Здароўе

Лукашэнка сцвярджаў, што кавід можа быць «лекам» ад анкалогіі. А што пра ўплыў кавіду на рак пішуць у свеце?

Кавід можа выявіцца «лекам» ад анкалогіі. Такую дзіўную гіпотэзу ў кастрычніку 2021 года пераказваў Лукашэнка. Падобнае меркаванне выказваў у інтэрв’ю дзяржаўным СМІ і Сяргей Красны, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У іншых краінах на гэта глядзяць не так аптымістычна і думаюць, што фармальнае змяншэнне колькасці новых выпадкаў раку звязана з перабоямі ў дыягностыцы ў часы пандэміі.

«Самае лепшае, што не аспрэчвае мой памочнік Косінец, кавід не толькі на гэтым этапе прыдушыў грып (гэта значыць, не хварэюць людзі на грып практычна), але анколагі падазраюць, што і анкалогія значна знізілася не таму, што людзі не звяртаюцца. Яны гэта ўжо заўважылі. Нешта адбываецца такое. Я буду рады, калі як з грыпам. Таму што ўсё ж такі хворых на кавід нам лягчэй лячыць, чым анкалагічных. Таму дай бог, каб кавід быў лякарствам ад анкалагічных захворванняў. Гэта тое, што я даведаўся новага для сябе», — сказаў Лукашэнка ў кастрычніку мінулага года.

Беларускія анколагі выказалі гіпотэзу аб уплыве COVID-19 на зніжэнне анказахваральнасці. Пра гэта дзяржаўным СМІ расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Красны.

Фота: belarus24.by

Красны нагадаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі істотна (больш як на 25%) знізілася анкалагічная захваральнасць. Першапачаткова навукоўцы выказалі меркаванне, што такое зніжэнне звязана з меншай колькасцю звароту людзей па медыцынскую дапамогу з-за ўспышкі кароны.

«У 2021 годзе мы чакалі рэзкага ўсплёску анкалагічнай захворвальнасці, прычым думалі, што будуць звяртацца пацыенты з запушчанымі пухлінамі. Мы ўсяляк да гэтага рыхтаваліся. Аднак у 2021 годзе нічога такога не адбылося», — сказаў намеснік дырэктара.

«Не назіраецца рэзкага павелічэння колькасці пацыентаў з чацвёртай стадыяй. Такім чынам, хутчэй за ўсё, сама каранавірусная інфекцыя ўплывае на анкалагічную захворвальнасць», — адзначыў беларускі медык.

У замежных медыцынскіх публікацыях нам не ўдалося знайсці падобных гіпотэз. Але многія публікацыі абсалютна адназначна гавораць пра тое, што змяншэнне дыягнаставаных выпадкаў раку звязана выключна з тым, што медыцынскія сістэмы падчас пандэміі былі перагружаныя, што выклікала затрымкі і перабоі ў дыягностыцы раку. То-бок людзі не пачалі менш хварэць на рак, рак проста пачалі радзей знаходзіць. І наступныя гады гэта можа мець страшныя наступствы ў выглядзе большай смяротнасці ад анкалогіі.

«Паводле даследаванняў СААЗ, у 42% краін назіраліся перабоі ў лячэнні раку»

Увесну 2020 года, калі кавід пачаў распаўсюджвацца за межамі Кітая, у многіх краінах кабінеты для калонаскапіі і іншых відаў скрынінгу стаялі пустымі. Людзі, перапужаныя кавідам, сталі менш хадзіць у паліклінікі і абследавацца. Усе сілы ў тыя дні анколагі кінулі на правядзенне тэрміновых аперацый, і скрынінгавыя працэдуры адышлі на другі план. Па меры прасоўвання кавіду пра выяўленне раку тады ніхто не думаў. Карона перавярнула анкалогію дагары нагамі.

Кавід можа стаць велізарным эксперыментам па ацэнцы важнасці скрынінгу на рак. Але праблема ў тым, што рак з’яўляецца вельмі складанай хваробай, таму даследаванні на гэтую тэму могуць заняць гады ці нават дзесяцігоддзі. Больш за тое, уплываць на колькасць выяўленых выпадкаў можа не толькі скрынінг, але і кавідныя каранцінныя рэаліі: людзі сталі менш рухацца і больш ужываць алкаголю, што значна падвышае імавернасць захварэць на рак. 

Паводле даследаванняў СААЗ, у 42% краін назіраліся перабоі ў лячэнні раку, у 40% не хапала асноўных лекавых сродкаў, а ў 48% назіраліся перабоі ў аказанні паліятыўнай дапамогі.

У Нацыянальным анкалагічным цэнтры Кыргызстана колькасць выпадкаў раку, дыягнаставаных у красавіку 2020 года, знізілася на 90%, у той час як у Нідэрландах і Бельгіі ў першым квартале 2020 года яна знізілася на 30—40%.

Несвоечасовая дыягностыка і лячэнне ў Брытаніі, як чакаецца, прывядзе да павелічэння колькасці смерцяў ад раку тоўстай кішкі на 15% і на 9% ад раку малочнай залозы на працягу наступных 5 гадоў.

Фота: Flickr.

Апытанні больш за 700 анколагаў, праведзеныя ў Злучаных Штатах, Брытаніі, чатырох буйных еўрапейскіх краінах і Японіі прадэманстравалі значнае зніжэнне колькасці выяўленых выпадкаў раку ў параўнанні з дакавіднымі часамі.

У красавіку 2020 года анколагі паведамілі аб колькасці выпадкаў, якія складалі 49% ад колькасці да пандэміі. Гэты працэнт вырас да 77% у кастрычніку 2020 года, але знізіўся да 74% ад узроўню да пандэміі ў лютым 2021 года.

Больш за тры чвэрці анколагаў ЗША паведамілі аб затрымках аперацый, а 40% адзначылі затрымкі хіміятэрапіі. За ўвесь 2020 год было зроблена на 20% менш мамаграм, на 14% менш мазкоў Папанікалаў, на 23% менш калонаскапій і на 11% менш тамаграфій. Гэта азначае прыкладна на 22 мільёны менш скрынінгавых тэстаў на чатыры тыпы раку ў 2020 годзе ў параўнанні з дакавіднымі часамі.

Гэта азначае, што прыкладна 68 000 пацыентаў могуць мець адтэрмінаваныя або прапушчаныя дыягназы раку ў 2020 годзе ў Амерыцы.

«Смяротнасць ад кавіду ў хворых на рак удвая вышэйшая»

Праблемы з дыягностыкай і лячэннем раку назіраліся не толькі ў першай палове 2020 года, але і пазней. Даследаванне СААЗ паказвае, што ў апошнім квартале 2021 года ва ўсіх краінах, якія прадставілі справаздачы, назіраліся збоі ў скрынінгу і лячэнні раку — ад 5 да 50%. Сітуацыя палепшылася ў параўнанні з першым кварталам 2020 года, але пабочны эфект гэтага збою ў лячэнні і дыягностыцы будзе адчувацца на працягу многіх гадоў. 44% краін па ўсім свеце паведамілі аб павелічэнні адставання ў скрынінгу на рак у другой палове 2021 года.

Паводле іншых даных, у Брытаніі з сакавіка па верасень 2020 года правялі на 3 мільёны скрынінгаў менш, чым у звычайныя гады. У Англіі за гэты перыяд лячэнне ад раку пачалі на 42% менш людзей, чым у звычайныя гады. 

Але праблема не толькі ў тым, што людзі прапусцілі скрынінгі ў пікавыя дні пандэміі і прыйшлі да дактароў пазней. Праблема яшчэ і ў тым, што збіўся графік наведвання ў людзей, якія праходзілі праверку на рак рэгулярна. Напрыклад, былі пацыенты, якія прывыклі праходзіць мамаграфію раз на два гады або калонаскапію кожныя 5 гадоў. Яны ў 2020 годзе прапусцілі планавы агляд, а потым увогуле забыліся пра гэтую звычку планавых аглядаў. Таму больш глабальныя наступствы адмененых праз кавід скрынінгаў мы можам пабачыць толькі праз гады.

Акрамя таго, кавід выклікаў эканамічны крызіс. Многія людзі, якія ад яго пацярпелі, страцілі працу. У іх стала менш грошай на здаровы лад жыцця, і ім сталі менш даступныя цэны на медыцынскія паслугі.

Але самае комплекснае даследаванне аб уплыве кавіду на рак правялі ў Канадзе. Паводле яго, выкліканыя кавідам у 2020 годзе збоі ў лячэнні раку ў Канадзе могуць прывесці да павелічэння колькасці смерцяў на 21 247 у 2020-2030 гадах. Гэта адпавядае чаканым стратам 355 172 гадоў жыцця канадцаў з-за затрымак у дыягностыцы і лячэнні, звязаных з пандэміяй.

Самая высокая абсалютная чаканая залішняя смяротнасць ад раку была прадказаная пры раку малочнай залозы, лёгкіх і тоўстай кішкі.

Існуюць першыя даследаванні, якія сведчаць пра тое, што хворыя на анкалагічныя хваробы пераносяць кавід горш, чым людзі без анкалогіі. Смяротнасць ад кавіду ў хворых на рак удвая вышэйшая. 

Паводле Амерыканскага анкалагічнага таварыства, людзі з ракам, як правіла, больш схільныя да інфекцый праз аслабленую імунную сістэму на фоне самога раку і хіміятэрапіі. Але ўплыў раку на працяканне кавіду пакуль што цяжка вызначыць, паколькі ў гэтых захворванняў шмат агульных фактараў рызыкі (пажылы ўзрост, курэнне і атлусценне).

Акрамя таго, пацыенты з больш цяжкім працяканнем кавіду могуць быць празмерна прадстаўленыя ў даследаваннях праз адсутнасць масавага тэставання на ранніх стадыях пандэміі.

Амерыканскае анкалагічнае таварыства адзначае, што кавід выклікаў змяншэнне колькасці дыягнаставання раку, у першую чаргу, праз затрымкі ў скрынінгу і лячэнні. Але, як адзначае справаздача таварыства, урэшце гэта прывядзе да павелічэння колькасці смерцяў ад раку праз познюю дыягностыку. 

Таксама людзі ў часы пандэміі пачалі прапускаць прафілактычныя агляды па эканамічных прычынах, каб не страціць працу. Акрамя таго, змены ў паводзінах падчас каранцінаў, павелічэнне вагі, недастатковая фізічная актыўнасць і спажыванне алкаголю могуць прывесці да доўгатэрміновых наступстваў для здароўя.

Даследаванне ў Англіі паказала, што затрымкі з дыягностыкай раку прывядуць да дадатковых выпадкаў смерці ў дыяпазоне ад 5% пры раку лёгкіх да прыкладна 15% пры раку тоўстай кішкі.

Чытайце таксама:

«Ніхто і не абяцаў аплаты». Студэнты-медыкі расказваюць, у якіх умовах яны працуюць у паліклініках

Доктар Камароўскі назваў два асноўныя сімптомы «амікрона» і параіў лячэнне

Каментары

Беларус, расстраляны тэрарыстамі ў Тэль-Авіве, ідзе на папраўку: куля зайшла Раману ў жывот і выйшла цераз горла1

Беларус, расстраляны тэрарыстамі ў Тэль-Авіве, ідзе на папраўку: куля зайшла Раману ў жывот і выйшла цераз горла

Усе навіны →
Усе навіны

Не квадроберамі адзінымі. Нефармалы 2000-х расказалі, чаму было небяспечна станавіцца эма і як з'яданне корму з сабачай міскі дапамагае інтравертам2

Наколькі рэалістычны прагноз эканамічнага развіцця Беларусі на 2025 год? Адказвае эканаміст5

Украінцы, якія бягуць ад мабілізацыі, плацяць тысячы даляраў, каб перасекчы мяжу з Беларуссю6

Ці выдасць суд у Гаазе пастанову аб арышце Лукашэнкі і як гэта паўплывае на яго палітыку і атачэнне? Разважае Фрыдман15

Армія Ізраіля вядзе жорсткія баі на поўдні Лівана8

Жыхар з афрыканскага Буркіна-Фасо пераехаў у Гродзенскую вобласць і працуе трактарыстам16

У цэнтры Мінска выставілі на таргі незвычайны па форме будынак1

У Гомелі кіроўца BMW з дзяржсцягам дрыфтаваў дзеля хайпу2

У Беларусі рассцілаліся перад гендырэктарам МАГАТЭ. Чаму?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, расстраляны тэрарыстамі ў Тэль-Авіве, ідзе на папраўку: куля зайшла Раману ў жывот і выйшла цераз горла1

Беларус, расстраляны тэрарыстамі ў Тэль-Авіве, ідзе на папраўку: куля зайшла Раману ў жывот і выйшла цераз горла

Галоўнае
Усе навіны →