Дынько: Калі рускія няздольныя ўзяць Чарнігаў, то пра які напад на Літву можа ісці гаворка
Допіс Андрэя Дынько выклікаў жывое абмеркаванне.
На меркаванне аднаго з каментатараў «Напад не, а блакаванне літоўскіх партоў цалкам магчыма» Дынько адказаў, што «рашэнне пра ўвядзенне блакады санкцыйнага транзіту прымалася не ў Вільні, а ў Брусэлі, і яму папярэднічалі чыста матэматычныя разлікі. Літва не прымае такія рашэнні ў адзіночку. Такія рашэнні прымае НАТА, на аснове скрупулёзнага аналізу».
«Узяць Чарнігаў не змагла, але авіябомбаў папаскідвала на жылыя дамы»,— адзначыла трывогу многіх Яўгенія Парашчанка.
«На НАТА не папаскідваеш — проста таму, што ў НАТА ёсць чым збіваць», — заўважыў Андрэй Дынько.
Многія яго апаненты трымаюцца думкі, што Расія гатовая ісці далей. Рэпліка Вольгі Ярохінай «Пра немагчымасць і нелагічнасць нападу РФ на Кіеў я чула вельмі шмат перад 24 лютага. Няма тут логікі» сабрала шмат лайкаў.
«Ды не, там то была і стапрацэнтавая магчымасць і стапрацэнтавая лагічнасць (у логіцы расійскіх імперыялістаў), таму што ў Расіі была татальная перавага ў сілах, а свет быў маральна гатовы да здачы Украіны. Тут — усё наадварот. Масква аслабленая, а свет настроены біцца. Таму — выключана», — перакананы Дынько.
«Істэрыка — сімптом слабасці, а не сілы»,— заўважыў ён адносна істэрыкі ў расійскіх СМІ.
Андрэй Стрыжак, аднак, застаецца пры сваім перакананні: «Я кажу не пра напад, а пра вайну. І не кажу, што яна адбудзецца заўтра. Я кажу пра тое, што ёсць толькі дзве стратэгіі наконт Калініградскага анклава — сысці з яго, альбо прабіваць сухапутны шлях да яго.
Вайна непазбежная праз змену балансу сілаў на Балтыцы, у якім РФ пасля ўступлення ў НАТА Фінляндыі і Швецыі, будзе мець найгоршыя стратэгічныя пазіцыі з часоў Паўночнай вайны.
Рускія паспрабуюць вярнуць баланс на сваю карысць. Пытанне часу», — мяркуе Стрыжак.
«Ëсць яшчэ варыянт — прымірыцца з новай рэальнасцю і жыць далей як апошнія 30 гадоў», — парыруе Дынько.
Каментары