Грамадства

«І тут я разумею, што затрымалі мяне не праз твітар». Блогер Gypsynkov распавёў пра свой арышт

Галоўнай навінай студзеня ў Беларусі было затрыманне аўтара папулярнага твітар-акаўнта Gypsynkov Міхаіла Цыганкова. Некалькі дзён карыстальнікі сацсеткі ламалі галаву, з чым звязаныя непрыемнасці блогера і хто цяпер працягвае пісаць ад яго імя. «Медыязона» сустрэлася з Цыганковым у Тбілісі, куды ён з'ехаў пасля 14 дзён арышту паводле артыкула аб непадпарадкаванні міліцыі, і распытала аб допыце ў ГУБАЗіку і двух тыднях на Акрэсціна.

Фота: gypsynkov / Instagram

Завёў твітар у 2015 годзе, нават не зразумеў, як ім карыстацца — выдаліў

Мяне завуць Міша. Мне 26 гадоў. Нарадзіўся я ў горадзе Бабруйску ў самай звычайнай сям'і, адвучыўся ў самай звычайнай школе. Паступіў у БНТУ. Адвучыўся там, атрымаў спецыяльнасць інжынера-электрыка. Адпрацаваў па спецыяльнасці чатыры гады — два ў адным месцы, два ў іншым. Дзесьці ў сярэдзіне гэтага тэрміну пачаў трошкі перавучвацца на айцішную спецыяльнасць. Так, уласна, стаў фронтэнд-распрацоўшчыкам, якім і працую апошнія восем месяцаў.

Гісторыя майго твітара не вельмі цікавая, таму што гэта не быў адмысловы нейкі праект. Я завёў твітар яшчэ ў 2015 годзе. Я нават не зразумеў, як ім карыстацца — выдаліў. Зноў запампаваў, успомніў, што ў мяне быў профіль, аднавіў яго, пачаў кагосьці пачытваць, нейкія беларускія акаўнты вялікія на той момант. Ну, заўважыў палітычныя акаўнты тыпу [Эдуарда] Пальчыса, «РБ галаўнога мозга» і гэтак далей. Нешта чытаў, чытаў, чытаў і ў нейкі момант пачаў пісаць сам.

Не было нейкай тэматыкі, я проста пісаў нейкія рэчы, якія здаваліся мне смешнымі. Гэта былі нават не палітычныя [жарты] — гэта нешта было поп-культурнае, пра якія-небудзь фільмы, што я паглядзеў. Нешта такое на абсалютна розную тэматыку. Ну а потым у нейкі момант зачасцілі жарты пра палітыку. І яны атрымліваліся няблага. Нешта здарылася — ты гэта неяк абжартаваў, нешта з гэтай нагоды прыдумаў.

І вось так вось накатвала, накатвала. Хтосьці гэтыя твіты пачаў заўважаць, лайкаць. Першых сто падпісчыкаў, дзвесце, трыста, пяцьсот. Потым здараецца 2020 год — там тысяча.

Залятаюць усёй сваёй камандай, чалавек шэсць-восем з аўтаматамі

Затрымлівалі ў здымнай кватэры, [у якой] пяць гадоў ужо жыў. Я здымаў яе афіцыйна, таму, я так разумею, даведацца адрас майго пражывання не складала ніякай праблемы. Восем раніцы, досыць руплівы стук у дзверы, характэрны. І я разумею, што сітуацыя, аб якой часцяком задумваўся, адбываецца.

Грукаюць у дзверы. Я хапаю тэлефон і адзінае, што паспяваю зрабіць — гэта выдаліць Twitter з тэлефона. Ну, уласна, я больш нічога і не хацеў зрабіць. Таму што я ўжо ў думках трымаў, што да мяне прыйдуць, да мяне прыйдуць, да мяне калі-небудзь прыйдуць, 100% прыйдуць, таму што ну па-любому прыйдуць, да ўсіх жа прыходзяць рана ці позна. І вось прыйшлі.

Фота: gypsynkov / Instagram

Яны адразу кажуць: «Кладзіся на падлогу». Я на падлогу лёг, апранаюць мне кайданкі. Уласна, гэта самае жорсткае, што адбылося. Яны залятаюць усёй сваёй камандай, не памятаю, чалавек шэсць-восем з аўтаматамі, правяраюць усе пакоі. У кватэры толькі мая дзяўчына і кот. Яны залятаюць, вылятаюць назад. Заходзяць ужо два аператыўнікі без масак, без нічога. Ну ўсё, мяне падымаюць, садзяць на канапу. Амаль адразу ж здымаюць кайданкі. І, як ні дзіўна, далей пачынаюцца зусім карэктныя зносіны. Ніякіх ні крыкаў, ні пагроз, ні абраз. Проста пачынаецца: «Вось, мы па такой справе, вось, зараз у вас будзе адбывацца ператрус».

Нічога не пераварочвалі, поглядам проста прайшліся, праглядзелі. Здаецца, нічога няма. Ну, папрасілі, натуральна, паролі ад усяго. Ад тэхнікі. Ну я… Чаго выдзелвацца? Ну я іх даў. Трымайце, глядзіце, чытайце. Паказалі мне, што там [у пратаколе]. Я нічога не зразумеў з гэтага пратакола. Там крымінальная справа нумар «велізарная колькасць лічбаў». І па гэтай крымінальнай справе даў пракурор дазвол на ператрус. Я такі: «Добра, добра».

Усё гэта праверылі, вырашылі ўзяць мой працоўны ноўтбук, тэлефон. Ну і мяне з дзяўчынай павезлі ў ГУБАЗ на допыт. Нічога такога страшнага, акрамя таго, што табе ў восем раніцы ламаюць дзверы людзі з аўтаматамі, не адбылося.

Кот [у нас жыў] роднай сястры [маёй] дзяўчыны, якая з мужам была вымушаная тэрмінова пакінуць краіну па прыкладна тых жа матывах, што ў мяне. Коцік жыў са мной і зрабіў максімальна станоўчае ўражанне на ўсіх супрацоўнікаў ГУБАЗа, якія ўдзельнічалі ў ператрусе. Ён хвілін на дзесяць зашыўся трошкі — спаў на ложку ў пакоі, не выходзіў. Потым ён выйшаў, сваім спакойным крокам прайшоў паміж ног супрацоўнікаў, паеў, папіў, на ўсіх паглядзеў, аб усіх пацёрся, яго пачалі браць на рукі, гладзіць, пытацца імя. Усе ката пагладзілі, ну і кот спакойна лёг спаць, як ён звычайна робіць. Яго наогул не хвалявала, што адбывалася вакол.

«Я ўжо сам забыўся, што ў гэтым чаце быў»

У ГУБАЗе — там свая атмасфера. Усё нармальна, тыпу шукаюць праціўнікаў дзяржаўнасці. Спачатку апытваюць маю дзяўчыну. Цалкам яе апыталі: адкуль ты яго ведаеш, была на акцыях, не была. Ага, вось была. Вось, карацей, табе распіска аб неразгалошванні і глядзі мне, калі нешта, то мы да цябе яшчэ заедзем. У іх, карацей, ёсць спосабы даведацца, ці быў ты дзесьці, па мабільным тэлефоне і гэтак далей — гэта для іх ніякіх праблем не складае. Ну, уласна, і ўсё. І яны яе адпусцілі.

Фота: gypsynkov / Instagram

Са мной пачынаюць размаўляць па маіх пытаннях, чаго мяне затрымалі. І тут я разумею, што затрымалі мяне не праз твітар. Хоць я думаў, што, хутчэй за ўсё, альбо праз яго, альбо дзесьці ўсплылі нейкія фоткі ў кагосьці на заднім плане. У відосе [ГУБАЗа] усё праўда з нагоды чата Infopoint — я сапраўды там быў. Я паспеў напісаць «прывітанне ўсім» і пабыць там цэлы тыдзень. І выйшаў з яго. То-бок, у мяне там была вельмі актыўная дзейнасць даўжынёй у сем ці 14 дзён. Калі мне яго паказалі, для мяне гэта было трошкі … Я іх [сілавікоў] чакаў па многіх прычынах, але толькі не па гэтай. Я вельмі моцна здзівіўся — нічога сабе, як вы паднялі гэтую бздуру. Я ўжо сам забыўся, што ў гэтым чаце быў.

Ну, уласна, усё. Тэлефон пусты, усё пустое. Нічога асабліва не пазнаходзілі. З гэтым чатам нешта прыдумалі, ім здалося, што я неяк датычны да зліву аб тым, дзе перамяшчаліся сілавікі. Ну, значыць, вінаваты. Пратакол [па артыкуле КаАП] 24.3 — прыйдзецца адпачыць пару тыдняў. Вось, што мне сказалі ў ГУБАЗ.

За тыдні тры-чатыры да майго арышту прыйшлі да маіх сяброў. Я правёў генеральную ўборку экстрэмісцкую ў сябе ўсюды. Таму я аддаваў паролі, усё роўна там нічога няма. Пару разоў допыт перарываўся на адкрыты смех. Яны чытаюць мемы, якія я камусьці скідваў, і пачынаюць смяяцца. Ну і мы ўсе пачынаем смяяцца, таму што смешныя мемы. Топ-мем, які яны прама клікалі кагось паглядзець, калі супрацоўнікі міліцыі тэлефануюць некаму ў дзверы і подпіс: «******** [выдатныя] мемы, адчыняй». Гэта быў топ-1 у іх.

Самае прышпільнае, што сябры не адразу даведаліся, што мяне затрымалі. З затрымкай у тры гадзіны. Яны мне ўвесь гэты час працягвалі пісаць і скідваць. А яны ім адказвалі. Сябры шлюць прыколы з Азаронкам, пішуць, «* * * [чорт], ну ты паглядзі на гэтага дурня». А гэтыя ім тыпу смайлікамі адказваюць. Мае хутка папалілі, таму што ў мяне нетыповы стыль зносін. Яны яшчэ не ведалі, што мяне затрымалі, але хутка зразумелі, што так я не адказваю.

Ішоў допыт. Потым адзін з супрацоўнікаў кажа: «О, пачалося». І ўключае на YouTube зварот прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэта назва роліка, я тут не выказваю нейкую сваю пазіцыю. Гэта іх прэзідэнт і яны глядзяць свайго прэзідэнта. З такімі ж эмоцыямі, як людзі, якія лічаць сваім прэзідэнтам Ціханоўскую, глядзяць Ціханоўскую, гэтак жа і людзі, якія лічаць сваім прэзідэнтам Лукашэнку, глядзяць Лукашэнку. З разуменнем, з пачуццём, з толкам, глядзяць, убіраюць і абмяркоўваюць яго выказванні.

«Ну давай перазапішам, вось тут ты шмат усміхаўся»

Як пішацца відос: цябе садзяць на крэсла, дастаецца самы сапраўдны хромак — зялёны экран. Ты садзішся на яго фоне, і кожнае пытанне асобным відосам пішуць. І потым яны ўласна склейваюць. Калі ім нешта не падабаецца, яны проста перапытваюць. Я нешта дзесьці затупіў, яны такія — добра. Прычым зноў-такі, гэта адбываецца ўсё досыць прыязна: «Ну давай перазапішам, вось тут ты шмат усміхаўся, давай перазапішам». Той прадукт, які ты здымаеш — табе нават смешна робіцца. А потым ты бачыш, што там яны ў выніку намантуюць — такі дысананс адбываецца.

Я ў IT нядаўна, таму мая дзяўчына супрацоўнікам ГУБАЗа распавяла, што ў пачаткоўцаў-айцішнікаў зарплата можа быць невялікая, яны гэтую гісторыю прынялі на веру. І калі запісваўся відос і ў мяне хацелі спытаць, тыпу «назаві свой заробак», адзін з супрацоўнікаў падышоў і сказаў: «Не, хай не называе, ён малы».

Для мяне вялікая загадка, як менавіта яны вылічылі мяне. Таму што да таго моманту, калі я быў у тым чаце, у мяне ўжо профіль быў зачынены па ўсіх правілах прыватнасці. Я гэта зрабіў яшчэ задоўга да таго, як гэтыя правілы пра ананімнасць у тэлеграме ў прынцыпе пачалі ўзгадваць. Значыць, у іх нешта ёсць, нейкі спосаб вылічэння.

У РАУС спецыяльны чалавек, адведзены пад экстрэмісцкія справы, афармляе цябе, пытаецца што ды як, чаму прыехаў. І прапісвае табе пратакол. Ну, кажа, сёння дадому, напэўна, не пойдзеш. Яшчэ дзён 10-15 дакладна не пойдзеш, ну а там можаш ужо прыкідваць, можа, потым і добра ўсё будзе.

І ўсё — на ІЧУ, потым на Акрэсціна.

«Спачатку я пасядзеў усямёх у аднушцы з пацанамі»

Наглядчыкі былі альбо нейтральныя, альбо нармальныя — наколькі можна быць нармальным у той сітуацыі на Акрэсціна. Яны альбо па статуце, альбо нармальна. Па статуце гэта, адпаведна, усё па правілах: на шконках днём не ляжаць, нічога нельга. З табой амаль не размаўляюць, усё ўзаемадзеянне — табе ежу даюць у кармушку. Альбо нармальныя, якія, [калі] ты папросіш, табе і туалетнай паперы дадуць, мыла паднясуць, час падкажуць. Маглі і лішні чай прапанаваць, калі заставаўся. Нават на Акрэсціна з усімі страшнымі гісторыямі пра яго былі моманты, калі праскоквала нейкая чалавечнасць у супрацоўнікаў.

Фота: gypsynkov / Instagram

Перапоўненая камера. Спачатку я пасядзеў усямёх у аднушцы з пацанамі, потым нас перакінулі ў чацвёрачку. 12 чалавек нас сядзела. У дванаццатцы — там былі ложкі не прышпіленыя, але гэта металічныя шконкі, гэта значыць не суцэльныя, а прутамі. На іх ты нават пры жаданні паляжаць не зможаш. Усе спалі на падлозе. Святло не выключалі ніколі. З непрыемнага — пад'ём кожныя дзве гадзіны. Трэба падняцца, назваць прозвішча.

Я не застаў гісторыі з музыкай, якая пастаянна дзяўбе. Ежа як ежа. Дзецюкі, хто служыў у арміі, сказалі, што іх у арміі такім жа кармілі. Яна не пяць зорак, звычайная такая ежа. Не самая, вядома, прыемная. Але есці можна, не памрэш.

За 14 сутак ты з усімі пагутарыш і ўсіх запомніш. У асноўным гэта небаракі, людзі, якія сядзяць за нейкую бздуру. Тыпу рэпост з экстрэмісцкага рэсурса.

Навіна пра кампанію Panasonic, якая выкупіла 40% акцый на падзенні чагосьці. І вось за гэты рэпост чалавек атрымлівае 15 сутак, а потым яшчэ 15 за тое, што з гэтага рэсурса навіну пра пінгвінаў рэпоснуў.

Быў чалавек, які рэпоснуў у працоўны чат пастанову Міністэрства аховы здароўя аб правілах выдачы бальнічных лісткоў пры амікроне. Але зрабіў ён гэта з Zerkalo — таксама 15 сутак. Калі прыйшлі да яго на працу яго забіраць, убачылі ў іх бел-чырвоны дожджык на акне — яшчэ пятнашку далі за пікетаванне.

Пара хлопцаў засела сур'ёзна, але ім адразу сказалі, што тыпу яны паедуць далей на СІЗА. Да іх некалькі разоў прыходзілі. Ну іх там таксама тыпу затрымалі па нейкіх фотках, на нейкіх маршах пазнаходзілі. Каму не пашанцавала — прыйшлі дадому, знайшлі ноўтбук. На ноўтбуку яшчэ шмат усяго. Адзін хлопец сядзеў 19-гадовы за тое, што напісаў у 2020 годзе каментар, нешта з разраду «гасіце мянтоў, паліце АМАП» і здымаў там, як людзі ў Новай Баравой на дарозе стаялі. І вось яму пачалі шыць абразу супрацоўнікаў і гэтак далей. Яму на той момант было 17 гадоў, а прыйшлі толькі праз два гады. Яму таксама адразу сказалі, што будзе крымінальная справа.

«Soft skills падымаюцца за гэтыя два тыдні на вяршыні незвычайныя»

Мяне засялілі ў камеру досыць позна. У гадзіну ночы, напэўна — [сукамернікі] спрасонку сказалі «прывітанне» і ўсё. На наступны дзень ужо пачалі знаёміцца.

Мяне пытаюцца — якія фільмы ведаеш вельмі добра? Я кажу, ну вось такія ды такія. Ну ўсё, значыць, сёння пасля абеду глядзім вось гэта. І так, сапраўды сядзелі — хто што ведаў, той і распавядаў [сюжэт фільма]. Два фільмы ў дзень стабільна перад адбоем і пасля абеду «праглядалі».

Класічная там гульня — у слоік. Проста называецца літара з алфавіту любая, груба кажучы, «б». Мы называем усе словы на літару «б», прадмет павінен змяшчацца ў трохлітровы слоік. Вось так бавілі час. Альбо глядзіш фільмы, гульні, альбо кожны распавядае з жыцця нейкія гісторыі. Так час уласна і праходзіць.

Ну нам пашанцавала, таму што было некалькі чалавек з цікавымі аповедамі. Хтосьці ездзіў на роварах з Мінска ў Кіеў, у Карпаты і вяртаўся. Хтосьці ў Мексіку ў адпачынак лётаў. Нарколаг распавядаў пра алкагалізм.

Soft skills падымаюцца за гэтыя два тыдні на вяршыні незвычайныя.

Хлопец адзін цалкам пераказаў Гары Потэра.

Зляпілі «Чакуна» з хлеба, маленькага, невялікага. Ну і паставілі. А там тыпу шмон у палітычных два разы на дзень. Ну вось яны заходзяць на чарговы шмон. Ну і ўсіх жа выводзяць у калідор і пачынаюць смяяцца. Пачынаюць быццам бы на тэлефон яго фоткаць. Потым чуваць удар дубінкай — разбілі яго. Мы заходзім у камеру — ну так, разбіты. А яно з хлеба забаўна атрымліваецца — адзін у адзін.

У камеры, натуральна, усе па-любому перахварэюць кавідам, ад гэтага не адысці. Быў нават момант дзіўны, што мы думалі, наколькі ўсё дрэнна ў краіне, таму што адзін раз нас усіх паклікалі з камеры і ўсім выдалі маскі. Мы падумалі, што, напэўна, у краіне з кавідам наогул нейкая бяда. Таму што калі нам раздалі маскі і сказалі: «Хлопцы, шмат хварэе, вам трэба ў масках сядзець» — нічога сабе, што ж на волі адбываецца?

Самае дрэннае, што было на сутках — ты сядзіш і думаеш, што будзе далей. Падаўжаюць, не падаўжаюць, адпускаюць, не адпускаюць? А пацаны, якія выходзяць: ці выходзяць яны ці яны «выходзяць» у СІЗА? Дарэчы, потым, як аказалася, большасць сапраўды выйшлі ў СІЗА.

Спаць на падлозе хутка звыкаеш, да ежы хутка звыкаеш. А вось гэтая вось думка — цябе выпусцяць ці не, яна самая страшная, што ёсць на сутках.

Перадапошні дзень, гадзіну да твайго выхаду — гэта вядома, наогул, трэмар рук проста. Ты ўвесь трасешся і думаеш: «***-***-***-*** [чорт-чорт-чорт-чорт], выпусцяць ці не выпусцяць». Гэта, вядома, самы цяжкі дзень. Пры мне мужыка таксама павінны былі выпусціць, груба кажучы, у сераду. У сераду ён застаецца, яму нічога не кажуць, у чацвер нічога не кажуць. А пятніца — гэта трэція суткі, на колькі яго могуць затрымліваць, гэтыя 72 гадзіны. У пятніцу яго асудзілі і яшчэ дадаткова 15 сутак далі.

Выпускаць імкнуцца, па магчымасці, дакладна. Мяне затрымалі ў восем раніцы — мяне выпусцілі ў восем раніцы. Калі ты выходзіш да чатырох гадзін дня, то табе ні сняданак, ні абед не выдаюцца. Калі пазней, то цябе кормяць цэлы дзень. Якраз там быў добры наглядчык і наогул усё было добрае. Яны тыпу кажуць: «Ну ў вас сёння двое выходзяць, вам як бы сняданак не прадугледжаны, але гарбаты нальём».

Не паспяваю зрабіць глыток — «Цыганкоў, з рэчамі на выхад». Думаю, блін, зараз альбо выпусцяць альбо перазатрымаюць. Адзін супрацоўнік прыйшоў.

Спусціліся ўніз, тыпу вось твае перадачы за два тыдні, велізарны пакет цэлы. Распішыся, што атрымаў. Я распісаўся. Ну ўсё, кажа. Ён мяне нават не вёў да брамы. Выводзіць мяне з будынка. Вось, карацей, ідзеш туды, дзвесце метраў, паварочваеш налева, вароты ўбачыш, ідзеш да брамы, цябе там выпусцяць.

Усё, я выходжу, мяне сустракае сям'я, дзяўчына, цётка, дзядзька, адвакаты. Мы адыходзім, я далей пачынаю вырашаць свае далейшыя дзеянні.

«Мяне нават у Тбілісі пачалі пазнаваць на вуліцах»

Ніхто не ведаў [пра твіты]. Так як я зразумеў у ГУБОПе, што пра твітар яны нічога не ведаюць і я яго паспеў выдаліць, я ўжо не раскрываў гэтую канспірацыю да канца. Хоць потым гэта вылілася ў тое, што тыя пацаны, якія выйшлі, мне потым пішуць, тыпу, ну зашыбісь, мы цябе чытаем, колькі мы там разам сядзелі, а ты не прызнаваўся. Тры чалавекі дакладна мяне ведалі, дакладна мяне бачылі, дакладна мяне чыталі. Мы разам пасядзелі, але яны даведаліся аб гэтым толькі потым.

Фота: gypsynkov / Instagram

Калі я ўжо выйшаў, мне сказалі, што самы нармальны варыянт [для пераезду] — Грузія, таму што і па заробку будзе больш менш нармальна жыць, і праект [на якім працую] не супраць. Гэта проста было рацыянальнае мысленне. Прыйшлі, могуць прыйсці другі раз, а могуць і не прыйсці, але навошта выпрабоўваць лёс? А як наогул цяпер засынаць, калі ты ўжо ведаеш, як яны раніцай прыходзяць, з гэтай пастаяннай думкай, што прыйдуць яшчэ раз? Лепш, напэўна, на нейкі час з'ехаць.

Было шмат прыгожых загалоўкаў, што BYSOL эвакуяваў. Не буду адмаўляць, што BYSOL быў у гэтай гісторыі і трошкі дапамог, таму што я атрымаў станоўчы тэст на кавід, а з ім для мяне адразу зачыняюцца аэрапорты і цягнікі альбо трэба нешта выдумляць з нейкімі левымі тэстамі, сертыфікатамі. Але не хацелася рызыкаваць, таму што і так выязджаеш пасля гэтага і не ведаеш, можа там наогул ужо нешта завялі, здымуць з цягніка, не здымуць. Таму я напісаў знаёмым з пытаннем, як можна выехаць з Беларусі не зусім легальна. Мяне, уласна, [накіравалі да] BYSOL, яны далі нумар транспарту, каму можна патэлефанаваць.

Я быў умоўна ананімным. Я з многімі твітарскімі беларускімі ўжо пазнаёміўся ў афлайне, шмат хто ведаў, як я выглядаю, з многімі я не адну шклянку піва выпіў і гэтак далей, але для большасці гэта заставалася ананімнай гісторыяй. Ніяк гэта не паўплывала [на мяне]. Ну, не ананімны і не ананімны. Пацешна, што мяне нават у Тбілісі пачалі пазнаваць на вуліцах. Мяне гэта трошкі заганяе ў ступар.

Ды я ведаю, хто гэта быў, таму што я як чалавек, які дапускаў магчымасць, што да мяне прыйдуць, дарагія сабе акаўнты надзейным людзям аддаў. Я аддаў, але што пісаць я не казаў нікому, гэта была такая самаарганізаваная акцыя маіх сяброў у надзеі зрушыць увагу, маўляў, затрыманы ўсё ж такі не аўтар акаўнта. Ну, спроба, як мы бачым, стала мемам, ніхто гэтаму не паверыў, таму што неспрактыкаваны карыстальнік Твітару адразу дапусціў шмат памылак. Гэта быў не таварыш маёр, твітар нікім не захопліваўся, проста мае сябры не вельмі спрытна напісалі пару твітаў у надзеі адцягнуць увагу.

Вяртацца ў Беларусь буду, калі адчую, што ўжо няма гэтага, калі могуць пасадзіць за жарт, за дрэнны колер шкарпэтак і гэтак далей.

Я ўсё яшчэ лічу сваю краіну сваёй краінай і хацеў бы пры магчымасці туды вярнуцца. У мяне няма такога, што я абрываю канцы, я больш не беларус. Але ўсе гэтыя прагнозы былі да вайны. З пачаткам вайны само словы «прагноз» і «план» павінны стаць лаянкавымі, я лічу. Таму што нешта планаваць стала немагчыма. Незразумела, ці будзе Беларусь, як гэтая вайна пройдзе, што здарыцца пасля, як моцна ўлады ўцягнуць Беларусь у гэтую вайну. Буду глядзець па абставінах.

Каментары

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы19

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна ў гарадскім двары самачынна паставіць ялінку?1

Памёр Пятро Бурсевіч1

Для большасці людзей пратэінавыя дабаўкі непатрэбныя. Але ў некаторых выпадках яны карысныя

Гамяльчанка купіла ялінку з жывым «падарункам». Цяпер не ведае, чым карміць1

Мінчанка назбірала ў снежні тазік грыбоў. Сярод іх быў нават баравік

Вольга Карач: На мірных перамовах Беларусь павінен прадстаўляць Пазняк. А Ціханоўская слабая70

У дэпрэсіўным райцэнтры Хоцімску па палітычных артыкулах судзілі 26 чалавек1

Fix Price у Беларусі запускае сэрвіс дастаўкі тавараў дадому

Улады пашырылі «экстрэмісцкае фармаванне» праекта «Зеркало». Такой фармулёўкі раней не было3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы19

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →