Эканоміка

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

У 2022 годзе эканамісты не чакаюць росту рэальных заробкаў, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэнаў. А інфляцыя, хутчэй за ўсё, не зменшыць тэмпаў. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным матэрыяле «Экспертны погляд» BEROC (Кіеў), які пераказвае zerkalo.io.

Фота: valphoto / depositphotos.com

Разрыў у заробках паміж Беларуссю і суседнімі краінамі павялічваецца

Нягледзячы на эканамічны рост на 2,3% у 2021 годзе, занятасць знізілася, адзначаюць аўтары аналізу, падкрэсліваючы, што гэта «дзіўны эканамічны факт».

«Найверагодней, ён тлумачыцца не толькі эканамічнымі фактарамі, — як, напрыклад, скарачэннем у будаўніцтве, а разам з ім зніжэннем заробкаў і занятасці — але збольшага і палітычнымі прычынамі, у першую чаргу міграцыяй», — кажа сааўтар аналізу акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Рэальны рост заробкаў запаволіўся і па выніках года аказаўся досыць сціплым — на 2,7%. Для параўнання, у 2019 годзе пры росце ВУП на 1,4% рэальныя заробкі беларусаў павялічыліся на 6,5%. І нават у 2020-м пры скарачэнні ВУП на 0,7% іх рост быў 8,8%, звяртаюць увагу аўтары аналізу.

Павелічэнне заробкаў адбывалася нераўнамерна. У прамысловасці сярэдні заробак у рэальным выражэнні вырас на 9,5%, у будаўніцтве, як і ў бюджэтнікаў, ён практычна не змяніўся, а па раздзеле «Інфармацыя і сувязь» статыстыка зафіксавала зніжэнне на 5,3%.

У ахове здароўя зніжэнне было на 12,9%. У першую чаргу гэта выклікана памяншэннем «кавідных» надбавак, адзначана ў аналізе BEROC.

Атрымліваецца, што не ўсе ў краіне адчулі станоўчы ўплыў ад эканамічнага росту. У той жа час эксперты не чакаюць росту рэальных заробкаў у гэтым годзе, адзначаючы, што дзеянне санкцый можа нават прывесці да невялікага спаду.

«Вось толькі спад рэальных заробкаў на 2-3% у сярэднім будзе азначаць, што ў кагосьці яны знізяцца на 10-20%», — гаворыцца ў аналізе.

З-за павелічэння разрыву ў заробках паміж Беларуссю і некаторымі суседнімі краінамі эксперты прагназуюць, што да палітычнай міграцыі дадасца яшчэ і эканамічная.

«Гэта будзе вялікім выклікам для краіны з насельніцтвам, якое старэе», — адзначае Кацярына Барнукова.

Рост цэнаў у гэтым годзе будзе дастаткова высокім

Аднаўленне сусветнай эканомікі паскорыла інфляцыйныя працэсы ў многіх краінах. Летась гэта аказала станоўчы ўплыў на экспарт беларускай прадукцыі, але ў той жа час паўплывала на рост цэнаў на ўнутраным рынку. Будучы малой адкрытай эканомікай, Беларусь прыняла частку гэтай сусветнай інфляцыі. Узмацнілі яго высокія інфляцыйныя чаканні і імкненне дзяржавы штучна рэгуляваць цэнаўтварэнне.

«У выніку такіх захадаў Беларусь уваходзіць у лік краін, якія спрабуюць стрымліваць цэны, але ўсё адно атрымліваюць іх рост», — адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Узровень інфляцыі ў Беларусі ў гэтым годзе працягне залежаць ад сітуацыі на сусветным рынку, захавання высокіх інфляцыйных чаканняў, павышэння падаткаў і дзеянняў МАРТ па рэгуляванні цэнаў. Значную ролю будуць аказваць дзеянні Нацбанка.

«У будучыні ёсць сур'ёзныя шанцы, што Нацбанк апынецца пад ціскам, у выніку чаго частка новага інвестыцыйнага цыклу будзе выканана за кошт незабяспечанай эмісіі, так як не будзе магчымасці крэдытавацца на рынкавых умовах», — лічаць эксперты.

Эканамісты адзначаюць, што нават пры ўдалай знешняй кан'юнктуры і спробах стрымліваць рост цэнаў у гэтым годзе наўрад ці атрымаецца ўкласціся ў прагноз у 6%. З улікам змяншэння сусветнай інфляцыі яна можа аказацца ў межах 10%, а ў выпадку запаволення беларускай эканомікі рост цэнаў можа быць каля 7—8%. 

Фота: Mehaniq / depositphotos.com

«Краіна страчвае магчымасці развіцця»

Перспектывы росту ў найбліжэйшай будучыні будуць залежаць ад магчымасцяў нарошчваць экспарт. А на яго ўсё больш уплываюць санкцыі і аднабаковыя захады, якія прымаюцца асобнымі краінамі, з-за якіх растуць выдаткі на лагістыку і юрыдычнае суправаджэнне.

У той жа час на эканоміку будзе ўплываць магчымасць прыцягваць фінансавыя рэсурсы з-за мяжы. Эканамісты мяркуюць, што ў выпадку негатыўных шокаў у Беларусі не застанецца крыніц фінансавання, акрамя Расіі. Гэта стварае дадатковыя рызыкі, таму што пры такім раскладзе ўмовы фінансавання выстройваюцца не на рынкавых прынцыпах, а залежаць ад палітычных дамоўленасцяў.

На эканамічны рост будзе ўздзейнічаць захаванне стабільнасці ў рэгіёне. А таксама любыя негатыўныя шокі, якія ўплываюць на Расію, таму што «такой прывязкі беларускай эканомікі да расійскай, як цяпер, не было ніколі», — адзначаюць аўтары аналізу.

Унутры краіны на перспектывы росту будзе ўплываць попыт. Зараз упэўненасць спажыўцоў у заўтрашнім дні знаходзіцца ў адмоўнай зоне, гэта значыць людзі ўспрымаюць рызыкі пагаршэння сітуацыі як высокія і з-за гэтага не павялічваюць спажыванне. Гэтак жа паводзяць сябе інвестары. У выніку краіна страчвае магчымасці развіцця, падкрэсліваюць эканамісты.

Чытайце таксама:

Ці лягчэй Беларусі будзе цяпер плаціць па даўгах?

Дзярждоўг вырас. Распавядаем, як гэта звязана з утрыманнем курсу даляра

Даўгавое балота засмоктвае. Чаму чыноўнікі сёння баяцца глядзець на год-два наперад

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →