Грамадства

З'явілася відэа, як Усхопаў сам заходзіць у РАУС. Праз дзве гадзіны ён будзе мёртвы

Першай гучнай падзеяй года стала смерць 28-гадовага Змітра Усхопава ў Рэчыцы на Новы год. Родзічы абвінавачваюць у забойстве міліцыю, бо менавіта ад іх Усхопаў трапіў у бальніцу і потым у морг. Але прапаганда кінулася апраўдваць міліцыю змантаваным відэа, і з яго можна зрабіць пэўныя высновы. «Наша Ніва» таксама папрасіла міліцыянераў з вялікім стажам працы разабраць відэа і сітуацыю.

Міліцэйскае відэа дае нам адзін вельмі важны адказ: у якім стане быў Усхопаў, калі трапіў унутр. Факт у тым, што на момант уваходу ў будынак Усхопаў здольны асэнсавана звяртацца да супрацоўнікаў (агучваючы пагрозы), выказваць просьбы («здымі капюшон») і нават на фізічныя дзеянні (спроба зрабіць падсечку міліцыянеру). Ён заходзіў у будынак на сваіх нагах і быў поўны энергіі, яго даводзілася стрымліваць.

Мы маем факт: у 23:10 маладога хлопца затрымалі (у колькі даставілі ў РАУС, мы не ведаем), а ў 1:20 ён ужо памёр — гэта з афіцыйнага паведамлення Следчага камітэта. 

Па апублікаваным відэа таксама можна зрабіць выснову аб адсутнасці на твары Усхопава раны над левым вокам, бо ў адзін з момантаў у відэа трапляе ўвесь яго твар. 

Мы маем фотаздымкі нябожчыка з морга, але не публікуем іх тут з этычных меркаванняў, абмяжуемся толькі адным фрагментам. На адным з фота з морга мы бачым рану. Пры якіх абставінах яна атрыманая, мы не ведаем, на відэа гэтага не паказалі, але з'явілася яна пазней — пасля ўваходу ў будынак РАУС. 

Злева фота з відэа міліцыі, справа — з морга. 

Прапаганда пачала абвінавачваць Усхопава ў тым, што ён быў п'яны — «на вока тры праміле». 

Мы спыталі ў міліцыянераў з вялікім стажам працы, як правільна было б дзейнічаць у такой сітуацыі, якія алгарытмы працы міліцыі. Вось што нам адказалі. 

«Я паглядзеў відэа — ну п'яны, набраўся, што сказаць. Мо бутэлечку гарэлкі і выпіў. Пра тры праміле — аўтар не ведае пра што кажа, тры праміле выглядаюць не так. Фармальна ж у тым, што на відэа, бачныя дробнае хуліганства і непадпарадкаванне», — кажа нам супрацоўнік міліцыі. 

«У старыя добрыя часы яго б пасадзілі ў выцвярэзнік (ці камеру, калі ў РАУС няма выцвярэзніка), каб прыйшоў у прытомнасць за пару гадзін, а потым — пратакол, квітанцыя, пад сраку — дамоў», — дадае ён. 

«На добры лад, яго нельга было не забіраць з прыпынку, калі яго там так хістала. Але ж, Новы год… па-людску трэба было яго завезці дадому. І я так рабіў, і калегі мае рабілі. У мяне таксама быў прыватны выпадак, калі пры дзяжурстве падабралі п'янага. Ішоў дадому — каб выйшаў на дарогу, то трапіў бы пад колы. Ён таксама ў машыне буяніў, не разумеючы, куды яго вязуць, а потым, калі высадзілі, сто разоў дзякаваў», — дадаў іншы супрацоўнік міліцыі. 

«3‰ — гэта мяжа моцнага ап'янення і цяжкага атручэння, але мяжа досыць умоўная, — сказаў нам трэці эксперт. — Усё індывідуальна: некаторыя ад 3‰ паміраюць, некаторыя, маючы 5—6‰, садзяцца за руль аўтамабіля або катаюцца на ровары — рэальныя выпадкі з практыкі. У гэтым выпадку зразумела па голасе і інтанацыі, што чалавек п'яны, і значна. Колькі праміле? Ад двух да васьмі — любы лік, гэта індывідуальна. Найбольш верагодна (характэрна для большасці), што каля 2,5 (мяжа сярэдняй і моцнай ступені). Для яго гэта відавочна не смяротная доза», — кажа эксперт.

Сваякі памерлага Усхопава расказваюць, што ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня яго затрымаў міліцэйскі патруль. Пры затрыманні мужчына супраціўляўся.

Як паведамляюць праваабаронцы-вясноўцы, праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой бальніцы ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана. Запясці на руках у месцы, на якое надзяваюць кайданкі, былі сінія.

Сваякі Дзмітрыя лічаць, што хлопца збівалі ў міліцыі і аблівалі вадой.

«Наша Ніва» пагаварыла з маці Усхопава, Аленай Міхайлаўнай. Вось што яна расказала.

— Гэта праўда пра вашага сына, што яго не стала?

— Гэта можна пісаць. Яны яго забілі — міліцыя забіла. Я ўдава афганца, усё пішыце!.. А сына я ад міліцыянера нарадзіла… Закатавалі сына як Ісуса Хрыста, толькі яму 28 год… Хай нясуць мяне разам з сынам і кладуць у зямлю побач.

— Як ён трапіў у міліцыю? Чаму ён там быў?

— Ён ехаў да мяне Новы год адзначаць, стаяў на прыпынку з сябрам: «Я зараз пад’еду», — звоніць. Яны там пілі шампанскае і закусвалі мандарынам. А тут усё, ехалі: распіццё. Рукі заламалі. А ён кажа: я да мамы еду, выпусціце, не затрымлівайце… А потым яны там яго… на скроні рана, спіна сіняя, рукі сінія. Майка на кавалкі разарваная, як вугаль яго цела. Я больш не магу гаварыць…

Бацька, Аляксандр Леанідавіч, сказаў «Нашай Ніве:

— У міліцыі нам сказалі «памёр», а калі прыйшлі забіраць у морг, сказалі: «А, гэта той, якога забілі?».

Пазней з’явіўся афіцыйны каментарый ад Следчага камітэта.

«31 снежня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на вул. Савецкай мужчыну з прыкметамі моцнага алкагольнага ап'янення. Праз аказанае ім непадпарадкаванне да яго была ўжытая фізічная сіла, — распавялі ў СК. — Мужчыну даставілі ў Рэчыцкі РАУС, а затым у рамках адміністрацыйнага працэсу павезлі на медыцынскі агляд у раённую бальніцу. Пры пад'ездзе да медустановы мужчыну стала блага. Маладога чалавека тэрмінова даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Нягледзячы на намаганні лекараў, у 1.20 канстатаваная яго смерць».

«Паводле папярэдніх высноў экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару — на целе памерлага не выяўленыя пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломы костак. Чакаецца заключэнне экспертнага даследавання на наяўнасць у крыві алкаголю, наркатычных і іншых рэчываў», — дадалі ў ведамстве.

У Змітра Усхопава засталася пяцігадовая дачка.

Каментары

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне18

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі гурт Intelligency выпусціў першы за два гады альбом. Раней хіт August прынёс ім сусветную вядомасць2

У Магілёве пасажырскі аўтобус урэзаўся ў слуп ВІДЭА1

Захворванні на кавід у Мінску за месяц знізіліся на 17 працэнтаў6

Чэргі з фур на выезд з Беларусі прыкметна скараціліся. Чаму так адбываецца?2

Мікрааўтобус жорстка сутыкнуўся з легкавіком у Брэсце, магчыма, ёсць пацярпелыя

Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам4

Беларус закінуў беларусу шайбу ў Канадзе ВІДЭА3

Элітная 155-я брыгада Ціхаакіянскага флоту Расіі страціла 80% складу пад Вуглядарам6

На Эверэсце знайшлі парэшткі альпініста, які знік 100 гадоў таму2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне18

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Галоўнае
Усе навіны →