Грамадства

«Сумна мне ніколі не бывае». Чалавек жыве адзін у апусцелай вёсцы-«бацькаўшчыне»

Аляксандр Лядзенка — адзіны і, мяркуючы па ўсім, апошні жыхар вёскі Лядзенкі пад Віцебскам. Мужчыну 56 гадоў, тут ён нарадзіўся і пражыў амаль усё жыццё. Апошні жыхар Лядзенак разумее, што ягоная вёска асуджаная. Але верыць у цуд: а раптам тут усё ж такі хтосьці паселіцца? Да яго ў госці з'ездзілі журналісты Анлайнера.

«На здароўе я не скарджуся, але да пенсіі, напэўна, не дажыву. І наша вёска тады ўжо дакладна памрэ», — настрой у вяскоўца не самы вясёлы.

Але потым ён закурвае, усміхаецца і запрашае ў госці. Гаспадарка немудрагелістая: урослая ў зямлю хата, кабыла Малышка, хатняя котка Ёшка і прыблудны кот Базыль. «Ну і я сам-просты вясковы няголены малец Сашка! Так мяне і называйце», — прапануе Лядзенка.

Onlíner пабываў у вёсцы, у якой яшчэ паўстагоддзя таму людзі не толькі паміралі, але і нараджаліся, жаніліся, будавалі дамы, саджалі сады, гадавалі дзяцей. Цяпер тут толькі некалькі пакрыўленых, асірацелых дамоў, занесеныя снегам вуліцы і звонкая цішыня.

«Я не самотны чалавек. Проста люблю жыць адзін»

Трохі геаграфіі, каб вы зразумелі, што Лядзенкі — гэта не такая ўжо і глухмень. Ад Віцебска да іх 30 кіламетраў, а за 5 кіламетраў адсюль аграгарадок Замасточча. Гэта чацвёртая станцыя, калі ехаць на дызелі з абласнога цэнтра ў Оршу. А калі дабірацца на машыне, то ад Замасточча ў Лядзенкі вядзе разбітая дарога праз лес. Цяпер яе добра такі занесла снегам, і наша аўто магло б лёгка загрузнуць. Але, на шчасце, да нас дарогу раз'ездзілі вялікія грузавікі, якія прывозяць рабочых — яны абсякаюць старыя дрэвы.

Прозвішча ў Сашы перагукаецца з назвай вёскі: Лядзенка — Лядзенкі. Філасофія ў яго такая:

— Не лічу, што я кроўны мясцовы. Вось калі б я свой дом пабудаваў сваімі рукамі, тады б і лічыў сябе лядзенскім, мясцовым. Мне ж хата дасталася ад бацькоў, і гэта лічыцца «бацькаўшчына».

— Але ж і вёска для вас — таксама бацькаўшчына, хіба не?

— Ну так, за столькі гадоў ужо прыкіпеў да гэтых месцаў. Я жыву ў Лядзенках амаль увесь час, акрамя тых гадоў, калі працаваў у Віцебску кіроўцам. Вазіў начальства, абслугоўваў машыны. Потым фірма развалілася, і я вярнуўся ў вёску. Жыў з бацькамі, а калі яны памерлі, застаўся на гаспадарцы адзін. Трымаў кароў, свіней. Але надакучыла, закінуў. Як гаворыцца, ад гаспадаркі будзеш не багатым, а гарбатым. Зараз кручуся як магу: зімой падзарабляю рубаннем дроў, а вясной і летам — ворывам і касьбой.

У Сашы ёсць сям'я: жонка, дачка, зяць. Жывуць яны ў Віцебску.

— Не, мы з жонкай не развяліся. Зяць з дачкой да мяне сюды прыязджаюць. Клічуць мяне да сябе. А я — нікуды! Кажу ім: «Я ўжо наеўся вашым Віцебскам». Што ў тым горадзе рабіць? Там чалавек жыве і не ведае, як зваць суседа. Цешча мая жыве ў суседняй вёсцы. Я яе наведваю. Яшчэ ў мяне ёсць сястра. І сябры. Так што я зусім не самотны чалавек, вы не думайце. Проста люблю жыць адзін. Мне ў вёсцы спакайней і весялей, побач з прыродай.

«Вёска раней грымела! Моладзь да раніцы сядзела ля вогнішча каля рэчкі»

Адзін на ўсю вёску Аляксандр Лядзенка жыве некалькі гадоў.

— Апошнім старажылам была суседка, Ніна Андрэеўна. Добрым чалавекам была! У маладосці, як і мая мама, працавала даяркай. Ёй было ўжо за 90, і гады з тры таму яна памерла. З той пары я тут адзін. А да гэтага гадоў з дзесяць жылі з Нінай Андрэеўнай у вёсцы ўдваіх.

Саша ўжо і сам не верыць, што калісьці Лядзенкі былі вялікімі:

— Было ці то 74, ці то 76 двароў. Дзве калгасныя фермы, стайня! І людзі трымалі шмат жывёлы. Дзесьці да пачатку 1980-х вёска трымалася. А потым пачалі ў Замасточча жывёлу забіраць. Хто працаздольны, таму там і жыллё давалі. Хто ад'язджаў туды, хто ў Віцебск, а хто ў Ноўку (аграгарадок, дзе знаходзіцца «Рудакова» — адно з найбуйнейшых аграрных прадпрыемстваў у Віцебскай вобласці). Увогуле, у пошуках лепшай долі моладзь раз'ехалася. А старыя паволі паміралі. Шкада, вядома, такая вёска была! Колькі моладзі жыло! Вогнішчы палілі каля рэчкі, сядзелі да раніцы, пакуль днець не пачынала. А зімой збіраліся па хатах то ў аднаго, то ў другога: у карты гулялі, у даміно. Вёска грымела!

Цяпер Лядзенкі — гэта адно Сашаў падворак: дом, хлеў і лазня. Ён знаходзіцца на ўскраіне вёскі, далей — рэчка Чарнічанка, поле і лес.

— Раней у вёсцы было чатыры вуліцы. Хаты стаялі ўсюды: і вунь там, за канавай, і вось тут, дзе дуб. Але памерлі гаспадары — памерлі і хаты. Нечыя сваякі іх зносілі, а хтосьці прадаваў, зруб разбіралі і везлі. Так і распрадалі «бацькаўшчыну». Цяпер на маёй вуліцы засталася адна нежылая хата — Ніны Андрэеўны. І яшчэ чатыры дамы стаяць на тым баку. Дзве закінутыя хаты, а дзве належаць дачнікам. Але ўзімку яны прыязджаюць сюды рэдка, можа, разы з два: паглядзяць, што дом цэлы, і з'язджаюць.

Увесну, на Радаўніцу і ў іншыя памінальныя дні, людзі збіраюцца на могілках — яно кіламетры за два ад Лядзенак. Але патрапіць туды па бездаражы цяжка:

— Звоняць мне, пытаюцца: «Саша, як дарога да могілак?» Я кажу: «Выключная! Да вёскі даедзеш, а далей пешшу».

«Гэта ў вас там, у гарадах, хварэюць на каранавірус. А я не ведаю, што такое тэмпература»

Два разы на тыдзень Саша выбіраецца ў «цэнтр» — так ён называе Замасточча.

— Еду туды на кабыле, а іншы раз — на веласіпедзе. А калі і пешшу хочацца прагуляцца. Цяпер мне сват на зіму пакінуў трактар. Дык на ім, бывае, езджу.

У аграгарадку ёсць уся патрэбная Сашу інфраструктура: крама і пошта.

— Купляю ў сельпо прадукты і цыгарэты. Ну, часам і бутэлечку. Але калі няма выпіўкі, мне і не хочацца. А вось курыць ніяк не магу кінуць. Таму, як толькі цыгарэты скончыліся, я рукі ў ногі — і іду ў «цэнтр». А на пошце плачу за святло і тэлефон.

Іншыя выгоды цывілізацыі, прызнаецца вясковец, яму і не патрэбныя:

— Са здароўем у мяне пакуль усё нармальна. Хварэць я, цьху-цьху-цьху, не хварэю. Гэта ў вас там, у гарадах, хварэюць на каранавірус. А я не ведаю, што такое тэмпература. Калі што, палавінку аспірыніны на ноч — і з раніцы здаровы. Хуткую ніколі не выклікаў. А калі раптам спатрэбіцца, яна і ў Лядзенкі прыедзе. Гэта ж не край свету!

Стрыгчыся-мыцца — таксама не праблема. Стрыжэ мяне сябар, машынкай. А лазня ў мяне свая. Ваду нашу з Чарнічанкі. Вада з рэчкі — самая добрая: валасы ад яе пышныя, і шампуня не трэба.

Аўталаўка ў Лядзенкі не прыязджае.

— Мы адмовіліся ад яе, яшчэ калі старая, Ніна Андрэеўна, была жывая. Аўталаўку гэтую трэба ж чакаць. Яны, напрыклад, скажуць, што прыедуць а другой гадзіне, а самі з'явяцца толькі а пятай. Вось мы і вырашылі з Андрэеўнай, што не патрэбна нам аўталаўка. Суседцы прадукты прывозіла дачка, а я і сам за імі магу выбрацца. Старшыня сельсавета іншы раз тэлефануе: «Саша, ці трэба табе дарогу пачысціць?» А я адказваю: «Навошта? Не турбуйцеся, не ганяйце тэхніку».

Калі мне трэба ў краму, я жарабіцу запрагу і з'езджу. Я сам сабе тут улада, мне ніхто не патрэбен.

«За касьбу і ворыва разлік такі, які прыдумалі яшчэ дзяды»

Расклад дня ў Сашы заўсёды аднолькавы і строгі, як у войску: пад'ём — у 05:00, адбой — у 22:00.

— Сумна мне ніколі не бывае. Прачынаюся, п'ю чай. Кармлю Малышку, распальваю печку. Калі ёсць падпрацоўка, запрагаю кабылу і еду. Увечары рыхтую вячэру: я люблю боршч, пюрэ, макароны па-флоцку. Праўда, часам лянота варыць, я тады раблю кашу хуткага прыгатавання. Гляджу тэлевізар, заадно магу нешта папраць.

Кніжкі і газеты мужчына не чытае.

— Не вабіць мяне гэта палітыка.

У тэлефоне Саша не вісіць: ён у яго кнопкавы. Так што навіны даведваецца не з телеграм-каналаў, а па радыё. Яно ў яго вісіць на сцяне над кухонным сталом. Сумаваць не дае і гаспадарка.

— Коней я трымаю ўжо амаль 30 гадоў. Цяперашняя кабыліца, Малышка, — мая верная сяброўка. Ёй 11 гадоў. Купіў яе пяць гадоў таму. Адразу яна была дзікая, жыла ў табуне. Але даволі хутка прыручыў яе. Яна любіць сухарыкі — я і задобрыў імі. Кот Базыль вось яшчэ прыблудзіўся. Усю восень з Малышкай хадзіў у поле, яна паслася там, а ён побач. Шкада стала яго, прыкормліваю. Але ў хату не пускаю: там жыве свая кошка - Ёшка.

У вёску нярэдка заходзяць дзікія жывёлы:

— Раніцай выходжу на двор, снегам усе прыцерушыла, гляджу: сляды. Ваўчыныя. Лясное звяр'ё — дзікі, лісы, ваўкі — тут ходзіць як хатняе. Я іх не баюся. А чаго іх баяцца? Не лезь да іх, і яны да цябе не палезуць. Бывае, ідзеш летам — а летам тут быльнёг страшны, вышэйшы за чалавека — і раптам метраў за пяць ад цябе дзік у траве як фыркне! Трохі нечакана, вядома, але не страшна.

А ліхіх людзей я тут ні разу не сустракаў. Грыбнікі ці ягаднікі — тыя, бывае, заблукаюць. Спытаюць, як знайсці дарогу. Я падкажу.

Зараз у Сашы «мёртвы сезон». Часам ён займаецца рубаннем дроў, рамонтам пілаў і косаў. Асноўны заробак у яго, кажа, вясной і летам.

— Узорваем з Малышкай людзям агароды. Тут жа ў ваколіцах шмат адзінокіх старых, каму патрэбна дапамога, а таксама дачнікаў. Замовы прыходзяць загадзя, месяцы за два. Я іх запісваю, каб не забыцца: калі, у каго і колькі трэба ўзараць.

Разлік за ворыва і касьбу просты:

— Лічым так, як раней гэта рабілі нашы дзяды, ну толькі ў пераліку на сучасныя грошы. Вядро бульбы, дапусцім, каштуе 10 рублёў — значыць, узараць «сотку» зямлі — таксама 10 рублёў. Трохлітровы слоік малака каштуе 6 рублёў — столькі ж бяру і за скошаную «сотку». Самы прыбытковы для мяне час — красавік-май, калі садзяць бульбу. Некаторыя гаспадары не толькі даюць грошы, але могуць і запрасіць за стол, пакормяць, чарку нальюць.

Я і свой агарод саджаю. Бульба, морква, бурачкі — у мяне ўсё сваё. Дарэчы, бульба ў Беларусі падскочыла ў цане ў два разы. Быў нядаўна ў Віцебску, прайшоўся па базары. Дык на Полацкім рынку каштуе ад 80 капеек да 1,40 рубля. Я здзівіўся такім цэнам!

Саша ведае, як выратаваць вёскі, што паміраюць. 

— Ну вось глядзіце. У тым жа Замасточчы панабудавалі: хата на хаце. Будынкі знаходзяцца блізка адзін ад аднаго, а дзялкі ў людзей зусім маленькія: таго агарода «сотка» якая, ну няхай пяць «сотак». І гэта называецца «абнаўленне вёскі»!

А вось дзе трэба абнаўляць сяло, — мужчына паказвае рукой на пустую вуліцу за сваёй хатай. — Пастаўце тут хаты. Ферму пабудуйце. І людзі жылі б! А так то праўда, выміраюць вёскі. Трымаюцца толькі «цэнтры». Такія вёскі, як нашы Лядзенкі, амаль на кожным кроку. За два з паловай кіламетры ад нас Чарнецкі Мох — дык там жыве цяпер некалькі чалавек: старая адна, ляснік з жонкай, малец адзін, малады яшчэ, у калгасе працуе, а астатнія дачнікі.

Апошні жыхар Лядзенак разумее, што ягоная вёска асуджаная. Але верыць у цуд: а раптам тут усё ж такі хтосьці паселіцца?

Чытайце таксама:

Аграсядзібы пачынаюць душыць. Навошта і каму гэта трэба?

«З’явілася жаданне ўцячы ад усіх». Жанчына з трыма дзецьмі з’ехала ў глухую палескую вёску, купіла закінутую хату і зрабіла яе знакамітай

Каментары

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пачалося абмеркаванне праекта Кодэкса аб ахове здароўя2

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →