Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія катэджы ў абласных цэнтрах?
Самы дарагі катэдж у сталіцы прадаецца за 1,5 мільёна даляраў, у той час як самы дарагі дом Брэста ацэнены «ўсяго» ў 799 000 даляраў, а Магілёва — 288 тысяч.
Брэст. Сцены, зашпакляваныя пад шпалеры
Самы дарагі катэдж у сталіцы прадаецца за 1,5 мільёна даляраў, у той час як самы дарагі дом Брэста ацэнены «ўсяго» ў 799 000 даляраў.
Столькі просяць за гэты густоўны дом у паўночным прыгарадзе Брэста з агульнай плошчай 453 м².
Дом пабудаваны ў 2014 годзе, знаходзіцца ён у аграгарадку Чэрні на ўчастку ў 15 сотак. Нягледзячы на тое, што гэта самая дарагая прапанова ў Брэсце і раёне, дом не гатовы да засялення. Як адзначана ў апісанні — сцены зашпакляваныя пад шпалеры, на падлозе ляжыць паркет.
З цалкам гатовых для выкарыстання памяшканняў — толькі санвузлы, якіх у доме тры.
Апроч асноўнага дома, на ўчастку маецца гаспадарчы комплекс з летняй кухняй, хлеў і гараж. На цокальным паверсе — басейн, саўна, падсобныя памяшканні.
«Мой дом — мая крэпасць»
Другі па кошце дом у Брэсце прадаецца за 690 000 даляраў. У адрозненне ад папярэдняга варыянта, які знаходзіцца за адміністрацыйнымі межамі горада, гэты дом размешчаны ў самім Брэсце.
Агульная плошча трохпавярховага дома — 299 м², жылая — 144. Памер участка — 13 сотак.
«Дом быў створаны для таго, каб даваць камфорт і ўтульнасць яго ўладальніку. Мой дом — мая крэпасць!» — так уласнік апісвае свой катэдж з невялікім стаўком на ўчастку.
На ніжнім узроўні дома знаходзяцца гараж, лазня, басейн, трэнажорная зала і зімовы сад. У доме пяць спальных пакояў і тры санвузлы — па адным на кожным паверсе.
Трэці па кошце дом у Брэсце ацэнены ў 550 000 даляраў, што значна танней за два першыя. Агулам у гэтым абласным цэнтры прадаецца 9 катэджаў па цэнах, вышэйшых за 500 тысяч даляраў.
Віцебск. Дом у цэнтры з саленнямі ў падвале
Самы дарагі дом Віцебска, ацэнены ў 899 тысяч даляраў, — катэдж з агульный плошчай у 462 м², размешчаны ў цэнтры горада побач з цэнтральнай плошчай.
«У доме 5 спальняў, кабінет, тры санвузлы, сауна, склеп, падсобныя памяшканні, гараж на 2 машыны. Альтанка для адпачынку. Унутранае аздабленне дома — дуб, венецыянская тынкоўка, камін — натуральны камень, люстры — крышталь. Дом абсталяваны сігналізацыяй і відэанаглядам», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
На ўчастку шмат садовых дрэваў і 2 цяпліцы. Якія, як выглядае, выкарыстоўваюцца напоўніцу. Цалкам верагодна, што пакупнікі дома за 899 тысяч даляраў могуць разлічваць на бонус у выглядзе саленняў.
Катэдж з цэнтральным ацяпленнем
Другі па дарагоўлі дом Віцебска каштуе адразу ў тры разы танней. За катэдж на Калгаснай вуліцы просяць 300 000 даляраў. Агульная плошча дома — 430 м², жылая — 200, а вось участак даволі маленькі — усяго 6 сотак.
На цокальным узроўні знаходзяцца: трэнажорная зала, гардэробная, падсобныя памяшканні, на першым паверсе — гасцёўня, кухня-сталовая, спальня, на другім месцяцца два спальныя пакоі і працоўны кабінет.
Дом прадаецца разам з мэбляй. Усе камунікацыі ў доме, уключаючы ацяпленне, цэнтралізаваныя.
Трэці па кошце катэдж у Віцебску ацэнены ў 250 тысяч даляраў.
Гомель. Дом з соснамі
Найдаражэйшы катэдж Гомеля месціцца ў санаторна-курортнай зоне гарадскога пасёлка Чонкі, што за 10 хвілін язды ад горада. Просяць за дом з соснамі на ўчастку 470 000 даляраў.
Плошча асноўнага дома 435 м², памер участка — 20 сотак. «Дарагое аздабленне, два каміны, дарагая кухня, вялікая тэраса, у доме не жылі, усё новае», — гаворыцца ў апісанні.
У доме ёсць вялікі басейн і хамам, цалкам выкананы з мармуру.
Апроч асноўнага прадаецца і летні дом, але гаспадар гатовы прадаць і толькі адзін асноўны, цана пытання — 350 000 даляраў.
«У доме яшчэ ніхто не жыў»
Другі па кошце дом Гомеля прадаецца за 310 000 даляраў. У адрозненне ад першага варыянта катэдж месціцца ў межах абласнога цэнтра.
Агульная плошча будынка 333 м², жылая — 124 м². Плошча ўчастка амаль 15 сотак.
Будынак новы і гатовы да жыцця. У доме яшчэ ніхто не жыў. На ўчастку шмат насаджэнняў, ёсць і старыя дрэвы.
У доме маецца лазневы комплекс з басейнам, закрытая альтанка з мангальным комплексам, два велізарныя гаражы.
Трэці па кошце дом Гомеля прадаецца па цане 270 000 даляраў.
Гродна. Дом з кратамі
Самы дарагі дом у Гродне каштуе роўна 500 тысяч даляраў. Столькі просяць за дом з каванымі кратамі на вокнах у мікрараёне Баранавічы.
Агульная плошча катэджа — 385 м², жылая — амаль 300 м². Дом стаіць на прыватызаваным участку памерам 14 сотак. Катэдж гатовы для жылля і прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай.
У доме ёсць лазня з зонай адпачынку, два душы, туалет, прасторная парная. На мансардным паверсе размешчаныя бегавая сцежка і більярдны стол.
Апроч асноўнага дома на ўчастку месцяцца гараж і двухпавярховы гасцявы дом з кухняй і санвузлом.
50 сотак і гасцявы дом на 150 м²
Другі па кошце дом у Гродне ацэнены ў 455 тысяч даляраў. Катэдж месціцца у вёсцы Навумавічы, што за 10 хвілін язды ад горада на машыне.
Катэдж з агульнай плошчай у 534 м² прадаецца разам з участкам памерам 50 сотак. Участак з трох бакоў акружаны лесам. Апроч асноўнага дома, за гэтыя грошы вы атрымаеце закансерваваны гасцявы дом на 150 м².
На цокальным паверсе абсталяваныя трэнажорная зала, сауна з басейнам і душавой, кацельня і пральня.
«З тэрыторыі ўчастка пабудаваная лесвіца з камфортным выхадам у лес. На ўчастку ёсць невялікая сажалка, мангальная зона, месца для захоўвання садовага інвентару», — гаворыцца ў апісанні.
Трэці па кошце дом Гродна прадаецца за 330 000 даляраў.
Магілёў. Дом з французскімі вокнамі
Выглядае, што катэджы ў Магілёве каштуюць менш, чым у іншых абласных цэнтрах. Самы дарагі з іх прадаецца «ўсяго» за 280 000 даляраў.
Столькі просяць за двухпавярховы катэдж непадалёк ад лесу ў раёне абласной бальніцы. Апроч асноўнага дома плошчай 275 м² на ўчастку памерам 15 сотак стаіць гасцявы домік з адкрытай тэрасай, на якой ёсць цагляны мангал і печ.
«Рамонт выкананы з ужываннем высокаякасных дарагіх матэрыялаў. Французскія вокны. Гарманічная планіроўка. Два санвузлы. Гардэробная. Падвал, гараж. Участак з ландшафтным дызайнам і сістэмай паліва, прыватная ўласнасць», — гаворыцца ў апісанні.
«За домам знайшлося месца для агарода і дзвюх цяпліц»
Іншы дом у Магілёве таксама ацэнены ў 280 тысяч даляраў.
За гэтыя грошы прапануецца цалкам гатовы да пражывання дом з мэбляй 2006 года пабудовы. Агульная плошча 302 м², жылая — 100 м².
На цокальным паверсе знаходзяцца: пакой для адпачынку, басейн з нямецкай сістэмай ачысткі і падачы вады, сауна на дровах, душ, пральня з санвузлом. Па паверсе разведзеная стэрэасістэма, якая дазваляе слухаць музыку нават у сауне.
На першым паверсе, апроч хола і санвузла, знаходзіцца прасторная сталовая-гасцёўня плошчай 53 м².
На другім паверсе: 4 спальныя пакоі і санвузел. На ўчастку памерам у 15 сотак выкананы ландшафтны дызайн.
«Высаджана мноства розных пладаносных дрэў і кустоў, усталяваная закрытая альтанка з бруса з барбекю. За домам знайшлося месца для агарода, дзвюх цяпліц і хлява», — гаворыцца ў апісанні.
Каментары