Прадстаўніца кіберпартызанаў расказала колькі іх і раскрыла дэталі аперацый. У тым ліку на чыгунцы
Акцыі беларускіх кіберпартызанаў, скіраваныя на запавольванне руху расійскіх войскаў у кірунку Украіны, звярнулі на беларускую групоўку ўвагу свету. «Да пачатку вайны ва Украіне ў складзе «Кіберпартызан» налічвалася 35 чалавек, цяпер іх колькасць вырасла да 60. І заяўкі ад ахвотных далучыцца працягваюць паступаць. Прычым не толькі з Беларусі і Усходняй Еўропы, але і з заходніх краін, Азіі і Афрыкі», — расказала «Нашай Ніве» прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец.
Колькі чалавек у складзе «Кіберпартызан» сёння і хто яны?
Новыя людзі не адразу дапускаюцца да заданняў і праектаў, сцвярджае яна. Перш-наперш ім трэба прайсці пратакол праверкі, шэраг заданняў.
«Не ўсе новыя людзі ў прынцыпе будуць пасля ўдзельніцаць у атаках. Існуе і іншы важны фронт працы: гэта і распрацоўка бяспечных праграм — партызанскіх тэлеграмаў, sms-паведамленняў, і аналіз даных. Касцяк групы, які сфармаваўся яшчэ ў 2020 годзе, імкнецца размяркоўваць заданні і каардынаваць новых людзей», — расказвае Юльяна.
Большасць з кіберпартызан, у тым ліку сама Юльяна, — валанцёры, кажа яна.
Украінскую тэму паставілі ў прыярытэт, таму што, лічаць у «Кіберпартызанах», без свабоднай Украіны і Беларусі будзе немагчыма дасягнуць сваёй незалежнасці.
«Мы дапамагаем украінскім кібергрупам і дзяржаўным структурам, падаючы патрэбную інфармацыю — напрыклад, даныя беларускіх вайскоўцаў для СБУ, доступ да пэўных сістэм. У тым ліку супрацоўнічаем з батальёнам Кастуся Каліноўскага і напрамую з УСУ», — кажа суразмоўца.
Што ажыццявілі кіберпартызаны падчас вайны
27 лютага і 2 сакавіка адбыліся атакі на Беларускую чыгунку. Менавіта беларускія кіберпартызаны ўзялі на сябе адказнасць за ўзлом яе ўнутранай сеткі.
«Падрыхтоўка да гэтай аперацыі была працяглай, але рашэнне атакаваць менавіта ў гэтым кірунку было аднагалосным, — кажа суразмоўца. — «Кіберпартызаны» уваходзяць у склад руху «Супраціў», і ўсе рашэнні ў яго межах прымаюцца на агульнай нарадзе прадстаўнікамі розных груп», — патлумачылі «Нашай Ніве».
«Трэба было замарудзіць перакідванне расійскіх войскаў, даць украінцам больш часу на адбіццё нападу, а таксама паказаць, што беларускі народ не прымае знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і будзе гэтаму супраціўляцца», — тлумачаць логіку сваіх дзеянняў кіберпартызаны.
«Разуменне важнасці інфраструктуры Белчыгункі існавала з самага пачатку заснавання «Супраціву». Вывучаць яе пачалі даўно, і да снежня 2021 года кіберпартызанам удалося прабрацца ў сістэму. Тады была здзейсненая першая атака, якая не афішавалася. Важна было проста адсачыць рэакцыю супрацоўнікаў і іх магчымасці ўсё аднавіць. Мы пабачылі, што ў студзені было адноўлена каля 40% камп’ютараў», — кажуць кіберпартызаны.
«Самае галоўнае ў нашай дзейнасці — не паўплываць на жыццё звычайных грамадзян, таму спробы атак сістэм сігналізацыі і аўтаматыкі не праводзіліся, і мы заняліся сістэмай, звязанай з камерцыйнымі цягнікамі. Былі выдаленыя бэкапы, базы даных, перасталі працаваць серверы і ўнутраныя сэрвісы, квіткі можна было набыць толькі праз білетныя касы. Усё гэта — каб хоць ускосна паўплываць на перамяшчэнне расійскіх цягнікоў, — тлумачаць яны. — Але калі пасля пачатку вайны пракансультаваліся з людзьмі са сферы, то ўжо змаглі паспяхова атакаваць сістэму аўтаматыкі — яна была вырубленая на два дні. Дзякуючы гэтаму, а таксама дапамозе партызан на зямлі, адбылося спыненне вайсковых цягнікоў з Расійскай Федэрацыі, у іх не атрымалася выбудаваць нармальную лагістыку і падтрымку сваіх сілаў на мяжы», — кажуць кіберпартызаны.
Таксама «Кіберпартызаны» атакавалі роўтары і рознае абсталяванне Белчыгункі.
«Мы ведаем, што там была спроба яго замяніць, але як толькі прыносяць новае, вірус трапляе і на гэтае абсталяванне».
Ці чакаць яшчэ зліваў размоў чыноўнікаў?
Кіберпартызаны вядомыя таксама злівамі размоў чыноўнікаў, супрацоўнікаў МУС. Яны сцвярджаюць, што такога кантэнту ў іх на руках «яшчэ мільёны хвілін». Пакуль іх апрацоўка прыпынілася, бо ўсе сілы былі перакінутыя на дапамогу Украіне ў змаганні, але яна абавязкова адновіцца.
«Мы бачым, як гэтыя злівы натхняюць людзей, адганяюць апатыю ў гэтым тэроры і рэпрэсіях. Мы атрымалі шмат словаў удзячнасці. Злівы паказваюць, у якім маральна-этычным стане жыве рэжым і карнікі, кім яны лічаць беларускі народ і на якіх узроўнях у сістэме прымаюцца рашэнні. Увогуле, да 2020 года гэта яны ведалі ўсё пра беларусаў, а беларусы не ведалі пра іх нічога. Цяпер сітуацыя змянілася. І так і павінна быць», — каментуе Юльяна.
Парады па бяспецы ўнутры краіны
Нягледзячы на тое, што міліцыя рапартавала пра затрыманні памагатых кіберпартызан (напрыклад, дырэктара лагістычнай кампаніі Сяргея Ляхновіча, які нібыта прыняў удзел у кібератацы на сайт БДМУ восенню 2020-га), самі актывісты адмаўляюць зняволенне людзей, якія ім дапамагалі.
«Гэта частая практыка ў міліцыі — паказаць поспех адлову людзей, што супрацоўнічаюць з такімі, як наша, арганізацыямі, але абвінаваціць у супрацоўніцтве «левых» людзей — якія былі падпісаныя на каналы руху «Супраціў», напрыклад, ці проста са сферы IT.
У любым выпадку, нам вельмі сумна, калі затрымліваюць любых людзей — ці за колер адзення, ці за падпіску, ці за палітычнае меркаванне. Менавіта таму «Кіберпартызаны» і стварылі «Партызанскі Тэлеграм» — код гэтай праграмы ёсць у адкрытым доступе. Бяспека — найперш, людзі павінны пра яе клапаціцца. Гэта мінімальнае дзеянне, якое беларусы могуць зрабіць унутры Беларусі — засцерагчы сябе. «Партызанскі Тэлеграм» дзейнічае так, што ты прыдумляеш спецыяльны код, і калі цябе затрымліваюць, ты называеш яго супрацоўніку МУС. Ëн яго ўводзіць, і аўтаматычна пачынаюць выдаляцца падпіскі, чаты — усё тое, што было адзначана чалавекам для гэтай мэты першапачаткова. Вельмі заклікаем усіх унутры Беларусі карыстацца такімі рэчамі і VPN».
Яшчэ адзін з кірункаў працы кіберпартызан — стварэнне бяспечных ботаў, якія дазваляюць дзяліцца інфармацыяй цалкам ананімна. Так, яны стварылі каля ста ботаў для розных апазіцыйных каналаў і грамадзянскіх ініцыятыў.
Чаго чакаць ад «Кіберпартызан» бліжэйшым часам?
«Кіберпартызаны» кажуць, што для іх і ўсяго руху «Супраціў», у склад якога яны ўваходзяць, галоўныя мэты з 2020 года застаюцца нязменнымі:
«Па-першае — тэрытарыяльная цэласнасць, незалежнасць краіны. Па-другое — змена рэжыму, і па-трэцяе — пераход на дэмакратычную сістэму з незалежнымі інстытутамі, судамі, медыярэсурсамі і свабодай удзелу ў палітычным жыцці. Для дасягнення гэтай мэты тактычна важная падтрымка Украіны, — лічыць Шаметавец. — Важна зрабіць усё, каб расійскі рэжым пачаў развальвацца. Расійская імперыя не дасць спакойна існаваць ні Беларусі, ні Украіне».
Чытайце таксама:
Чыгуначнік пра ўзлом сістэмы на Беларускай чыгунцы: «Рабочыя радыя, што ўсё так адбываецца»
«Беспрэцэдэнтны правал». «Кіберпартызаны» скралі базы сілавікоў, да чаго гэта прывядзе?
-
Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі
-
«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў
-
Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада
Каментары