Грамадства

«Лоўля хайпу на мерцвяка». БТ паказала сюжэт пра загінулага ў навагоднюю ноч Усхопава. Ці можна гэтаму верыць?

У вячэрнім эфіры БТ-1 26 студзеня выйшаў спецыяльны рэпартаж «Лоўля хайпу на мерцвяка», прысвечаны гучнай смерці ў навагоднюю ноч жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава. Гэта фактычна адказ журналістам і блогерам, якія ў першыя паслянавагоднія дні не дапусцілі, каб дзікая сітуацыя з загадкавай смерцю маладога мужчыны прайшла нікім не заўважаная. 

Скрын з відэа tvr.by

Уласна кажучы, мэта гэтая стваральнікамі рэпартажу зусім не хаваецца. І пачынаецца, і заканчваецца матэрыял праклёнамі на адрас «беглых» і іншых падрыўных элементаў. Ды і ў іншых месцах пра іх успамінаюць рэгулярна.

Сваякі нябожчыка таксама патрапляюць пад раздачу, асабліва сястра, якая найперш і паспрыяла таму, каб гэтая гісторыя выйшла наяў. У рэпартажы дэманструецца яе перапіска праз мэсэнджары, а былы яе начальнік у кадры гаворыць, праўда, без бачнага энтузіязму, што на працы былі да яе і прэтэнзіі, і дэпрэміраванне, і што ўвогуле яна «стремилась максимально хорошо и побольше заработать».

Характэрна, што ў палеміку са сведчаннямі спецыялістаў, чые экспертныя ацэнкі падаваліся ў незалежных СМІ, стваральнікі рэпартажу нават не спрабуюць уступаць. Для іх гэтых сведчанняў проста не існуе. Палемізуюць толькі з суб'ектыўнымі выказваннямі некаторых блогераў і журналістаў. 

Адносна самога здарэння выкладаецца толькі афіцыйная версія, якая падмацоўваецца словамі міліцэйскіх чыноў і дзяржаўнага судмедэксперта. З яе вынікае, што ўсё рабілася ў адпаведнасці з правіламі і інструкцыямі, ніхто нідзе не дапусціў ніякай халатнасці і перавышэння паўнамоцтваў.

Ну, а што малады і здаровы чалавек патрапіў у міліцыю жывым і даволі актыўным, хоць і моцна п'яным, а вынеслі адтуль амаль труп — ну то гэта справа звычайная, было б з-за чаго шум падымаць. А галоўнае — з-за каго, вынікае з сюжэта. 

Акцэнт робіцца на нібыта асацыяльнага самога Усхопава, якому прыпісваюцца ўсе магчымыя грахі. І п'яніца ён, і дэбашыр, а асаблівы ўпор — на нібыта наркаманію. Палову рэпартажу імкнуцца даказаць менавіта гэта — што Усхопаў кончаны наркаман, і толькі з-за гэтага яго і спасціг такі лёс.

І стараюцца гэта даказаць, каб ні ў каго сумневаў не заставалася. Але сумневы застаюцца. На нейкім афіцыйным уліку як чалавек з наркатычнай залежнасцю Дзмітрый Усхопаў не стаяў. Прынамсі, пра гэта нічога не гавораць. Каб былі такія матэрыялы, то іх яўна здабылі б і смакавалі б. Таму прадставіць Дзмітрыя як наркамана спрабуюць праз сведчанні людзей, якія яго нібыта добра ведалі.

Вось толькі двое з гэтых людзей — з наглуха заблюранымі тварамі, прадстаўленыя як жыхары Рэчыцы — Аляксандр і Міхаіл. Ніякіх дадзеных, якія давалі б магчымасць іх ідэнтыфікаваць і адпаведна праверыць інфармацыю, не прыводзіцца.

Трэці сведка — сябар Усхопава Ілля Бракарэнка, які затрыманы. Ён выступае з адкрытым тварам, але якая цана гэтым відэапаказанням на міліцэйскія камеры, запісаным у засценках?

З'яўляецца ў кадры і яшчэ адзін былы знаёмы Усхопава, па імені Генадзь, які расказвае пра тое, як Дзмітрый з сябрамі ў 2013 годзе нібыта зладзілі бойку ў бары, і ён ад іх рук у той бойцы пацярпеў. Твар Генадзя не заблюраны, але схаваны за маскай. То-бок зноў такі — незразумела хто, і хочаш яму вер, хочаш не вер.

Характэрна, што і патрульны міліцыянер, які расказвае пра тое, як затрымлівалі Усхопава, выступае ананімна, у кадры ўвесь час стаіць спінай.

З ягонага расказу, вядома, вынікае, што ніякіх парушэнняў міліцыя не дапускала. Але чаму яму павінна быць веры больш, чым ананімным сведкам на палітычных працэсах?

Акрамя таго ўсім вядомага відэа, зробленага пры ўваходзе ў РАУС, паказалі некалькі фрагментаў і іншых, пазнейшых, ужо ўсярэдзіне будынка, а таксама падчас транспартавання спачатку ў РАУС, а пасля ў бальніцу. Падкрэсліваецца, што ўвесь час знаходжання ў будынку Усхопава запісваўся на камеры. І, маўляў, ніводная з гэтых камер не засведчыла таго, што з хлопцам там рабілі нешта не тое.

На паказаных некалькісекундных фрагментах, вядома, ніхто яго не б'е. А што ў астатнія хвіліны і гадзіны гэта таксама так, трэба зноў такі верыць міліцыі на слова. Як і таму, што на фрагментах відэа, дзе не паказваецца твар, а таму цяжка ідэнтыфікаваць асобу, менавіта Усхопаў, а не нехта іншы. 

28-гадовы жыхар Рэчыцы Дзмітрый Усхопаў памёр у навагоднюю ноч пасля таго, як яго ў нецвярозым стане затрымала міліцыя на адным з прыпынкаў грамадскага транспарту. Праз нейкі час пасля затрымання міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой бальніцы ў стане клінічнай смерці. Паміж затрыманнем і смерцю прайшло прыблізна 2 гадзіны.

Паводле апублікаванага міліцыяй відэа, пры дастаўцы ў міліцыю Усхопаў быў у прытомнасці і нават актыўна супраціўляўся. А калі яго пабачылі родзічы, то адзенне на хлопцы было разарванае, ён быў да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана. Запясці на руках у месцы, на якое надзяваюць кайданкі, былі сінія.

Пасля таго, як гісторыя стала вядомай грамадскасці, супраць сваякоў і сяброў Дзмітрыя пачаліся рэпрэсіі. Некаторыя сябры былі затрыманыя па «наркатычных» артыкулах, іншыя паспелі выехаць за мяжу.

Чытайце таксама:

«Не было наркотыкаў! Яму проста дапамаглі памерці ў міліцыі». Сябра, які збег з краіны, распавёў пра Дзмітрыя Усхопава

«На практыцы такіх выпадкаў у мяне і калег ніколі не было». Судмедэксперты ацанілі версію СК аб смерці Усхопава ад алкаголя і марыхуаны

Сведку затрымання загінулага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава эвакуявалі з Беларусі

З'явілася відэа, як Усхопаў сам заходзіць у РАУС. Праз дзве гадзіны ён будзе мёртвы

Каментары

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі2

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі

Усе навіны →
Усе навіны

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе22

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі4

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

У Баранавічах арыштавалі сем былых работнікаў закрытай незалежнай газеты «Інтэкс-Прэс»2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі2

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі

Галоўнае
Усе навіны →