуру і разгортванне наземнай супрацьпаветранай абароны ў рэгіёне Данбаса, куды змясціўся фокус вайны.
Цяпер украінскія войскі абмяжоўваюць выкарыстанне беспілотнікаў, бо расійскім войскам лягчэй іх стрымліваць, а страта беспілотнікаў можа каштаваць вельмі дорага.
Калі аднаразовыя дроны, як Switchblade і Phoenix Ghost, каштуюць некалькі тысяч долараў за штуку, то Байрактары могуць каштаваць ад аднаго да двух мільёнаў.
Расія збівае ўкраінскія беспілотнікі
З пачатку расійскага ўварвання Украіна атрымала блізу 50 беспілотнікаў TB2 ад турэцкай кампаніі Baykar. Вельмі эфектыўныя ў першыя дні вайны, TB2 сталі збівацца Расіяй, і ўкраінская армія цяпер абмяжоўвае іх выкарыстанне.
Нядаўна стала вядома, што ЗША плануюць прадаць Украіне ўзброеныя беспілотнікі MQ-1C Gray Eagle вытворчасці General Atomics. Мяркуецца, што яны валодаюць большымі магчымасцямі, чым Байрактары.
Але два неназваныя пілоты ўкраінскіх ВПС паведамілі выданню The War Zone, што яны не падтрымліваюць перадачу беспілотнікаў з-за іх высокага кошту (10 мільёнаў долараў за штуку). Яны таксама чакаюць, што апараты будуць збітыя падчас іх першай місіі.
Па словах Марка Кансіана, эксперта Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, ракеты сярэдняй далёкасці і беспілотнікі асабліва ўразлівыя, бо лётаюць нізка і павольна.
— Украінскія пілоты, з якімі я размаўляў, кажуць, што па гэтай прычыне роля беспілотнікаў абмежаваная, сказаў ён.
Замест гэтага ўкраінскія войскі просяць сучасныя знішчальнікі ў заходніх саюзнікаў.
У той час як украінскія беспілотнікі становяцца ўсё менш эфектыўнымі, Расія выкарыстоўвае столькі ж, калі не больш, уласных беспілотнікаў, асабліва ў выведніцкіх мэтах, назіранні і рэкагнасцыроўцы, кажа эксперт Бендэт.
Ва ўкраінцаў няма зброі, каб збіць іх.
— Мы не можам бачыць расійскія беспілотнікі, але яны могуць бачыць нас. Усё, што мы можам зрабіць — гэта схавацца, — казаў адзін з абаронцаў Украіны газеце «The Sunday Times».
«Яны спрабуюць завабіць украінцаў у пастку»
Бендэт мяркуе, што цягам наступных некалькіх тыдняў расійскія вайскоўцы паспрабуюць лепш арганізаваць і працягнуць свой наступ:
«Яны спрабуюць завабіць украінцаў у пастку вакол некаторых гарадоў і пасёлкаў, спрабуюць ціснуць і аслабіць ўкраінскую абарону. Беспілотнікі граюць ключавую ролю ў забеспячэнні рускіх інфармацыяй, назіраннем і выведкай, каб яны маглі наносіць ўдары з зямлі і з паветра.
— Таму мы ўбачым, як роля беспілотнікаў з расійскага боку будзе расці, калі вайна працягнецца ў цяперашнім выглядзе, — лічыць ён.
Каментары
Время все расставит по своим местам