Кітайскую стратэгію «нулявога кавіду» многія лічылі ўзорнай. Але Кітай, здаецца, загнаў сябе ў кут
З самага пачатку пандэміі Кітай ажыццяўляў адну з самых жорсткіх, але эфектыўных стратэгій у барацьбе з каранавірусам — так званую палітыку «нулявой цярпімасці» да кавіду. Пакуль ва ўсім свеце на кавід хварэюць сотні мільёнаў чалавек, і хіжая хвароба забрала жыцці дзясяткаў мільёнаў, у самім паўтарамільярдным Кітаі, дзе хвароба і з’явілася на свет, зафіксавана толькі крыху больш за 100 тысяч выпадкаў і 4,6 тысячы смерцяў (нашмат, нашмат менш, чым у 9-мільённай Беларусі). Але распаўсюджванне амікрона і пекінская Алімпіяда могуць знішчыць усе намаганні кітайскіх уладаў — у краіне можа пачацца беспрэцэдэнтная хваля кавіду, да якой Кітай, праз адсутнасць сучасных вакцын, натуральнага імунітэту і медыцынскіх рэсурсаў, проста не гатовы.
Што за палітыка «нулявой цярпімасці»?
Яшчэ ў пачатку 2020 года, калі новы загадкавы вірус толькі з’явіўся, кітайскія ўлады ўзялі на ўзбраенне палітыку «нулявой цярпімасці» да кавіду, з татальным адсочваннем інфекцыі, масавым тэставаннем і каранцінам для ўсіх, хто патэнцыйна меў кантакт з хворымі.
Аўтарытарны Кітай пачаў рабіць тое, што не маглі сабе дазволіць дэмакратычныя дзяржавы: цалкам ізаляваў 10-мільённыя мегаполісы, татальна адсочваў усе кантакты, цалкам абмяжоўваў свабоду руху ў некаторых рэгіёнах. Улады гатовыя адмяняць палёты і чыгуначныя рэйсы, закрываць парты, тэставаць мільёны людзей і адпраўляць на поўную ізаляцыю цэлыя кварталы і мегаполісы. І гэтая стратэгія, на першы погляд, аказалася эфектыўнай. За некалькі месяцаў кітайцы амаль павыкаранялі ў сябе карону. Новыя выпадкі калі і фіксаваліся, то яны былі пераважна завезенымі з іншых краін.
Калі фіксаваліся ўнутраныя ўспышкі — яны цалкам купіраваліся. Адзін з нядаўніх прыкладаў — поўная ізаляцыя 13-мільённага горада Сіань. Людзей там проста тыднямі замыкалі ва ўласных кватэрах.
СМІ паведамляюць пра зусім кур’ёзныя выпадкі. Трое жыхароў горада, якія жывуць у адным пакоі, выпілі 400 бутэлек піва за 20 дзён ізаляцыі.
Жыхары часам не маглі атрымаць медыцынскай дапамогі ад іншых хвароб: да людзей з сардэчнымі прыступамі ці цяжарных з выкідышамі проста не ехала хуткая.
У кастрычніку больш за 30 тысяч наведвальнікаў Шанхайскага Дыснейлэнда закрылі ў парку толькі праз аднаго кавід-пазітыўнага наведвальніка.
У Шанхаі ўлады трымалі дзясяткі пакупнікоў у краме адзення на працягу 48 гадзін, пакуль іх усіх правяралі на кавід пасля наведвання крамы адным з хворых.
Для Кітая гэта даўно ператварылася ў руціну.
Кітай застаўся адзінай краінай, якая выкарыстоўвае падобную стратэгію ў барацьбе з кавідам. Да гэтага падобным прынцыпам кіраваліся Аўстралія і Новая Зеландыя — але яны адмовіліся ад яго ўвосень 2021 года.
Не толькі пытанне аховы здароўя, але і прынцып
Канечне, у аўтарытарнага Кітая ёсць усе інструменты для стрымлівання распаўсюджвання кавіду, нават больш заразнага амікрона, але гэта запатрабуе нашмат большых рэсурсаў. І ці рацыянальна будзе выкарыстоўваць гэтыя каласальныя рэсурсы ў барацьбе з хваробай, якая ўжо не з’яўляецца такой смяротнай і небяспечнай, як ранейшыя штамы кавіду?
Рэч у тым, хто стратэгія «нулявой цярпімасці» да кавіду для кітайцаў стала не толькі пытаннем аховы здароўя ці эканомікі, але і пытаннем нацыянальнага гонару. Нягледзячы на крытыку з Захаду, кітайцы вераць, што маюць найлепшую стратэгію ў свеце, і ім прынцыпова давесці яе эфектыўнасць любой цаной.
Таксама Кітай прапагандаваў свой падыход у барацьбе з пандэміяй як сведчанне перавагі сваёй уласнай аўтарытарнай мадэлі кіравання над заходняй, гэта таксама пазбаўляе краіну магчымасці для манеўраў. Адмовіцца ад яго будзе азначаць, што кітайская мадэль не такая і ўнікальная, і нічым не лепшая за заходнюю.
Кітайская прапаганда ўвесь час гаварыла аб няздольнасці заходніх краін узяць пандэмію пад кантроль. Кітайскія афіцыйныя асобы выхваляліся ўласным поспехам, каб атрымаць грамадскую падтрымку і падтрымаць уласную легітымнасць.
Дайшло да таго, што кітайскія школьнікі вывучаюць досвед сваёй краіны ў барацьбе з кавідам на ўроках. Ім выкладаюць гэта як прыклад перавагі палітычнай сістэмы Кітая пры кіраванні Камуністычнай партыі.
Сістэма аховы здароўя Кітая стала закладнікам ідэалагічнага супрацьстаяння краіны з Захадам.
Амікрон усё змяняе
Новы штам кавіду больш заразны і перадаецца нават прышчэпленым людзям. Пры гэтым яго сімптомы не такія цяжкія, як у арыгінальнага кавіду ці дэльты. Некаторыя спецыялісты нават мяркуюць, што амікрон можа спрыяць стварэнню калектыўнага імунітэту з найменшымі стратамі. Некаторыя заходнія краіны ўжо здымаюць абмежаванні і вучацца жыць з вірусам.
У гэтых новых абставінах узнікае пытанне: ці сапраўды Пекіну варта працягваць выкарыстоўваць ранейшыя жорсткія падыходы?
Хаця кітайцы дасягнулі высокага працэнту вакцынацыі, вядома, што кітайскія вакцыны (CoronaVac і Sinopharm) не вельмі эфектыўныя супраць распаўсюджвання амікрона. Больш за тое, невядома нават, наколькі яны эфектыўна абараняюць ад цяжкіх выпадкаў і смерці. А доступу да больш сучасных заходніх вакцын у грамадзян краіны няма. Гэта азначае, што вакцыны не забяспечваюць адэкватнага імунітэту.
Больш за тое, праз палітыку «нулявой цярпімасці» да кавіду ў грамадзян Кітая зараз нізкі ўзровень натуральнага імунітэту, у адрозненне ад грамадзян заходніх краін. Менавіта на натуральны імунітэт і разлічваюць многія эксперты, калі кажуць аб магчымым заканчэнні пандэміі.
Паводле даследавання, толькі каля 1% кітайцаў атрымалі натуральны імунітэт. Сярод жыхароў суседняй Індыі гэтая лічба дасягнула 67%.
Многія еўрапейскія краіны, кшталту Даніі, Германіі і некаторых іншых, дасягнулі моцнага імунітэту, але і вельмі нізкай смяротнасці. Яны выкарыстоўвалі эфектыўныя вакцыны, прымалі разумныя рашэнні пра абмежаванні і абаранялі найбольш уразлівыя групы насельніцтва. Гэтая стратэгія аказалася не толькі лепшай за кітайскую, але і лепшай за амерыканскую (дзе людзі атрымалі імунітэт, але вельмі высокай цаной, з каласальнай смяротнасцю).
Некаторыя спецыялісты лічаць, што сітуацыя ў Кітаі ўвогуле можа быць катастрафічная. Заходні свет ужо неяк навучыўся жыць з кавідам, а вось кітайская сістэма аховы здароўя проста не прыстасаваная для догляду вялікай колькасці хворых людзей. Дактары папярэджваюць, што Кітай можа перажыць тое, што перажылі раней ужо многія краіны кшталту ЗША, дзе ад кавіду загінулі больш за 860 тысяч чалавек, а сістэма аховы здароўя слаба спраўлялася. Стратэгія «нулявой цярпімасці» зрабіла Кітай непадрыхтаваным да таго, што кавід стане эндэмічнай хваробай.
Да таго ж, у Кітаі колькасць амбулаторных устаноў вельмі абмежаваная. У выпадку ўсплёску пандэміі людзі не змогуць атрымаць медыцынскай дапамогі, нават калі ім не будзе патрэбная шпіталізацыя. Бальніцы хутка будуць перапоўненыя. Паводле Forbes, колькасць месцаў у кітайскіх рэанімацыях амаль у дзесяць разоў меншая, чым у ЗША. Колькасць медсясцёр — у сем разоў меншая.
На думку экспертаў, Кітаю варта марнаваць грошы не на сваю дарагую палітыку «нулявога кавіду» (з масавым тэставаннем і абмежаваннем перамяшчэння), а ўкладваць іх ва ўласныя бальніцы і падрыхтоўку медыцынскага персаналу.
15 студзеня выпадак амікрона зафіксавалі ў Пекіне. Новым штамам заразілася тройчы вакцынаваная офісная працаўніца, што прывяло да поўнага закрыцця на каранцін усяго бізнес-цэнтра разам з яго супрацоўнікамі. Новы штам мог трапіць у краіну з пасылкай з Канады, якая ляцела ў Пекін праз ЗША і Ганконг.
У Цяньцзіні, 14-мільённым мегаполісе, які мяжуе з Пекінам, было выяўлена 69 выпадкаў захворвання. Горад пратэставаў усё сваё насельніцтва за два дні, што дзяржаўная прэса назвала «цудам хуткасці» Кітая ў стрымліванні віруса.
Ганконг узмацніў меры па сацыяльным дыстанцыяванні, у горадзе прыпынілі вочнае навучанне ў школах, закрылі бары і начныя клубы і ўвялі каменданцкую гадзіну ў рэстаранах. Улады нават распарадзіліся забіць 2000 хамякоў і дробных жывёл пасля таго, як у прадаўшчыцы ў зоамагазіне знайшлі дэльту.
Цяпер вядома пра мінімум 14 правінцый, у якіх знайшлі новы заразны штам.
Палітыка нулявога кавіду прыводзіць да таго, што кітайцы імкнуцца перамагчы ў вайне, дзе перамагчы ў прынцыпе немагчыма.
«Вы не можаце спыніць вецер рукой», — кажа Рафаэль Араос, лекар і эпідэміёлаг. Выдаткі на закрыццё межаў пераважваюць выгаду, цяпер, калі вакцыны могуць скараціць колькасць шпіталізацыі і смерцяў, кажа ён. «Становіцца ўсё цяжэй і цяжэй апраўдваць падыход з нулявым узроўнем кавіду».
Алімпіяда будзе самай складанай праверкай кітайскага шляху
Каля 3000 спартсменаў, абслуга і сродкі масавай інфармацыі з усяго свету з'язджаюцца ў Пекін. Кітай зрабіў усё, каб Алімпіяда не выклікала ўсплёску кавіду.
Прыляцелі дэлегацыі чартарнымі рэйсамі. Гарадок са спартсменамі і трэнерамі, а таксама мясцовай абслугай (кухарамі, кіроўцамі, валанцёрамі) будзе цалкам ізаляваны ад свету. Ад спартсменаў будуць патрабаваць не толькі вакцынацыю, але і ПЛР-тэсты — не менш аднаго за дзень. Усюды будзе сацыяльнае дыстанцыяванне, а там, дзе яно немагчымае (кшталту ліфтаў), будуць забароненыя нават размовы.
Квіткі на спаборніцтвы прадавацца не будуць, заўзятары будуць прыходзіць па спецыяльных запрашэннях. Нават кітайскі персанал у алімпійскім гарадку не будзе мець кантактаў са знешнім светам, нават са сваімі сем’ямі.
Мясцовым грамадзянам забароненыя любыя кантакты з транспартнымі сродкамі, якія перавозяць удзельнікаў Алімпіяды. Для ўдзельнікаў Алімпіяды будуць свае, ізаляваныя ад іншых, аэрапорты і свае цягнікі.
Людзям з рэгіёнаў рэкамендуюць не ездзіць у сталіцу краіны падчас Алімпіяды.
Але навукоўцы чакаюць, што Алімпіяда можа парушыць планы Кітая стрымаць хваробу.
«Амікрон створыць больш праблем і прывядзе да большай колькасці збояў, чым папярэднія варыянты», — кажа часопісу Nature Бэн Коўлінг, эпідэміёлаг з Універсітэта Ганконга. Успышкі могуць распаўсюдзіцца сярод мясцовых, і іх будзе цяжка кантраляваць, кажа ён. «Алімпійскія гульні стануць сур'ёзным выпрабаваннем».
У чым яшчэ недахопы?
Такая стратэгія вельмі дорага каштуе Кітаю. Праз жорсткую антыкавідную палітыку за 2021 год у краіне закрыліся мільёны дробных фірмаў і сямейных бізнэсаў. Краіна траціць каласальныя грошы на масавае тэставанне, абсервацыю людзей і іншыя захады.
У выпадку больш заразнага амікрона, пры захаванні цяперашняй палітыкі «нулявой цярпімасці», уладам можа спатрэбіцца часцей і даўжэй закрываць тыя ці іншыя гарады і раёны на каранцін. А гэта моцна б’е па дзелавой актыўнасці насельніцтва і запавольвае кітайскую і глабальную эканоміку. Прадпрыемствы за межамі Кітая, верагодна, будуць скарачаць партнёрства з кітайцамі, бо прадпрымальнікі не змогуць уехаць у краіну, каб сустрэцца з партнёрамі і наведаць заводы. Такая стратэгія можа прывесці да яшчэ большых эканамічных збояў. І гэта ўсё на фоне энергетычнага крызісу ў Кітаі, а таксама праблем на рынку нерухомасці.
Тое, што людзі менш падарожнічаюць, уплывае не толькі на эканоміку. Пандэмія ўвогуле абмяжоўвае абмен ідэямі і чалавечыя зносіны між прадстаўнікамі розных народаў, што вядзе да непаразуменняў, ізаляцыі і дэзынфармацыі.
З іншага боку, рэзкі сыход ад палітыкі «нулявой цярпімасці» істотна падыме хвалю заражэнняў і загрузіць медыцынскую сістэму. Фактычна, краіна сама сябе загнала ў пастку і цугцванг, дзе няма добрых далейшых хадоў.
Што будзе далей?
Ідэальным сцэнаром для Кітая была б далейшая мутацыя віруса, са з’яўленнем яшчэ больш мяккіх варыянтаў, якія не будуць пагражаць сістэме аховы здароўя пры высокім узроўні вакцынацыі. І тады Кітай мог бы сам ціха аслабіць сваю палітыку ў дачыненні да кавіду без сур’ёзных для сябе наступстваў.
Некаторыя спецыялісты мяркуюць, што Кітай мог бы мякчэй выйсці з гэтага замкнёнага кола сваёй стратэгіі, забяспечыўшы сваё насельніцтва бустарнымі заходнімі мРНК вакцынамі (якія больш эфектыўныя за кітайскія інактываваныя вакцыны). У такім выпадку, паслабіўшы абмежаванні, краіна хоць і сутыкнулася б з павелічэннем колькасці хворых на кавід, але не перагрузіла б сваю медыцынскую сістэму, і не выклікала б істотны рост смяротнасці. Але гэта таксама будзе няпроста зрабіць — раней кітайская дзяржаўная прапаганда сцвярджала, што заходнія вакцыны, у адрозненне ад мясцовых, неэфектыўныя.
Кітаю цяжка адмовіцца ад сваёй стратэгіі і па палітычных прычынах. Палітыка «нулявой цярпімасці» дазваляе трымаць насельніцтва пад татальным кантролем, мабілізоўваць яго. Гэта ўсё актуальна для кітайскіх уладаў перад чарговым з’ездам партыі, што адбудзецца ў канцы 2022 года. На ім, як мяркуецца, Сі зноў пераабяруць кіраўніком Кітая.
Як бы там ні было, адмова ад «нулявога кавіду» будзе для Кітая цяжкім, у першую чаргу, палітычным рашэннем.
Каментары