Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў
Беларуская журналістка Ірына Слаўнікава паўгода знаходзіцца ў зняволенні. Былая супрацоўніца «Белсата», а цяпер штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) з’яўляецца палітвязнем і неўзабаве паўстане перад судом. Яе абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, піша «Белсат».
Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка былі затрыманыя 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Мінска, калі вярталіся з адпачынку. Першапачаткова пара была асуджаная да 15 сутак арышту за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту».
Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсата» перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Суткі скончыліся, але ні мужа, ні жонку не адпусцілі. Іх прывезлі ў іншае РУУС, дзе яны пачулі, што зноў затрыманыя — нібыта «за дробнае хуліганства». І зноў ім далі па 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 года журналістку прызналі падазраванай па крымінальнай справе, а затым перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску.
Яе мужа выпусцілі на волю пасля яшчэ аднаго 15-дзённага турэмнага зняволення — гэтым разам за тое, што ён нібыта «не падпарадкаваўся» загадам сілавікоў.
— Ірыне першапачаткова было прад’яўленае абвінавачванне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1. Артыкул тычыцца «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці ўдзелу ў іх», — кажа Аляксандр Слаўнікаў, бацька журналісткі.
Гэты артыкул стандартна выкарыстоўваецца ў дачыненні да ўдзельнікаў маршаў пасля сфальсіфікаваных рэжымам Лукашэнкі выбараў. Паводле яго пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў. Менавіта па гэтым артыкуле былі асуджаныя да 2-х гадоў калоніі агульнага рэжыму журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова — іх абвінавацілі ў тым, што яны сталі саарганізатарамі акцыі памяці пра забітага Рамана Бандарэнку.
— Некаторы час таму, калі адвакат склаў скаргу на затрыманне Ірыны і яе ўтрыманне ў СІЗА, ён даведаўся, што маю дачку таксама абвінавачваюць паводле артыкулу 361-1, частка 1, якая гучыць так: «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, а роўна фармавання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем або структурным падраздзяленнем, якое ўваходзяць у яго, — кажа бацька журналісткі. — Наколькі я памятаю, гэта да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Следчы камітэт не перадае медыя інфармацыю пра ход справы ў дачыненні да Ірыны Слаўнікавай. Усе адвакаты, што баранілі яе, былі абавязаныя даць падпіску аб неразгалошванні. Адпаведна, нават бацькі і муж журналісткі не ведаюць, у чым менавіта яе абвінавачваюць.
3 лістапада 2021 года — ужо пасля арышту Ірыны Слаўнікавай — беларускае МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем незалежны тэлеканал «Белсат». Журналістка ў мінулым супрацоўнічала з каналам, аднак на момант затрымання была штатнай супрацоўніцай TVP, падкрэслівае яе бацька.
Так, мая дачка працавала на «Белсаце», але гэта было 10 гадоў таму, а можа быць, і больш. А цяпер яна працавала з Польскім тэлебачаннем. Калі ўжо і TVP прызналі экстрэмісцкім, то я ў шоку, — кажа Слаўнікаў.
— Адвакат кажа, што няма ніякіх падстаў для закрытага судовага працэсу. Тым не менш, ён лічыць, што слуханні будуць засакрэчаныя па той прычыне, што доказная база вельмі слабая і, калі суд будзе публічным, усе зразумеюць, што Ірына не вінаватая ў тых злачынствах, у якіх яе абвінавачваюць.
У сувязі з абсурднасцю абвінавачванняў і адсутнасцю доказаў яе блізкія вельмі разлічваюць на тое, што яна выйдзе з залы суда вольным чалавекам. Аднак яны разумеюць, што на судах журналістаў у Беларусі апраўдальных прысудаў няма.
— Што б ні здарылася, мы ўсё роўна ведаем, што наша дачка невінаватая і ў канчатковым выніку будзе рэабілітаваная. І хай гэты прысуд ляжыць на сумленні тых, хто яго вынесе, — заканчвае размову з намі Аляксандр Слаўнікаў.
Каментары